Помнік Анастасіі КУПРЫЯНАВАЙ і яе сынам, якія загінулі ў час вайны.
23 чэрвеня 1944 года пачалася беларуская стратэгічная наступальная аперацыя «Баграціён». У летапісе Вялікай Айчыннай вайны яна займае асобнае месца. Па смеласці задумы і якасці падрыхтоўкі, па размаху і ваенна-палітычных выніках аперацыя стала адной з выдатнейшых бітваў Другой сусветнай вайны. Паражэнне групы нямецкіх армій «Цэнтр» у Беларусі ператварылася ў катастрофу для фашысцкай Германіі. Савецкія войскі разбілі больш чым мільённую групоўку нямецка-фашысцкіх войскаў, выгналі акупантаў з тэрыторыі нашай краіны, вызвалілі частку Прыбалтыкі, Польшчы і падышлі да меж Усходняй Прусіі. Былі створаны спрыяльныя ўмовы для нанясення завяршальных удараў па ворагу і канчатковага яго разгрому. Тысячы воінаў Чырвонай Арміі змагаліся за беларускую зямлю як за родны край. Больш за 1600 з іх былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.
Новыя відэаролікі раскажуць пра 17 дзён гэтай аперацыі і подзвіг канкрэтных людзей, якія ўжо ў 18—20 гадоў сталі Героямі Савецкага Саюза. Адлюстраваць падзеі 75-гадовай даўніны журналістам АТН дапамогуць рэдкія фотаздымкі, хранікальныя дакументы і асабістыя рэчы герояў з фондаў Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
У чэрвені 1944-га пачалася вызваленчая аперацыя «Баграціён».
Па словах аўтара праекта «17 імгненняў вайны» журналіста АТН Алены Борматавай, кожная серыя будзе складацца з дзвюх частак, якія змяшчаюць як зводкі Савінфармбюро аб вызваленых тэрыторыях у гэты дзень, так і асабістыя гісторыі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай. У роліках спецыяльна выкарыстоўвалі розныя закадравыя галасы: мужчынскі тэмбр — для агучвання афіцыйнай інфармацыі і жаночы кранальны — каб перадаць трапятлівасць перажыванняў за герояў.
У першым відэароліку будуць паказаны падзеі 21 чэрвеня 1944 года, за два дні да пачатку аперацыі «Баграціён». Спачатку гледачы пачуюць зводкі з франтоў і ўбачаць адпаведную графіку, а пасля пазнаёмяцца з лёсам знакамітага ўраджэнца Жодзіна Пятра Купрыянава.
Пётр Купрыянаў змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў партызанскай брыгадзе «Разгром» Мінскай вобласці, потым — у радах Чырвонай Арміі. Загінуў 18-гадовым у лістападзе 1944-га пры вызваленні Латвіі. Паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава, закрыўшы грудзьмі амбразуру варожага дзота. Пасмяротна яфрэйтару Пятру Купрыянаву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Пры стварэнні першага роліка здымачная група АТН пабывала ў Смалявіцкім раёне, дзе Пётр Купрыянаў, вяртаючыся з задання, разам з таварышамі-партызанамі выратаваў ад фашыстаў дзясяткі мірных жыхароў і збярог ад спалення некалькі вёсак. У кадры таксама з’явіцца манумент маці-патрыётцы, якая праводзіць сваіх дзяцей на фронт, устаноўлены ў Жодзіне. Правобразам для помніка-сімвала стала Анастасія Купрыянава — маці пяці сыноў, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Малодшы з іх — Пётр Купрыянаў. Яго фігура на пастаменце разам з братамі і маці.
У іншых серыях гледачы «Беларусь 1» падрабязней даведаюцца пра подзвіг 21-гадовага Героя Савецкага Саюза Барыса Акрэсціна, пра адзіны ў гісторыі вайны таран танкам бронецягніка і іншыя не менш захапляльныя гісторыі.
Прэм’ера цыкла міжпраграмных ролікаў «17 імгненняў вайны» адбудзецца 21 чэрвеня адразу пасля «Панарамы».
Ірына ЮР’ЕВА.