Святыя дзяды, завём вас: хадзіце да нас!

У дзень светлай памяці, у памінальную Змітраўскую суботу ўзгадайце імёны сваіх родных і блізкіх, знаёмых і суседзяў, сяброў і калег па працы — усіх тых, хто загінуў або сканаў без усялякіх звестак, усіх тых, за каго ніхто і ніколі не памоліцца, не вып’е чарку, не прыйдзе на паклон да магілы.

У дзень светлай памяці, у памінальную Змітраўскую суботу ўзгадайце імёны сваіх родных і блізкіх, знаёмых і суседзяў, сяброў і калег па працы — усіх тых, хто загінуў або сканаў без усялякіх звестак, усіх тых, за каго ніхто і ніколі не памоліцца, не вып’е чарку, не прыйдзе на паклон да магілы.

Дзмiтраўскiя Дзяды, якія сёлета мы будзем адначаць 7 лістапада, сфармiравалiся ў асяроддзi беларусаў у своеасаблiвы абрад ушанавання памерлых суродзiчаў. Этнаграфiчныя i фальклорныя крынiцы, экспедыцыйныя пошукi сучасных навукоўцаў паказваюць: згодна з традыцыйнымi ўяўленнямi, людзi вераць, што ў памінальны дзень душы продкаў апускаюцца на зямлю, каб даведацца, як жывуць iх нашчадкi, як яны клапоцяцца аб гаспадарцы i памнажэннi яе дастатку, як складаюцца сямейныя адносiны, цi не забываюць жывыя пра спрадвечныя звычаi.
Трэба заўважыць, што памiнальны характар свята патрабаваў строгасцi паводзiн, абавязковай паслядоўнасцi рытуальных дзеянняў i псiхалагiчнай стрыманасцi ў час яго правядзення.
Дзіўная рэч: у нашым календары ёсць два святы, з правядзеннем якіх спалучаецца абавязковае патрабаванне — усім быць за сямейным сталом. Адно з іх — Новы год (“Як сустрэнеш Новы год, так яго і правядзеш”: г. зн. калі ўсе збяруцца на пачатку года за святочны стол, то ўсе разам і пражывуць яго), другое — Восеньскія Дзяды.
Той, хто вымушаны па неадкладных справах быць у ад’ездзе, спяшаўся да вечара вярнуцца дадому. Дарослыя i дзецi iмкнулiся ўсюды навесцi парадак: вымяталi з двара смецце, вымывалi хату (прычым асаблiва старанна прыбiралi запечак i чырвоны кут), гатавалi шматлiкiя абрадавыя стравы, мылiся ў лазнi (казалi: “Трэба грэшнае цела абмыць, а потым i Дзяды адбыць”). Неабходна адзначыць адну вельмі важную акалічнасць. У кожнай хаце існавалі асноўныя сілавыя лініі, які вызначалі месца знаходжання чырвонага кута, печы, размяшчэння ложкаў і стала. Апошні ва ўсе святы звычайна ставілі ў напрамку ад чырвонага кута і да парога. І толькі адзін раз на год святочны стол паварочвалі і ставілі пад бэлькай, якая знаходзілася бліжэй да чырвонага кута. Чаму так? Справа ў тым, што якраз гэта бэлька была своеасаблівым Дрэвам Жыцця нашага Роду, скрыжалямі, на якіх быў занатаваны радавод на працягу апошніх ста гадоў. Як толькі ў сям’і паміраў чалавек, на гэтай бэльцы выразалі  (“упісвалі”) імя сканаўшага. За стагоддзе існавання хаты імёнаў набіралася шмат. І вось на пачатку жалобнай вечарыны з-за стала ўставаў старэйшы з прысутных і, гледзячы на бэльку, узгадваў імёны памерлых, запрашаючы іх за стол. Менавіта таму за гэтым памінальным сталом прысутныя садзіліся не шчыльна, як на радзінах (“каб у дзіцяці зубы шчыльна раслі”) ці на вяселлі (“каб маладыя ў згодзе жылі”), а наадварот, так, каб паміж імі было месца для запрошаных душ.
Памiнальны стол накрывалi з наступленнем цемры. Вячэра пачыналася доўгай малiтвай кагосьцi са старэйшых членаў сям’i. За стол садзiлiся без запрашэння, без лiшняй гаворкi, кожны на сваё звычайнае месца. Гаспадар запальваў свечку, ставiў яе на кут або на сярэдзiну стала i, перахрысцiўшыся, казаў: “Святыя дзяды, завём вас: хадзiце да нас! Ёсць тут усё, што Бог даў, чым толькi хата багата. Просiм вас: ляцiце да нас!” Затым налiваў чарку гарэлкi, памiнаў нябожчыкаў, жадаў прысутным дажыць да наступнага святкавання, вылiваў некалькi кропель на абрус i выпiваў. Абрадавая чарка часцей за ўсё была адна, таму ад гаспадара яна пераходзiла да гаспадынi i астатнiх дарослых.
Iснаваў строгi парадак падачы страў на стол, пры гэтым колькасць iх магла быць рознай (у залежнасцi ад сямейнага дастатку), але абавязкова няцотнай: 5—7—9—11 i да 15. Пачыналi звычайна памiнальным канонам або куццёй, потым ставiлi гарох з малаком, грыбны крупень, кiслую капусту, клёцкi, яечню, кашу ячную з маслам, блiны, верашчаку з каўбас i саланiны з падлiвай. Кожны з членаў сям’i абавязкова павiнен быў пакаштаваць усе стравы, каб продкi не пакрыўдзiлiся i не нарабiлi нiякай шкоды. Цiкава, што ў некаторых вёсках пасля кожнага каштавання лыжку неабходна было пакласцi на стол.
Вячэра праходзiла цiха, стрымана. Iмкнулiся добрым словам памянуць усiх памерлых родзiчаў, але з найбольшай павагай i гонарам гаварылi пра людзей знакамiтых.
Уставаць з-за стала трэба было ўсiм адначасова, бо верылi, што той, хто ўстане раней, можа хутка памерцi. Гаспадар заканчваў вячэру наступнымi словамi: “Святыя дзяды! Елi i пiлi, iдзiце да сябе”.
Як i на памiнках, стол пакiдалi непрыбраным, спадзявалiся, што пасля жывых ноччу падсiлкуюцца душы продкаў. Рэшткi страў назаўтра збiралi i аддавалi што старцам, што хатнiм жывёлам i птушкам, крошкi сыпалi на страху. Вядомы звесткi, што ў некаторых селiшчах рэшткi са стала кiдалi ў рэкi або азёры, у якiх патанулi блiзкiя цi родныя.
Разнастайнасць памiнальнага стала тлумачыцца жаданнем паказаць душам продкаў, што гаспадарка вядзецца добра, што справы ладзяцца. Увiшная гаспадыня iмкнулася парадаваць памерлых родзiчаў хлебам-соллю i падзякаваць iм за дапамогу. Нездарма казалі: “Закiнь наперад — ззаду знойдзеш”. Шанаванне продкаў багатым сталом мела на мэце заручыцца iх падтрымкай на будучыню.
Такiм чынам, старадаўняе беларускае свята Дзяды было вялікім сямейным святам, якое павінна было абудзіць нашу памяць, сфармiраваць самасвядомасць, праз аднаўленне радаводу ажывіць агульнанацыянальную гiсторыю, умацаваць каранi, якiя жывяць надзею на паляпшэнне жыцця, на шчаслiвую долю. 
Менавіта таму хочацца, каб хоць двойчы на год — на Радаўніцу і на Восеньскія Дзяды — кожны з нас сумесна са сваёй сям’ёй прыйшоў да сваіх каранёў, да вытокаў свайго роду і расказаў дзецям і ўнукам пра тое, што кожная вёска і кожны горад пачынаюцца перш за ўсё з нашага роду.
Вельмі хацелася б спадзявацца на тое, што мы ў рэшце рэшт усвядомім: Восеньскія Дзяды, як і веснавая Радаўніца, павінны стаць агульнанацыянальным святам, каб людзі маглі, як гэта было колькі гадоў таму, наведаць у гэты дзень могілкі, навесці там парадак, каб доўгі зімовы спачын продкаў быў ціхім і ўтульным. А нашы душы атрымлівалі станоўчае энергетычнае падсілкаванне, якое будзе ўсцешваць нас да новага вясновага абуджэння.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter