Напярэдаднi Раства Хрыстовага арцыбiскуп Юзаф Станеўскi, мiтрапалiт Мiнска‑Магiлёўскi, звярнуўся з пастырскiм пасланнем да вернiкаў Рымска‑каталiцкага касцёла Беларусi. У iм, у прыватнасцi, гаворыцца:
«...Пан Бог даў нам сэрца, каб падзялiцца iм, як аплаткай у вiгiлiю Божага Нараджэння. Ён хоча, каб ты быў сапраўдным бацькам, была сапраўднай мацi, сынам, дачкою. Бог жадае, каб вы стварылi святую сям’ю, падтрымлiвалi адно аднаго, каб кожны з нас быў чалавекам, на якога заўсёды можна разлiчваць, якому заўсёды можна давяраць».
Хрысцiянiн — сведка любовi Божай i павiнен дзялiцца гэтай любоўю. У пасланнi нагадваецца: «Бог стаў чалавекам, каб мы ўсвядомiлi i ўбачылi, наколькi кожны чалавек каштоўны i важны ў вачах Бога. Гэта святая ноч няспынна нагадвае нам, што самае важнае — гэта чалавек ва ўсёй праўдзе i велiчы сваёй чалавечнасцi i годнасцi».
Падкрэслiваецца: «Менавiта Хрыстус, калi толькi мы дазваляем Яму быць часткай нашага жыцця i дазваляем суправаджаць нас, гэта Ён чынiць так, што нават самая горшая сiтуацыя, якая здараецца ў нашым жыццi, не з’яўляецца канчатковай. Езус заўсёды паказвае нам прастору для развiцця i паказвае выйсце з бязвыхаднай, здавалася б, сiтуацыi».
Ставяцца пытаннi духоўнага самавызначэння: «Няхай кожная еўхарыстычная сустрэча з Панам, якi прыходзiць да нас, напоўнiцца Яго прысутнасцю i ажывiць нашу веру. Адкрыем Езусу свае сэрцы, каб Ён перамянiў iх, каб ачысцiў ад усяго таго, што не падабаецца Пану Богу, i зрабiў нас удзельнiкамi Яго абяцанняў».
У пасланнi гучыць пажаданне, каб у кожнага з нас адбылася духоўная перамена, i ўзгадваецца: «Добрая навiна Евангелля — гэта не толькi навiна аб Нараджэннi, гэта навiна аб тым, што з гэтага моманту пачаўся час, у якiм адбываецца збаўленне чалавецтва, час перамогi дабра над злом. Езус нараджаецца для чалавецтва, якое шукае свабоду i спакой. Ён нараджаецца для кожнага чалавека, змучанага грахом, якi чакае збаўлення i прагне надзеi».
Завяршаецца пастырскае пасланне сардэчным вiншаваннем, якое падмацоўваецца благаславеннем: «Жадаю, каб Божае Дзiцятка благаслаўляла вас i каб ваша жыццё было шчасцем для iншых, каб Святая Сям’я апекавалася вамi, каб Пан Езус адарыў усiх вас здароўем, спакоем i радасцю, каб вашы сэрцы заўсёды палалi Хрыстовай любоўю. Радуйцеся, бо нарадзiўся Збаўца свету».