Надыходзяць Каляды. Раней па старым стылі яны адзначаліся з 25 снежня па 7 студзеня. У наш час 25 снежня свята Раства Хрыстова, і Каляды святкуюць католікі. Згодна з даўняй традыцыяй, вечары гэтых двух тыдняў і сёння называюцца святымі. Продкі лічылі Каляды асноўным зімовым святам, успрымалі іх як нараджэнне Сонца, лічылі астранамічным пачаткам года.
Тэрмін «Каляды» паходзіць ад лацінскага слова calendae («календы»), што азначае «першы дзень месяца». Называлі Калядой і саму калядную куццю, і свята Раства Хрыстова. Цікава, калядой маглі называць каўбасу, сала, кумпякі, што гатаваліся да свята. У некаторых рэгіёнах і саму свінню таксама клікалі калядой.
Да свята рыхтаваліся загадзя: чысцілі жыллё і сядзібу, самі мыліся ў лазні. Адметнасць Каляд — тры куцці, якія ладзіліся ў знак ушанавання продкаў. Посная, багатая і вадзяная куцці — традыцыйная абрадавая ежа, якую гатавалі з цэльных зярнят. Абавязкова куццю ставілі на абрус, пад які клалі сена.
Першую куццю, посную, варылі ўвечары перад святам Раства. Само святкаванне пачыналася назаўтра. На святочную вячэру пяклі бліны, варылі верашчаку са свініны і елі іншыя стравы з гэтага мяса, якія лічыліся сімвалам урадлівасці.
Увечары перад Новым годам (зараз мы называем яго старым) спраўлялі другую куццю — багатую, ці шчодрую. Трэцюю адзначалі перад Вадохрышчам. На куццю, асабліва першую, гаспадар з гаршком кашы тры разы абыходзіў хату звонку. Цікавая дэталь: калі куццю пачыналі есці, муж з жонкай выходзілі на двор і клікалі на вячэру мароз, звярталіся да яго з просьбамі не вымарожваць азімыя: «Мароз, мароз! Хадзі куццю есці!»
Са святам Каляд звязана мноства прымет і звычаяў, у якіх шмат увагі надавалася будучаму ўраджаю, лёсу чалавека. Вось некаторыя з іх: з-пад абруса, дзе стаяла куцця, выцягвалі саломінку і па ёй глядзелі, якім будзе ўраджай ільну. Каб зберагчы гаспадарку ад нячыстай сілы, на Каляды гаспадар мелам ставіў крыжы на дзвярах дома і хлява. У некаторых рэгіёнах малявалі кароў, качак, каня.
Дзяўчаты на Святкі варажылі на суджанага, а людзі сталага ўзросту — на ўраджай і прыплод свойскай жывёлы.
Па вёсках хадзілі калядоўшчыкі з песнямі і пажаданнямі дабра гаспадарам. Дарэчы, раней у калядаваннях удзельнічалі адны мужчыны. Яны пераапраналіся ў розных жывёл і птушак — мядзведзя, кабылу, жураўля. Маскі калядных персанажаў увасаблялі вышэйшыя сілы. Асаблівая ўвага надавалася вобразу казы, якая сімвалізавала дух ураджаю. На думку некаторых вучоных, менавіта каза (казёл) — увасабленне нейкай міфічнай істоты.
За свае віншаванні і пажаданні калядоўшчыкі атрымлівалі ад гаспадароў дома пачастункі: каўбасу, сыр, сала. Лічылася, што адмовіць гасцям у падарунках — значыць наслаць на сваю сям’ю голад і нястачу.
На калядны перыяд прыпыняліся ўсе гаспадарчыя справы. Інакш можна наклікаць бяду: «Ці карова прападзе, ці парася загіне».
НАРОДНЫЯ ПРЫМЕТЫ
Калі на небе на Каляды шмат зорак, можна спадзявацца на вялікі прыплод жывёлы і ўраджай грыбоў.
Іней на дрэвах — да багатага ўраджаю садавіны.
kuzmich@sb.by