Выстава Вячкі Целеша, старшыні Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі, з поспехам прайшла на яго радзіме ў Ваўкавыску
Ён шырока вядомы па ўсім свеце: творы Вячкі (Вячаслава) Целеша, ураджэнца пасёлка Краснасельскі на Гродзеншчыне, экспанаваліся ў Мінску і Рызе, Вільнюсе і Таліне, гарадах Расіі і Канады, Кітая і ЗША, Чэхіі і Італіі, Румыніі і Турцыі... Выстаўляўся мастак і асобна, і на супольных выставах Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Гонар маю”, старшынёй якога з’яўляецца. А ў Ваўкавыску раней выстаў Вячкі Целеша не было, хаця горад гэты яму блізкі: у 1959–1960 гадах далучаўся да Прыгожага якраз у мастацкай студыі Ваўкавыскага раённага Дома культуры.
Сёлетнім жніўнем доўгачаканая творчая сустрэча з землякамі, нарэшце, адбылася: выстава “Датыкненні часу” прайшла ў мясцовым музеі арганізавана і сардэчна. Пра тое, дарэчы, пісала ў ваўкавыскай раёнцы Святлана Кухарава. У артыкуле “Выстава знакамітага земляка: Ведай нашых!” ёсць радкі: “З карцін на выставе прадстаўлены і нацюрморты, і пейзажы, і партрэты, выкананыя як у Беларусі, так і ў Латвіі. Яны вельмі добрыя. На іх хочацца глядзець яшчэ і яшчэ. Што характэрна: большасць жыхароў раёна, разглядваючы палотны, пазнаюць тую або іншую выяву, месца. Або аблічча, бо на партрэтах прадстаўлены нашы землякі”.
Пасля выставы Вячка Целеш па дарозе з Ваўкавыска ў Рыгу пабываў у Мінску, разам з латышскай спадарожніцай жыцця Інгрыдай зайшоў у рэдакцыю “Голасу Радзімы”: з нашай газетай яго звязвае даўняя дружба.
— Багата твораў удалося прывезці на выставу ў Ваўкавыск? — пытаюся для пачатку гаворкі.
— Не вельмі. Ехаў жа я не машынай, а цягніком. Таму браў пераважна творы графічныя. Многае пазычыў у мясцовых музеях, сабраў у знаёмых, сяброў, сваякоў у Краснасельскім.
— Раскажыце крыху пра сваю малую радзіму, пра свой жыццёвы шлях. Як сталася, што вы адначасова і ў Саюзе мастакоў Латвіі, і Саюзе мастакоў Беларусі, да таго ж яшчэ ўзначальваеце аб’яднанне “Гонар маю”?
— Як вы, відаць, ведаеце, цяперашні гарадскі пасёлак Краснасельскі вырас з вёскі Краснае Сяло, калі з’явіўся цэментны завод-гігант. У вёсцы я нарадзіўся ў 1938 годзе. У школе захапіўся маляваннем, але юнацкая мара стаць мастаком здзейснілася не адразу. Закончыў школу, спачатку працаваў рабочым на цэментным заводзе, потым, пераехаўшы ў Рыгу, стаў матросам. І толькі ў 1970-м паступіў на педагагічнае аддзяленне Латвійскай акадэміі мастацтваў. Адначасова ўзмацняліся сувязі з мастакамі Беларусі. Імкнуўся сінтэзаваць народныя традыцыі і сучасныя мастацкія павевы ў суседніх краінах.
— А мастакоў Балтыі як вам удалося аб’яднаць?
— Да згуртавання “Гонар маю” мы ішлі паступова. Спачатку заснавалі ў Рызе Таварыства беларускай культуры “Світанак”, дзе я і цяпер — намеснік старшыні, а таксама дзіцячую мастацкую студыю “Вясёлка”. Узначаліў у Рызе спярша нядзельную, а потым звычайную, дзяржаўную беларускую школу. Потым узнікла неабходнасць перадаць яе ў рукі педагога-спецыяліста Ганны Іванэ. Гэта, дарэчы, тая самая школа, якой нядаўна ўручылі ад імя Прэзідэнта Беларусі аўтобус, мэблю, іншае абсталяванне. Вядома, у Рызе, Вільнюсе, Таліне сустракаўся са сваімі калегамі. Рашылі аб’яднацца. Да нас далучыліся мастакі Пецярбурга, Калінінграда, Гданьска. Ёсць кантакты са скандынаўскімі краінамі.
— Ведаю вас як заядлага калекцыянера-філакартыста. Ваша калекцыя беларускіх паштовак доўгі час лічылася самай багатай у свеце. Што новага на гэтай ніве?
— У Мінск я якраз заехаў, каб у выдавецтва “Беларусь” перадаць дапаўненні да чацвёртага выдання сваёй кніжкі “Гарады Беларусі на старых паштоўках”. Ёсць гэтаму выданню і латышскі аналаг — “Рыга на старых паштоўках”.
— А што яшчэ знаходзіцца, як кажуць, на варштаце?
— З узростам усё больш задумваюся над сваім месцам у прасторы і часе, рыхтую працу пра род Целешаў у свеце. Сёння яны раскіданы па розных краінах. Празаік, публіцыст і перакладчык Мікола Целеш (Цэлеш) выдаваўся ў даваенным Мінску, а потым жыў у ЗША. Прозвішча дзяржынскага Целеша я часта сустракаю ў “Голасе Радзімы”, пад артыкуламі і крыжаванкамі. І гэтак далей.
— Ну, то спору ў працы. Пішыце нам!
Да сказанага вышэй трэба дадаць, што за сваю мастацкую і грамадскую дзейнасць, накіраваную на збліжэнне двух суседніх народаў, Вячка Целеш у 2006 годзе быў ушанаваны вышэйшай узнагародай Латвійскай Рэспублікі — Ордэнам Трох Зорак.
Адам Мальдзіс
Светлыя колеры роднай зямлі
Выстава Вячкі Целеша, старшыні Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі, з поспехам прайшла на яго радзіме ў ВаўкавыскуЁн шырока вядомы па ўсім свеце: творы Вячкі (Вячаслава) Целеша, ураджэнца пасёлка Краснасельскі на Гродзеншчыне, экспанаваліся ў Мінску і Рызе, Вільнюсе і Таліне, гарадах Расіі і Канады, Кітая і ЗША, Чэхіі і Італіі, Румыніі і Турцыі... Выстаўляўся мастак і асобна, і на супольных выставах Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Гонар маю”, старшынёй якога з’яўляецца. А ў Ваўкавыску раней выстаў Вячкі Целеша не было, хаця горад гэты яму блізкі: у 1959–1960 гадах далучаўся да Прыгожага якраз у мастацкай студыі Ваўкавыскага раённага Дома культуры.