Редкие иконы хранятся в Музее древнебелорусской культуры

Сведкі вечнасці

Унікальная выстава “Сведкі вечнасці” праходзіць у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Наведвальнікам дэманструюцца 30 твораў сакральнага жывапісу з фондаў Музея старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, якія даюць уяўленне пра асаблівасці развіцця іканапісу на беларускіх землях у XVIІІ—ХІХ стагоддзях. Творы прывабліваюць разнастайнасцю сюжэтаў і вобразаў. Разам з ананімнымі работамі экспануюцца і ўнікальныя падпісаныя абразы, створаныя Бенедыктам Паўлоўскім у 1779 годзе і Іосіфам Камінскім у 1836 годзе.


Варта адзначыць, што Музей старажытнабеларускай культуры з’яўляецца сапраўднай скарбніцай рэдкіх ікон. Многія з іх знойдзены падчас экспедыцый супрацоўнікаў Акадэміі навук па беларускіх мястэчках некалькі дзесяцігоддзяў таму. Да прыкладу, тут захоўваюцца “Маці Божая Адзігітрыя Бялыніцкая” сярэдзіны XVII стагоддзя, “Мадонна з дзіцём у вянку” канца XVII стагоддзя, “Хрышчэнне ў Іардане” першай чвэрці XIX стагоддзя.

Унікальны твор “Пакланенне Трох каралёў” — самы ранні з вядомых алтарных абразоў на Беларусі. Мяркуецца, што яго напісаў нямецкі мастак у 1514 годзе спецыяльна для касцёла ў Дрысвятах Браслаўскага раёна. У цэнтры іконы — барадаты Язэп і нябеснай прыгажосці Маці Божая, якая трымае маленькага Езуса. А асноўную частку пярэдняга плана займаюць постаці Трох каралёў, якія, кіруючыся святлом Бэтлеемскай зоркі, прыйшлі пакланіцца немаўляці. Постаці і прадметы вакол іх паказаны з максімальнай фактурнай, колеравай, матэрыяльнай праўдзівасцю. “Адраджэнне стварыла такі тып рэлігійнай карціны, які наблізіў падзеі свяшчэннай гісторыі да свету знаёмых і блізкіх чалавеку рэчаў, краявідаў, напаўняючы свет гэтых прадметаў новым узвышаным зместам, напаўняючы Боскасцю зямное жыццё”, — піша мастацтвазнаўца Аляксей Хадыка.


Фото dryswiaty.of.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter