Сёння гэта карціна наводзiць на роздум. Фрагменты заснежаных сцен, фасадная частка з вобразам Дзевы Марыі і надпісам, які, на жаль, поўнасцю ўжо не чытаецца, крыж на франтоне. Там побач нават ёсць могілкі, дзе спачываюць прадстаўнікі шэрагу мясцовых шляхецкіх родаў. Старыя муры касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, што знаходзiцца ў аграгарадку Зембін Барысаўскага раёна, чакаюць свайго часу кансервацыi i рэстаўрацыi. На месцы пабывала карэспандэнт «Рэспублікі».
Ад Жэмбіна да Зембіна…
Сучасны аграгарадок — адно з найстарэйшых паселішчаў Барысаўшчыны. Першая згадка пра яго ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1526 года. Сярэднявечныя картографы пісалі слова «Жембін» на карце Рэчы Паспалітай яшчэ ў XVI стагоддзі. Не лічачы свайго заснавальніка — міфічнага князя Жабы, Зембін на працягу стагоддзяў належаў знакамітым магнацкім родам. Радзівілы, Кішкі і Саковічы, Патоцкія і Война-Ясенецкія, Храптовічы — гэта зусім няпоўны пералік прозвішчаў, якія пакінулі след у гісторыі паселішча.
Чаго толькi не давялося перажыць мястэчку з яго найцікавейшымі архітэктурнымі помнікамі. Калі б было рэальна іх узнавіць, упэўнена, сённяшні Зембін з насельніцтвам 600 жыхароў заззяў бы новымі колерамі, ператварыўся ў яркую турыстычную кропку на маршруце падарожнікаў і гасцей краіны. Справа ў тым, што тут пэўны час мірна ўжываліся праваслаўныя, каталікі і іўдзеі. I ўсім хапала месца. Для людзей розных веравызнанняў дзейнічалі тры святыні: Свята-Міхайлаўская царква, якая адноўлена ў нашы дні, сінагога (і, кажуць, нават не адна) і каталiцкi касцёл. Але напаткаў гэтыя будынкі, як і людзей, што прыходзiлi ў iх пагаварыць з Богам, трагічны лёс. Яўрэйства было старанна знішчана немцамі падчас Вялiкай Айчыннай вайны. Засталіся ўспамiнам аб iх могілкі і стары будынак іўдзейскай міквы. І, на вялікі жаль, неверагодная колькасць пакут выпала на лёс дамініканскага касцёла.
Мы яго губляем?
Гісторыю гэтага гісторыка-культурнага аб’екта, які зараз па дакументах з’яўляецца астанкамi былога дамініканскага касцёла другой катэгорыі, шчаслівай не назавешь. Спачатку ён быў драўляным: у 1640 годзе Адам Мацей Саковіч з жонкай Марыяй заснавалі тут дамініканскі манастыр з бібліятэкай і школай. У 1790 годзе драўляны касцёл згарэў, і толькі праз 20 гадоў (у 1809-м) на яго месцы ўзведзены новы цагляны будынак.
Шмат было страшнага, крывавага. Войны 1812 года, Першая i Другая сусветныя, розныя набегі, закрыццё кляштара ў 1833 годзе і самога касцёла ў 1933-м... Цікава, што ў гады Вялiкай Айчыннай вайны касцёл атрымаў нязначныя пашкоджанні, а ў мірны час сербануў ліха. Да 1980-х гадоў будынак былога касцёла выкарыстоўваўся як збожжасховішча і склад хімікатаў. Калі ж наогул абваліўся дах, будынак паступова пачаў ператварацца ў руіну.
На фундаменце і сценах бачым шматлікія расколіны.
Іна Сайчык, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Барысаўскага выканкама, адзначае:
— Наш зембінскі касцёл, як гісторыка-культурная каштоў-насць рэспубліканскага ўзроўню, сёння агароджаны. Яны маюць ахоўную дошку і тэхнічны пашпарт. Уласнік – Зембінскі сельскі выканаўчы камітэт – ажыццяўляе пастаянны догляд, каб забяспечыць належны санітарны стан аб’екта. За кошт уласных сродкаў Барысаўскага райвыканкама на гэты год запланавана праектаванне зон аховы аб’екта. Мы вялі перапіску з Мінкультуры, праектным філіялам ААТ «Белрэстаўрацыя» і ГА «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» па пытаннях навуковага даследавання і распрацоўкі праектнай дакументацыі на правя-дзенне супрацьаварыйных работ і кансервацыю. Аднак, калі даведаліся, колькі гэта каштуе, справа прыпынілася. Уявіце, на старыя недэнамінава-ныя грошы каля 800 мільёнаў рублёў. Сёння ў сувязі з адсутнасцю фінансавання правядзенне тэхнічнага абследавання руін адкладзена.
Над статуяй Дзевы Марыі і вакол крыжа сёння буслянка... «Значыць, нездарма так ахвотна белыя птушкі штогод тут гняздуюцца», — кажуць мясцовыя жыхары с надзеяй на адраджэнне касцёла. Атмасфера ў Зембіне светлая, нягледзячы на песімізм спецыялістаў, якія даследуюць аб’ект рэлігійнай культуры. Ну так, Зембін старыцца, супольнасць каталікоў невялікая. У руінах касцёла з-за расколін (на сценах, у фундаменце і інш.) праблемна нават ажыццявіць кансервацыю сучаснымі будаўнічымі матэрыяламі. Гэта можа нанесці помніку страты яшчэ большыя. Прагматыкі лічаць, што прасцей і танней было б пабудаваць новы касцёл. А па законе помнiк гiсторыка-культурнай спадчыны спецыяльна руйнаваць нельга. Заходнія навукоўцы і рэстаўратары наогул раяць не чапаць гэты апошні помнік архітэктуры позняга барока ў краіне.
Эх, дзе дастаць тыя самыя нікчэмныя грашовыя знакі дзеля сапраўды каштоўнага? Марыя з зембінскага касцёла моўчкі глядзіць на нас, сучасных, са сціплай усмешкай.
Райвыканкам i жадаў бы выратаваць унікальны аб`ект, якi з’яўляецца апошнім культавым збудаваннем барока, узведзеным у эпоху класіцызму, але знайсцi грошы не так проста. Можа, iх хопiць на рэстаўрацыю i кансервацыю?
shimuk@sb.by