Якія імпрэзы чакаюць гасцей на фестывалі ў Маладзечне

Спявай, горад!

ХVIII Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі пройдзе ў Маладзечне 8-га і 9 чэрвеня. Асноўныя мерапрыемствы сёлетняга музычна-паэтычнага свята прымеркаваны да аб’яўленага ў краіне Года малой радзімы.


Новыя імёны

Галоўная інтрыга і традыцыйная падзея фестываля — заключны, трэці этап конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, які праходзіць у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга. Гледачы стануць сведкамі нараджэння новых імёнаў на беларускім песенным небасхіле. Гэтае музычнае відовішча заўсёды яркае і хвалюючае.

У вакальным спаборніцтве ўдзельнічаюць пачынаючыя артысты з усіх абласцей краіны і Мінска. За лаўрэацкія званні паспрачаецца 21 спявак — па тры прэтэндэнты ад кожнага рэгіёна. Пераможцаў чакаюць Гран-пры — прыз імя Уладзіміра Мулявіна і тры прэміі. Хто іх атрымае сёлета? 

Парад шлягераў

Гвозд сёлетняй афішы — прэм’ерная канцэртная праграма «Мелодыя лёсу», прысвечаная 80-годдзю народнага артыста СССР і Беларусі Ігара Лучанка. Яна прагучыць на галоўнай сцэне — у Амфітэатры падчас адкрыцця фэсту. Творы вядомага кампазітара выканаюць музыканты і спевакі Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга. 

Ігар Лучанок — аўтар шматлікіх акадэмічных сачыненняў для хору, аркестра, фартэпіяна, але менавіта песня — галоўная ў яго творчасці, яго знакамітыя «Спадчына» і «Мой родны кут», напісаныя на словы Янкі Купалы і Якуба Коласа, сталі, па сутнасці, нацыянальнымі гімнамі.

«Памяць сэрца», «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Алеся», «Вераніка», «Майскі вальс», «Верасы», «Зачарованая», «Полька беларуская»... Гэтыя і многія іншыя песні Ігара Лучанка (усяго ён — аўтар больш за 400 песень!) — па праве называюць класікай жанру, яны вядомыя, папулярныя і любімыя ўжо доўгія гады.

Фестываль у Маладзечне — свята роднага слова і беларускай песні.
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА

Хто такі доктар Раус?

Прыемная навіна для тэатралаў. У Маладзечна едуць артысты Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Пакажуць спектакль «Кар’ера доктара Рауса» — адзін з лепшых, якія зараз можна пабачыць у Мінску. «Гістарычна недакладную трагікамедыю» па п’есе Віктара Марціновіча паставіў рэжысёр Аляксандр Гарцуеў. 

Хто такі доктар Раус? Францыск Скарына. А «Кар’ера доктара Рауса» — гэта гісторыя чалавека, якi нарадзiўся значна раней сваёй эпохi. 

Мінскі абласны драматычны тэатр удзельнічае ў фестывалі са спектаклем «Вечар» — лірычнай меладрамай па п’есе Аляксея Дударава. Наш вядомы драматург напісаў яе яшчэ на пачатку 1980-х, але праблема неперспектыўных, паміраючых вёсак з таго часу не стала менш актуальнай. Спектакль «Вечар» — гэта шчырая да душэўнага болю гісторыя трох жыхароў такой вёсачкі, напамін пра тое, што мы незваротна губляем, пра малыя радзімы, якіх больш няма.

Вачамі майстроў пэндзля

Паглядзець на нашы краявіды вачамі мастакоў свету можна на вернісажы ўдзельнікаў міжнароднага пленэра «Святасць зямлі беларускай». З 30 мая майстры пэндзля з пяці краін — Беларусі, Расіі, Украіны, Румыніі і Малдовы працуюць на Міншчыне ў вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна. 19 чэрвеня свой творчы плён яны прадставяць у Мінску. Але першымі ўбачыць новыя творы змогуць жыхары і госці фестывальнага Маладзечна.

Яшчэ адзін цікавы і сімвалічны ў Год малой радзімы мастацкі праект — выстава графікі «Меер Аксельрод. Вяртанне дадому». Меер Аксельрод — майстар станковай графікі, жывапісу, мастак тэатра. Нарадзіўся ў Маладзечне, з 1918 года жыў у Мінску, з 1921-га — у Маскве, там ён і пахаваны ў 1970-м.

Для Маладзечна гэты мастак — як Марк Шагал для Віцебска. Некалькі дзясяткаў работ майстра на яго радзіму з-за мяжы прывязе ўнук мастака.

Тэрыторыя творчасці

Два дзясяткі беларускіх пісь­меннікаў, пераважна паэтаў і песен­нікаў, прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны, прыбудуць на фестываль у Маладзечна. Яны прымуць удзел у музычна-паэтычным свяце «Малая радзіма — пачатак мой і выток». Падчас імпрэзы аматары літататуры змогуць далучыцца да чароўнага свету паэзіі, сустрэцца і пазнаёміцца з сучаснымі беларускімі аўтарамі, пачуць у іх выкананні лепшыя творы. 

На сустрэчу гледачоў запросіць і зоркавая госця сёлетняга фестывалю, удзельніца праекта «Асобы эпохі» — народная артыстка Беларусі Наталля Гайда. На сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра яна дасягнула поспеху, вядомасці і прызнання, стала легендарнай прымай і сімвалам нашай аперэты. 

Зоркі сышліся

На працягу фестывальных дзён у горадзе разгорнуцца экспазіцыя твораў народных майстроў і ўмельцаў, выстава-продаж бела­рускіх пачастункаў, гульнёва-забаўляльныя пляцоўкі. Адбудуцца канцэрты прафесійных і самадзейных выканаўцаў і калектываў, прагучыць музыка эстрадная, акадэмічная, народная, джаз. Яркім абяцае быць гала-канцэрт закрыцця фестывалю? У Маладзечне чакаюць Ядзвігу Паплаўскую, Аляксандра Саладуху, Ірыну Дарафееву, Алёну Ланскую, Іну Афанасьеву, Віталя Карпанава з «Драздамі», Аляксея Хлястова, Сашу Нэма.

Абавязкова прыязджайце і вы — тут будзе каго паслухаць і на што паглядзець.

КАМПЕТЭНТНА

Віктар СІРЭНКА, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама:

— Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне адбудзецца сёлета ў 18-ты раз. За гады існавання ён стаў яркай і чаканай падзеяй у культурным жыцці краіны. Працягваючы свае добрыя традыцыі, фестываль нагадвае нам лепшыя старонкі нацыянальнай музычнай і паэтычнай спадчыны, адкрывае новыя імёны сучасных кампазітараў, пісьменнікаў і спевакоў. 

Правядзеннне такога свята служыць справе захавання і развіцця самасвядомасці нашага народа. Падчас яго гучаць беларуская мова, нацыянальныя музыка, песні, вершы, што пацвярджае: мы жывём, працуем у незалежнай, прыгожай, квітнеючай краіне, памятаем пра свае карані і імкнёмся да ўзбагачэння нашай духоўнай спадчыны. 

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter