Сустрэліся з Кацярынай Мізерыяй, ураджэнкай Брэста, маладой паэтэсай, рэдактарам, лаўрэатам прэміі імя Міколы Мятліцкага. Яна скончыла сярэднюю школу № 8 г. Кобрына, потым — філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. Удзельнічала ў шэрагу раённых, абласных, рэспубліканскіх конкурсаў. Друкавалася ў газетах «Кобрынскі веснік», «Зара», «Літаратура і мастацтва», часопісах «Маладосць», «Астрамечаўскі летапіс», у калектыўным зборніку «Берасцейская скарбніца».
— Калі ўпершыню адчулі дотык паэзіі і пачалі пісаць вершы?
— Здаецца, нейкая магічная сіла звязвала мяне з вершаваным словам з самага маленства. Па словах бацькоў (сама гэтага не памятаю), я, ледзь навучыўшыся гаварыць, ужо «чытала» кнігі, у асноўным з вершыкамі, — расказвала на памяць усе творы, у патрэбным месцы перагортваючы старонку. Дасканала ведала вершы Самуіла Маршака, Агніі Барто, Карнея Чукоўскага. Ды і сама вельмі рана пачала рыфмаваць. Гэта былі смешныя двух-, чатырохрадкоўі, часцей без асаблівага сэнсу. Але сур'ёзна ўзяцца за пяро змагла толькі ў пятым класе, падчас выканання дамашняга задання па рускай літаратуры. З таго часу пішу. Погляды на многія рэчы змяніліся, адбыліся вельмі важныя падзеі. Нязменнай застаецца толькі любоў да паэзіі.
— Якія тэмы закранаеце ў творчасці?
— Творчы шлях пачынала з грамадзянскай лірыкі. Гэта былі ўзнёслыя вершы пра Бацькаўшчыну, родныя мясціны, мову. Потым пачалі з'яўляцца больш філасофскія ноткі: прызначэнне чалавека на Зямлі, сэнс жыцця, вера, надзея, любоў. Не магу не закранаць і тэму паэта і паэзіі, судакранання чалавека з чарадзейнай сілай слова.
— Пішаце выключна на беларускай мове?
— Так, хоць пачынала з рускамоўных вершаў. Для мяне родная мова — мова-малітва, мова маёй ціхай гутаркі з Музай, мова натхнення — аднаго з галоўных падарункаў Усявышняга.
— Як ставіцеся да крытыкі?
— Па-рознаму. Гледзячы, у якой форме і ад каго гучыць. Калі чую адмоўны водгук на верш, але ўсё сказана з павагай да мяне як асобы, абавязкова прыслухаюся, асабліва калі гэты чалавек мае прафесійнае дачыненне да мовы ці літаратуры. Але калі чую абразу, словы такой крытыкі аўтаматычна становяцца для мяне пылам — проста не звяртаю ўвагі.
— Хто і чаму часцей за ўсё бывае першым чытачом вашых новых вершаў?
— І зноў успамінаю дзяцінства. Тады іх хацелася чытаць фактычна ўсім, хацелася пахваліцца. Вельмі важным было (і, дарэчы, застаецца) меркаванне педагогаў, асабліва настаўніцы беларускай мовы і літаратуры. Цяпер да гэтага стаўлюся значна спакайней, не так эмацыянальна. Напісанае адкладваю на нейкі час, на месяц ці два, потым зноў перачытваю, нешта падпраўляю… І толькі калі поўнасцю ўпэўнюся ў высокай якасці твора, магу чытаць (і то не ўсё) на публіцы.
— Месца сілы і натхнення для вас — гэта…
— Натхненне — госць непрадказальны, прыходзіць тады, калі яго зусім не чакаеш. Часта выбіраю ідэі для вершаў з думак іншых людзей. У школе гэта часцей за ўсё былі мае настаўнікі, на родным філфаку — любімыя выкладчыкі, нешта бяру ад сябровак, нешта — з кніг ці кінафільмаў. Асаблівага месца, дзе пішуцца вершы, напэўна, не назаву. Ёсць асаблівыя людзі.
Брэсцкая крэпасць-герой — месца, адкуль ніколі не вярталася без верша. Бываю там не так часта, як хацелася б, але, прыходзячы на месца бессмяротнага подзвігу продкаў, адчуваю ні з чым не параўнальны спакой, яднанне з унутраным «я» і проста слухаю цішыню. І далёка не заўсёды вершы, народжаныя на свяшчэннай зямлі, прысвечаны крывавай старонцы нашай гісторыі. Магу пісаць пра што заўгодна, галоўнае, каб у цішыні.
— Вы неаднойчы станавіліся лаўрэатам сур'ёзных літаратурных конкурсаў. Знаходзілі іх самі?
— У школе настаўнікі раілі, дзе паўдзельнічаць. Гэта былі конкурсы і ад Саюза пісьменнікаў, і пры падтрымцы БРСМ, і ад Кобрынскага раённага аддзела адукацыі. Ва ўніверсітэце таксама ўсё атрымлівалася неяк само сабой: выкладчыкі знайшлі, прапанавалі (на філалагічным факультэце заўсёды вельмі шмат актыўных, таленавітых студэнтаў). Некаторыя конкурсы ў маім жыцці з'яўляюцца ўжо дзякуючы непасрэднаму супрацоўніцтву з Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Напрыклад, з Міжнародным фестывалем-конкурсам паэзіі і паэтычных перакладаў «Берагі дружбы» мяне пазнаёміла старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч.
— Як уплывае ўдзел у літаратурных спаборніцтвах на творчае станаўленне?
— Гэта бясцэнны вопыт, магчымасць удасканальваць навыкі. Перамогі даюць упэўненасць у тым, што я на правільным шляху, трэба ісці далей.
— На філфаку ва ўсе часы здабывалі новыя веды і знаходзілі аднадумцаў таленавітыя юнакі і дзяўчаты. Чым адметныя вашы гады навучання ў БрДУ імя А. С. Пушкіна?
— Студэнцтва было вельмі яркім: шмат конкурсаў рознага ўзроўню, канцэртаў, канферэнцый. Старалася ўдзельнічаць усюды, таму што прыйшла на філалагічны факультэт за марай. І прысвячала сябе цалкам любімай справе, амаль кожную вольную хвіліну.
Філфак — вялікая дружная сям'я. І цяпер, працуючы ва ўніверсітэце рэдактарам рэдакцыйна-выдавецкага аддзела, нярэдка заходжу на свой факультэт — проста каб надыхацца родным паветрам, сустрэцца з любімымі выкладчыкамі і адчуць сябе птушаняткам, якое зноў і зноў вяртаецца ў мілае сэрцу гняздзечка. І мяне там заўсёды чакаюць…
— Якім атрымалася ваша размеркаванне? Ці супалі пажаданні з рэальнасцю?
— Як і большасць студэнтаў-філолагаў, з першага курса маральна рыхтавалася да адпрацоўкі ў школе. Было невядома, як складзецца жыццё, але што першыя два гады пасля ўніверсітэта буду выкладаць у школе, ведала напэўна. Аднак лёс вырашыў інакш, дакладней, кіраўніцтва альма-матар. Цяпер працую рэдактарам рэдактарскага сектара рэдакцыйна-выдавецкага аддзела ў роднай ВНУ, і мне гэта па душы. Падабаецца працаваць з тэкстам, знаёміцца з новай інфармацыяй (рэдактар у ВНУ — спецыяліст шматпрофільны, бо трэба вычытваць тэксты з розных галін навукі: ад роднай філалогіі да зусім далёкіх для мяне хіміі і біялогіі). Але разумею, што на гэтым нельга спыняцца. Ідэя звязаць жыццё з педагогікай усё яшчэ не адпускае. Таму, калі давядзецца «сеять разумное, доброе, вечное», з вялікім задавальненнем пайду перадаваць веды юнаму пакаленню.
— А як справы на паэтычным фронце?
— Пішу, таму што без радка ўжо не ўяўляю жыцця. Патрэба пісаць як патрэба дыхаць. А ці зможа чалавек жыць не дыхаючы? Ніколі.
— Прыгадайце, калі ласка, некалькі ўласных радкоў, якія найбольш удала адлюстроўваюць ваш настрой зараз.
— Прыгадаю радкі, якія адлюстроўваюць не столькі сённяшні настрой, колькі маю агульную жыццёвую пазіцыю:
Я прабачэння не прашу
За тое, што жыву на свеце.
Як дзіўны скарб, у душы нашу
Я мару, што мне сонцам свеціць.
За тое, што смяюся я,
Я не прашу мяне прабачыць...
З нябёсаў зорачка мая
Са мной удвух смяецца, плача…
— Калі б мелі магчымасць літаральна зараз апынуцца ў любым месцы, якая б кропка на карце гэта была?
— Браслаўскія азёры. Гэту прыгажосць бачыла толькі на фотаздымках, а хочацца ўжывую дакрануцца да казкі.
— У чым шчасце Кацярыны Мізерыі?
— Стараюся быць аптымістам.
На маю думку, шчасце заключаецца ў дробязях. Прачнуцца раніцай, выпіць кубачак гарбаты ў цішыні, потым выйсці на вуліцу, нетаропка прайсціся, адчуваючы, як вецер гуляе з незаплеценымі валасамі.Сапраўднае шчасце творчага чалавека — нараджэнне твора. Калі ты бачыш перад сабой аркуш паперы, дзе, як у люстэрку, адбіваецца твая душа, міжволі прачынаецца гонар. Як маці ганарыцца поспехамі дзіцяці, так аўтар ганарыцца новым творам.
— Не кожны можа пра задуманае ўслых. А вы?
— Стараюся нічога не планаваць, асабліва на далёкую перспектыву. Я дакладна не ведаю, што будзе заўтра. Што ўжо гаварыць пра наступны месяц, год, дзесяць гадоў? Адно магу сказаць: я хачу прыносіць карысць грамадству. Працаваць і ведаць, што намаганні не праходзяць дарма, што заўтра за маю дзейнасць нехта скажа дзякуй. Хачу, каб тое, што раблю, было патрэбна не мне адной.
rovdo@sb.by
Фота з асабістага архіва гераіні