В Заславле пройдет благотворительный художественный пленэр

Спас у фарбах

Спаса-Праабражэнскі сабор у Заслаўі з'яўляецца адным з самых выразных помнікаў абаронна-культавай архітэктуры Рэнесансу на тэрыторыі нашай краіны. Пабудаваны ў 1570-х гадах, сёння ён прыцягвае і натхняе і вернікаў, і турыстаў, і мастакоў... Нездарма тут праходзіць Міжнародны мастацкі пленэр «Заслаўскі Спас». Сёлета ён адбудзецца 18—19 жніўня, стане часткай храмавага свята Праабражэння Гасподняга і будзе насіць дабрачынны характар.


Традыцыйна пленэр збірае як прафесіяналаў, так і аматараў розных узростаў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны, Партугаліі, ЗША... Свае работы мастакі прысвячаюць заслаўскаму храму і святу Яблычны Спас. Для ўдзельнікаў гэта выдатная магчымасць абмяняцца вопытам і проста добра правесці час. У гэтым годзе ў сувязі з пандэміяй фармат пленэру будзе крыху іншым. Аўтары змогуць прыняць у ім удзел дыстанцыйна, адправіўшы мастацкія творы па пошце і вызначыўшы, якія з іх могуць быць выстаўлены на продаж. Атрыманыя сродкі арганізатары накіруюць на лячэнне дзяцей з анкалогіяй.

Усе ўдзельнікі будуць адзначаны памятнымі прызамі і дыпломамі. Па выніках пленэру плануецца выдаць каталог работ, а з 20 жніўня па 20 верасня ў гісторыка-культурным запаведніку «Заслаўе» арганізаваць выставу прафесійных мастакоў. Дзіцячыя работы будуць экспанавацца ў Спаса-Праабражэнскім саборы.

Акрамя пленэру, 18—19 жніўня пройдуць святочныя набажэнствы і адбудзецца лекцыя-экскурсія «Кафедральны сабор Праабражэння Гасподняга ў Заслаўi».

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter