Нагадаем, Навум Гальпяровіч працуе ў Белтэлерадыёкампаніі з 1981 года. Быў уласным карэспандэнтам Беларускага радыё ў Віцебскай вобласці, галоўным дырэктарам міжнароднага радыё «Беларусь», намеснікам дырэктара канала «Культура». Аўтар і вядучы шматлікіх радыёперадач, праграмы «Суразмоўцы» на тэлеканале «Беларусь 3», якую ён задумаў у 2018 годзе. За шэсць гадоў колькасць «суразмоўцаў», з якімі вядзецца заўсёды цікавая размова пра беларускую культуру, вырасла да 250 чалавек. А выпускаў праекта выйшла яшчэ больш. Такія вядомыя аўтары, як Алесь Бадак, Віктар Шніп, Зіновій Прыгодзіч, Уладзімір Мазго, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, штогод выдаюць свежыя кнігі, а гэта добрая нагода сустрэцца і абмеркаваць літаратурныя навінкі. Сярод «суразмоўцаў» як знаныя літаратары, лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі або кіраўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі — Алесь Карлюкевіч, Алена Стэльмах, Аляксей Чарота, так і пачаткоўцы, якія толькі ў гэтым годзе сталі сябрамі арганізацыі. Гэта, напрыклад, такія аўтары, як Максім Хацкевіч і Паліна Корнева. Калі з першымі вядучы разважае над актуальнымі праблемамі ў літаратуры або па-сяброўску над вечнымі філасофскімі пытаннямі, то з другімі гутарка ідзе пра сучасныя тэндэнцыі і літаратурныя інтарэсы моладзі, кнігі і гаджэты, якія спрабуюць існаваць разам.
Геаграфія праграмы таксама пашыраецца. Часам госці «Суразмоўцаў» пераадольваюць сотні кіламетраў, каб завітаць на здымачную пляцоўку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і сустрэцца з Навумам Гальпяровічам.
Некаторыя выдатныя пісьменнікі, якія за гэты час пайшлі з жыцця (Аляксей Дудараў, Мікола Мятліцкі, Серж Мінскевіч), застануцца светлымі і ўсмешлівымі ў кадрах праграмы «Суразмоўцы».
А «юбілейнай» госцяй праграмы стане пісьменніца, сябар Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Жанна Міус. У яе творчай скарбонцы проза і зборнікі вершаў для дзяцей і дарослых. Акрамя таго, пісьменніца ладзіць сустрэчы і праекты з удзелам юнай аўдыторыі. Ужо амаль 25 гадоў Жанна жыве ў вёсцы Чавускага раёна, не любіць публічнасці, вырошчвае кветкі, якім прысвячае вершаваныя радкі, і называе сябе паэткай з глыбінкі. Праграма «Суразмоўцы» з яе ўдзелам выйдзе на тэлеканале «Беларусь 3» 23 лістапада ў 16:25.
ДАРЭЧЫ
26 лістапада ў 15:00 Нацыянальная бібліятэка запрашае чытачоў на творчую сустрэчу з Навумам Гальпяровічам «20 пытанняў пісьменніку».