Напачатку хацелася б падкрэсліць, што мірнае і канструктыўнае суіснаванне розных канфесій неабходна адрозніваць ад абыякавасці да таго, чым жывуць розныя галіны хрысціянства. Таму варта паглыбляць свае веды пра іх, каб шукаць тое, што аб’ядноўвае хрысціян, і дзяліцца багаццем розных духоўных традыцый. Так мы пазбегнем уплыву на нас шкодных стэрэатыпаў, якія часта прыводзяць да перадузятасці.
Хрысціянскае адзінства — гэта стан еднасці, гармоніі і любові паміж тымі, хто верыць у Ісуса Хрыста. «Рабі тое, што хочаш, каб рабілі табе» — гэта старажытнае правіла дазваляе прадстаўнікам розных канфесій пазбягаць узаемнай варожасці. Такі падыход можна пачынаць практыкаваць на бытавым узроўні: у кантактах паміж членамі сям’і, калегамі па працы ці вучобе, незнаёмымі людзьмі. Калі кожны ставіцца да іншага як да свайго бліжняга, брата ці сястры, то ў нейкім сэнсе мы пачынаем адчуваць сябе, як у раі, ужо тут, на зямлі.
Адзін святар заўважыў: «Хрысціянам немагчыма зразумець адзін аднаго, калі яны не моляцца». Нягледзячы на шматлікія адрозненні, хрысціянскія канфесіі аб’яднаны ў Хрысце і ў сваёй пастаяннай патрэбе ў звароце да Бога, а значыць, у патрэбе маліцца.
Мова малітвы аб’ядноўвае католікаў, праваслаўных і пратэстантаў. Калі мы так аб’яднаныя ў малітве, мы таксама аб’яднаныя адзін з адным праз канфесійныя, нацыянальныя і культурныя сферы. Як пісаў апостал Павел у кантэксце хрысціянскага адзінства: «Няма ўжо ні іўдзея, ні грэка; няма ні раба, ні свабоднага; няма ні мужчыны, ні жанчыны, бо ўсе вы адно ў Хрысце».
Давайце святкаваць нашу духоўную еднасць, молячыся адзін за аднаго і адзін з адным. Так мы дасягнём таго, пра што аднойчы ўзгадаў Папа Рымскі Францішак: «Дай Бог, каб урэшце не было ўжо «іншых», а толькі «мы».
Ксёндз Кірыл Бардонаў