![](/upload/iblock/cd0/cd02f6f9d03178b2ceb6df1de99ed593.jpg)
Нераўнамернасць раставання лядовага покрыва Нёмана — адна з прычын вады ў дварах і агародах жыхароў Стоўбцаў і вёскi Новы Свержань. У вярхоўях ракі — ужо вада, у нізоўях — лёд.
Уважліва гідролагі сочаць за Палессем. Тут “беларуская Амазонка” — Прыпяць — ускрылася ад лёду і дадае па 4 сантыметры за суткі. Пакуль гучаць невялікія “званочкі”. Напрыклад, дарога паміж вёскамі Лучыцы і Хвойня ў Петрыкаўскім раёне ператварылася ў раку — буяніць Прыпяцкі прыток Пціч.
![](/upload/iblock/f69/f69c3ffcd5982b81a99da530c5637f56.jpg)
Чырвоная кропка на карце — вёска Чэрнічы Жыткавіцкага раёна, побач размешчана дамба. Узровень вады тут перавышае небяспечную адзнаку на 16 см. На чарзе палескія вёскі Снядзін і Мардвін, нават у бясснежныя зімы прыпяцкая паводка ператварае іх у выспы. Традыцыйна сыходзяць пад ваду некалькі вуліц у раённым Петрыкаве.
Былы аграном петрыкаўчанiн Аляксандр Каваленка да паводкі ставіцца спакойна:
— Для лугоў, агародаў, палёў рачная вада — дадатковая крыніца ўгнаення. У глебе асядае глей, розныя жывыя мікраарганізмы, зямля напітваецца вільгаццю. Ведаеце, як добра пасля паводкі расце трава? А тыя, хто жыве ў зоне падтаплення, — гатовыя да “вялікай вады”. Маёмасць застрахавана, лодкі адрамантаваны, ратавальнікі побач. Вопыт у палешукоў — вялікі.
![](/upload/iblock/b33/b333e07fe4866159cf00d997ae62ef3b.jpg)
Разлівы рэк у гэтым годзе прагназуюцца больш, чым у папярэднія чатыры гады, паведамляюць у Белгідрамеце. Гэта тлумачыцца значнай колькасцю ападкаў зімой і восенню. Напрыклад, на Гомельшчыне ў лютым выпала 1,5 нормы ападкаў у выглядзе снегу, а за першую дэкаду сакавіка — уся месячная норма. Дзе можа быць небяспечна, распавяла начальнік аддзела гідралогіі “Гомельаблгідрамета” Вольга Калугіна:
— Рака Прыпяць з прытокамі Случ, Убарць, Пціч — на дадзены момант самая небяспечная. Пачынаючы ад вёскі Ленін Жыткавіцкага раёна да Нароўлі — гэта той участак, на якім чакаюцца ўзроўні вышэй за сярэднія шматгадовыя значэнні. Другая небяспечная зона — нізоўі Дняпра ў Лоеве. Пакуль паводзіць сябе спакойна Сож, але ён дэманструе свой характар традыцыйна пазней астатніх рэк.
![](/upload/iblock/aa7/aa7d0f067e17433658db154f28bce78b.jpg)
Калі ўсё ж такі “вялікая вада” ў гэтым годзе “пагарэзіць”, ратавальнікі і мясцовыя ўлады ўжо склалі план выратавання. Органы ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях, сілы і сродкі Дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый знаходзяцца ў рэжыме пастаяннай гатоўнасці. Сфарміраваны 16 зводных атрадаў шасцігадзіннай гатоўнасці прыбыцця ў любы пункт краіны. Для правядзення неабходных мерапрыемстваў па ўскрыцці рэк ад лёду маюцца тры групы выбуховатэхнічнай службы МНС. Па ўсёй краіне вызначаны месцы часовага адсялення эвакуіраваных людзей, у асноўным гэта школы.
![](/upload/iblock/f81/f81d89595c1f80175fb54b5c754f3d68.jpg)
Добрае ўзаемадзеянне МНС, мясцовай улады і розных службаў было прадэманстравана пасля закрыцця аварыйнага моста паміж Туравам і Жыткавічамі праз раку Прыпяць. Былі арганізаваны рэйсавыя маршруты аўтобусаў да новай пераправы. На ёй у залежнасці ад умоў надвор’я функцыяніруе часовы пантонны мост або перавоз людзей ажыццяўляецца на катарах. Як толькі завяршыцца крыгаход, тут збіраюцца запусціць паром.
![](/upload/iblock/1c2/1c29cf94d43e9731a25574e2d7477320.jpg)
Спецыялісты тлумачаць, што, калі пацяпленне будзе плаўным, “вялікая вада” сыдзе паступова ў зямлю. Небяспечна рэзкае павышэнне тэмпературы, тады адталая вада, сцякаючы па мёрзлым грунце, напоўніць рэчышчы рэк і нізіны. Па максімальна негатыўным сцэнарыі ў гэтым годзе з улікам бягучай гідраметэаралагічнай абстаноўкі і таго, якой будзе паводка, найбольш верагодныя затапленні ў 43 раёнах краіны.
sb_gomel@mail.ru
Фота аўтара, Аляксандра Стадуба і 112.by