Архітэктар Генадзь Лаўрэцкі распрацаваў праекты аднаўлення знакамітых помнікаў дойлідства
Уявіце сабе, з XII стагоддзя да нашых дзён у Беларусі выстаялі толькі паўтара будынка! Усё іншае, што стваралі дойліды, загінула. Толькі ў Полацку захавалася Спаская царква ды ў Гродне — палова Барысаглебскай. Гродзенская, размешчаная на ўзгорку прадмесця Каложа, наогул адзіная і непаўторная. Выкладзеныя крыжамі з рознакаляровай пліткі фасады, умураваныя ў тоўшчу сцен гаршкі — адмысловы храм не паўтараецца больш нідзе ў свеце. Зусім нядаўна быў зацверджаны архітэктурны праект рэстаўрацыі помніка і аднаўлення страчанай сцяны, што абвалілася ў Нёман больш за сто гадоў таму. Кіруе працэсам Генадзь Лаўрэцкі — кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры тэорыі і гісторыі архітэктуры Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, старшыня архітэктурна-мастацкага савета Беларускага экзархата. Даручана тонкая работа Генадзю Аляксандравічу не выпадкова.
Другое жыццё шэдэўра
Яшчэ ў 1999 годзе Лаўрэцкі быў уганараваны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта “За лепшы твор у архітэктуры”, а менавіта — за аднаўленне першапачатковага аблічча Благавешчанскай царквы ў Віцебску. Царкву гэтую разбурылі ў 1961 годзе паводле загаду мясцовага начальства. Хаця яшчэ ў 1944-м, адразу пасля вызвалення горада ад нацыстаў, там былі спецыялісты з Мінска і тэрмінова абследавалі храм — ён ужо тады ўваходзіў у сур’ёзныя працы па гісторыі дойлідства як шэдэўр.
Пасля выбуху 1961 года засталіся вартыя жалю руіны, якія пазней, аднак, закансервавалі па праекце Сяргея Друшчыца — ён цяпер кіруе рэстаўрацыяй Нясвіжскага замка.
Дзякуючы абмерам 1944 года, а таксама фатаграфіям і малюнкам рознага часу Лаўрэцкі распрацаваў праект “аднаўлення аблічча” храма. У 1999 годзе ідэя канчаткова ажыццявілася — будынак уваскрэс. Цяпер лічыцца, што ў Віцебску ёсць таксама храм XII стагоддзя, хоць ад той эпохі засталіся толькі фрагменты муру.
У Гродне ўсё і прасцей, і складаней. Ёсць цэлая палова старажытнай Барысаглебскай царквы, другая незваротна страчана. Генадзь Аляксандравіч паказаў мне здымак захаванай сцяны храма: на ім відаць сляды пазнейшых рамонтаў. Навуковец кажа, што знутры царква лепш захавалася, а гаршкі, умураваныя ў сцены (так званыя галаснікі), не столькі давалі акустычны эфект, як лічыцца, а ў першую чаргу палягчалі канструкцыі. Гэта вельмі важны факт.
Усё, што засталося ад старажытнага храма, будзе рупліва адрэстаўравана. Прычым для работ плануюць запрасіць таксама спецыялістаў з Польшчы і Расіі. Страчаныя некалі сцены ўжо больш за стагоддзе замяняюць драўляныя канструкцыі. Іх разбяруць і адновяць каменную сцяну — якая яна была ад пачатку. Каб не ствараць лішняй нагрузкі на бераг, які і без таго пагражае абваліцца, сцены змуруюць з лёгкіх матэрыялаў, а з вонкавага боку аздобяць плінфай, зробленай па ўзорах той, што выкарыстана пры будоўлі храма ў XII стагоддзі.
Але калі пачнуцца рэстаўрацыйныя і будаўнічыя работы, пакуль невядома. На добры толк, трэба б правесці раскопкі ўнутры і вакол будынка, арганізаваць гідралагічныя работы. І толькі потым брацца за аднаўленне помніка. Мяркуючы па тым, што грошы пакуль не выдзелены, а ўжо восень, раней за вясну наступнага года істотных змен Каложская царква не зазнае. А на поўны комплекс работ спатрэбіцца, па падліках Лаўрэцкага, не менш за два гады.
Праваслаўная готыка
У гонар святых Барыса і Глеба ўзвялі ў XII стагоддзі храм і жыхары Навагрудка. Рэшткі першапачатковага будынка знайшлі археолагі пад падлогай і за межамі цяперашняй царквы, збудаванай у XVI стагоддзі. Галоўная асаблівасць цяперашняга помніка — яго стыль: гатычны. Слова “готыка” прымушае згадаць пра саборы Парыжскай Божай Маці, рыжскі Домскі або касцёл Святой Ганны ў Вільні. Але і праваслаўныя будавалі ў гэтым “заходнім” стылі — аднак толькі ў нашым краі, паўтысячагоддзя таму.
Цагляную муроўку Барысаглебскай царквы Генадзь Лаўрэцкі пачне раскрываць разам са студэнтамі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта ўжо ў бліжэйшы час. Фінансуе працы мясцовы прыход. Будуць адноўлены таксама купалы на вежах у візантыйскім стылі.
Гатычныя храмы захаваліся і ў іншых месцах Гродзеншчыны — у Сынкавічах і Мураванцы. Рэстаўрацыяй іх таксама займаецца спадар Лаўрэцкі. Тым часам ужо не раз прадстаўнікі Міністэрства культуры гаварылі аб тым, што ўнікальныя аб’екты варта ўключыць у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Тым часам у Мураванцы Лаўрэцкі знайшоў гатычны партал — уваход у царкву і шахту, адкуль падалі краты, якія спынялі непажаданага наведвальніка на дарозе ў будынак. А наперадзе — новыя адкрыцці.
Віктар Корбут
Шлях да спадчыны
Архітэктар Генадзь Лаўрэцкі распрацаваў праекты аднаўлення знакамітых помнікаў дойлідстваУявіце сабе, з XII стагоддзя да нашых дзён у Беларусі выстаялі толькі паўтара будынка! Усё іншае, што стваралі дойліды, загінула. Толькі ў Полацку захавалася Спаская царква ды ў Гродне — палова Барысаглебскай. Гродзенская, размешчаная на ўзгорку прадмесця Каложа, наогул адзіная і непаўторная. Выкладзеныя крыжамі з рознакаляровай пліткі фасады, умураваныя ў тоўшчу сцен гаршкі — адмысловы храм не паўтараецца больш нідзе ў свеце. Зусім нядаўна быў зацверджаны архітэктурны праект рэстаўрацыі помніка і аднаўлення страчанай сцяны, што абвалілася ў Нёман больш за сто гадоў таму.