У гісторыі Беларусі было шмат выдатных гра­мадскіх і дзяржаўных дзея­чаў. Сярод іх і Міхаіл Васільевіч Кавалёў

Школа Кавалёва

У гісторыі Беларусі было шмат выдатных гра­мадскіх дзея­чаў. Сярод іх і Міхаіл Васільевіч Кавалёў
У гісторыі Беларусі было шмат выдатных гра­мадскіх і дзяржаўных дзея­чаў. Сярод іх і Міхаіл Васільевіч Кавалёў. Маладзенькі радавы салдат Вялікай Айчыннай вайны, ён стаў выдатным кіраўніком, які валодаў дакладным разуменнем вышэйшых прыярытэтаў і нацыянальных каштоўнасцей, умеў знаходзіць рашэнні часам у вельмі складаных сітуацыях. Час няўмольна бяжыць, змяняюцца пакаленні, але памяць пра тых, хто аддана служыў сваёй краіне і свайму народу, павінна жыць. Міхаілу Кавалёву 16 жніўня споўнілася б 90 гадоў. Напярэдадні гэтай даты мы сустрэліся з яго жонка Марыяй Цімафееўнай.



Яны пражылі разам 55 гадоў. Нягледзячы на пастаянную занятасць Міхаіла Васільевіча і адданасць выкладчыцкай дзейнасці Марыі Цімафееўны, у гэтай сям’і заўсёды панавалі ўзаемаразуменне і павага. «Муж быў крыштальна чысты, прыстойны, чулы, уважлівы не толькі ў адносінах да калег і простых людзей, але і да сям’і, — гаворыць удава. — Часам ён мог павысіць голас на сыноў, калі яны раздурацца ці зробяць што-небудзь, вартае пакарання, на мяне ж — ніколі». Адным з пацвярждэнняў узаемаадносін у гэтай сям’і можна лічыць выпадак яшчэ з тых часоў, калі Кава­лёў знаходзіўся ў Салігорску на будаўніцтве калійнага камбіната і горада, а сям’я засталася ў Мін­ску:

— Міша кожны раз, як у яго быў выхадны, што здаралася не так часта, прывозіў мне кветкі, якія купляў у Слуцку або збіраў у полі. Але аднойчы ў дарозе яго застаў моцны дождж, было ўжо позна, таму купіць падарунак не было магчымасці. Раптам (потым мне пра гэта расказваў Мішаў шафёр) яны ўбачылі  па-святочнаму апранутую жанчыну, якая несла шмат разнастайных букетаў. Муж падбег да яе і папрасіў прадаць яму кветкі. Жанчына спыталася, каму ён хоча іх падарыць. Пачуўшчы, што жонцы, цёпла ўсміхнулася, выбрала адзін з лепшых і грошай не ўзяла. Аказалася, што гэта настаўніца, якая ідзе з выпускнога.

Ад успамінаў пра Міхаіла Васільевіча ў суразмоўніцы і сёння наварочваюцца слёзы, пачынаюць шчыміць сэрца і ўзнімацца ціск. Яны сапраўды жылі душа ў душу.

Хлопец з простай сям’і, ён ніколі не марыў пра высокія пасады. Непаўналетнім пайшоў на вайну. Прайшоў Беларусь, Польшчу, Германію. Яму давялося быць і стралком-пехацінцам, і сувязістам, і артылерыстам. У 1948-м дэмабілізаваўся ў званні камандзіра аддзялення. У Мінску ўладкаваўся токарам на станкабудаўнічы завод. Адначасова вучыўся ў вячэрняй школе. Закончыўшы яе, паехаў да старэйшай сястры Шуры ў Ленінград, хацеў паступаць у політэхнічны інстытут, але выпадкова даведаўся, што ў горным таксама ёсць будаўнічы факультэт, дзе значна вышэйшая стыпендыя, да таго ж там даюць форму. Гэта для хлопца, які не мог разлічваць на дапамогу бацькоў, стала вызначальным. Пасля заканчэння інстытута было шмат цікавых варыянтаў працаўладкавання, але ён паехаў у Мінск. Там жыла яго любая Марыя, зямлячка з Бягомля. Ён памятаў яе дзяўчынкай яшчэ з даваенных гадоў, а аднойчы на канікулах у бацькоў, сустрэўшыся з ёй позіркам, зразумеў, што гэта каханне на ўсё жыццё.

Першая будоўля Міхаіла Кавалёва — Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Выхаваны на архітэктурных шэдэўрах Ленінграда, ён марыў, каб і ў родным Мінску будаваліся прыгожыя аб’екты. Аднак у час узвядзення будынка інстытута пачалася барацьба з празмернасцямі ў архітэктуры і будаўніцтве. У выніку яго зрабілі значна прасцейшым, што вельмі засмучала Міхаіла Васільевіча.

— Але ён вельмі ганарыўся сваім будаўнічым мінулым, — гаворыць Марыя Цімафееўна. — Бывала, едзем з унукамі на дачу, і ён па­казвае аб’екты, якія ўзводзіў.

Кавалёў хутка даслужыўся да начальніка будаўнічага ўпраў­лення. Але неўзабаве ў краіне вырашылі зрабіць калійны кам­бінат і новы горад у Старо­бінскім раёне. Каму, як не выпускніку гор­нага інстытута, гэта было да­ручыць? Пры ім былі пабудаваны першы і другі калійныя кам­бінаты, пачаў расці горад. Некалькі гадоў таму ў знак паша­ны ў Салігорску адну з вуліц назвалі імем Міхаіла Васільевіча. У Мінску, на жаль, уся памяць пра Кавалёва — гэта мемарыяльная дошка ў яго гонар. Хаця гэты чалавек вызваляў горад, будаваў, а потым дзесяць гадоў узначальваў яго.

Быць старшынёй Мінгар­выканкама наш герой наадрэз адмаўляўся. Пасля чатырохгадовай працы ў Салігорску яго запрасілі на пасаду намесніка міністра будаўніцтва. Гэта праца яго цалкам задавальняла. А тут раптам — прапанова ўзначаліць горад. Родныя ўспамінаюць, што тады для гэтага трэба было прайсці некалькі ўзгадненняў, і на кожным этапе ён адмаўляўся, тлумачачы тым, што ён — выключна будаўнік, а ў гарвыканкаме трэба разбірацца і ў іншых сферах.

Сын Сяргей памятае такі эпі­зод:

— Запрасілі бацьку на размову ў ЦК партыі. Машэраў з Прытыцкім яму тлумачаць, чаму выбар паў менавіта на яго, і Пётр Міронавіч яму гаворыць: «Разумееш, работу ЦК можна параўнаць з работай гросмайстра. Уяві, шахматыст добра прадумаў усё, каб выйграць партыю, расставіў фігуры на дошцы, а нейкая з іх раптам не зга­джаецца рабіць ход. Як ты думаеш, ці выйграе гросмайстар партыю ў такім выпадку?» Бацька зразумеў, што адмовіцца ён не можа, калі такі давер яму аказвае галоўны чалавек у рэспубліцы.

Гэту пасаду Міхаіл Васільевіч займаў дзесяць гадоў, яго не аднойчы запрашалі на павышэнне ў Маскву. Але Машэраў заўсёды адстойваў яго перад саюзным кіраўніцтвам: «Гэты кадр мы рыхтуем для сябе!» За дзесяць гадоў Кавалёў  паспеў шмат зрабіць. Але галоўнае, з чым звязваюць яго імя ў той перыяд, — гэта будаўніцтва метро. Пра яго марылі даўно, і адразу ж, як нарадзіўся мільённы жыхар (толькі пры такой колькасці насельніцтва дазвалялася будаваць падземку), пачалі капаць тунэль. З аднаго боку, для будаўніка Кавалёва гэта было вялікай радасцю, з другога — суцэльным галаўным болем. Марыя Цімафееўна ўзгадвае, што было шмат складанасцей, адна з іх — выгляд станцый. Старшыні гарвыканкама нават прыходзілася самому ляцець ва Узбекістан да­маўляцца наконт закупкі мармуру, даць ход справе, каб зрабіць станцыі такімі прыгожымі.

Міхаіл Кавалёў, разумеючы, што вынікі яго работы застануцца на стагоддзі, не мог працаваць у палову сілы. Ён пастаянна заседжваўся ў сваім кабінеце. Мінгарвыканкам знаходзіўся побач з педінстытутам, і часам, вяртаючыся з другой змены або пасля якога-небудзь сходу, жонка, баючыся адной ісці па вузкіх сцежках (на праспекце ж будавалі метро, і маршрут тралейбуса быў скарочаны), заходзіла да мужа, каб разам накіравацца дадому, але амаль заўсёды чула адказ: «Едзь адна, я яшчэ папрацую». Такія затрымкі, а яны маглі быць і да паўночы, тлумачыў тым, што на працягу рабочага дня даводзіцца бясконца прымаць людзей, некуды ехаць і толькі ўвечары можна спакойна разабрацца з дакументамі, лістамі. Як да гэтага ставілася жонка?

— Я разумела, што праца для яго — гэта святое, і ніколі не папракала, бо і сама з адказнасцю ставілася да сваёй выкладчыцкай дзейнасці. І ён ніколі не папракнуў мяне, калі я часам з-за якой-небудзь тэрміновай работы не зрабіла штосьці з хатніх спраў.

Але познія вяртанні мужа ў час яго работы ў гарвыканкаме — гэта дробязі ў параўнанні з тым, што пачалося, калі ён узначаліў Савет Міністраў БССР. Літаральна праз тры месяцы пасля прызначэння здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Многія ў той час вінавацілі кіраўніцтва краіны ў замоўчванні бяды. Але Марыя Цімафееўна пераконвае ў адваротным, бо дагэтуль добра памятае дзень выбуху:

— У дванаццаць гадзін мне патэлефанавала Марыя Іванаўна Талейка, жонка Мішавага сябра Аляксандра Цімафеевіча Караткевіча, і паведаміла: іхняму сыну пазваніў аднакласнік, фізік з «Соснаў», і сказаў, што іх прыборы зафіксавалі павышаны ўзровень радыяцыі. Я па тэлефоне перадала гэта мужу, аднак ён нічога такога не чуў і запэўніў, што калі б штосьці сур’ёзнае здарылася, то ён абавязкова ведаў бы.

Атрымліваецца, што Кавалёў, як і ўсе людзі, у першыя дні нічога не ведаў. Потым пачаў бясконца ездзіць у Маскву, каб дабіцца дакладных звестак, парад па ахове насельніцтва, але яму з дакорам адказвалі, што паніка, якую ён разводзіць, у гэтай сітуацыі горш за радыяцыю. Вось тады і пачаліся яго бяссонныя ночы, якія ён праводзіў разам з першым сакратаром ЦК Кампартыі Беларусі Мікалаем Слюньковым і іншымі супрацоўнікамі. Тады было вырашана неадкладна выселіць насельніцтва з 30-кіламетровай зоны. Кіраўнікі аператыўна разгледзелі пытанні з рассяленнем, а потым з будаўніцтвам новага жылля.

Шмат разоў Кавалёў ездзіў у пацярпелыя раёны. Яго ва­дзі­целі расказвалі сям’і, што, пад’язд­жаю­чы, ён абавязкова пра­паноўваў падвезці жанчыну, якая трапля­лася на дарозе. Лічыў, што яны больш гаваркія за мужчын і больш ахвотна дзеляцца сваімі праб­лемамі. Дарэчы, яшчэ адзін момант, які сведчыць пра сціп­ласць нашага героя і адсутнасць у яго высакамернасці: па ран­гу Старшыні Савета Міністраў на­лежала ездзіць на «Чайцы», аднак ён адмовіўся ад яе і па горадзе пе­рамяшчаўся на «Волзе», бо не лю­біў выдзяляцца, звяртаць на ся­бе ўвагу. Больш прэстыжнай машынай карыстаўся толькі та­ды, калі выпраўляўся ў далёкую да­рогу.

Чарнобыльская рана паціху пачынала загойвацца, здароўе ж Кавалёва — наадварот, здаваць. У пачатку 1990-га ў яго здарыўся інсульт. Лепшыя беларускія ўрачы выратавалі, але праблемы са здароўем нікуды не дзеліся. Пасля шпіталізацыі ў цэнтральную маскоўскую бальніцу яму прама сказалі: «Ідзіце на пенсію, інакш і года не пражывяце!» Ён быў не супраць яшчэ папрацаваць на карысць роднай рэспублікі, хоць за пасады Кавалёў ніколі не трымаўся, але вымушаны быў пайсці на пенсію.

Гэтага толькі і чакалі ўсе пяць унукаў Міхаіла Васільевіча. Юра, дарэчы, цяпер заслужаны артыст Беларусі, вядучы саліст Вялікага тэатра, узгадвае, як ён вельмі ўзрадаваўся, што цяпер яны з дзядулем часцей змогуць ездзіць на рыбалку, праводзіць разам час на дачы на Нарачы. Яны любілі разам прайсціся пасля вячэры. Старэйшы Кавалёў расказваў пра сваё дзяцінства, гарады і краіны, у якіх давялося пабываць, і абавязкова пра вайну.

Юрый узгадвае:

— Для дзядулі свята Перамогі было найвялікшым, самым дара­гім. Ён, нават калі быў на пенсіі, заўсёды, пакуль мог, 9 Мая хадзіў з кветкамі на плошчу Перамогі. Я стараўся быць побач з ім. Гэта было нейкае незвычайнае ўрачыстае адчуванне не толькі дзядулевага прычынення да Перамогі, але быццам і майго.

Заўсёды побач была і Марыя Цімафееўна, яна знаходзілася з Міхаілам Васільевічам і ў радасці, і ў смутку:

— Я ўдзячна лёсу, што ў маім жыцці быў Міша. Ён для мяне быў не толькі каханым мужам, сябрам, аднадумцам, але чымсьці большым — сонцам, якое закацілася.

У гісторыі Беларусі, як і ў жыцці сваёй сям’і, Кавалёў пакінуў светлы след. Каб не здароўе, якое нечакана пахіснулася, мог бы зрабіць яшчэ шмат добрых спраў. Міхаіл Васільевіч пайшоў з жыцця восем гадоў таму, але памяць пра яго жыве дагэтуль.


УСПАМІНЫ  КАЛЕГ

Міхаіл МЯСНІКОВІЧ, у 1986—1990 гг.— міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі БССР, з 2010-га — Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь, зараз старшыня Савета Рэспублікі На­цыянальнага сходу:

— Міхаіл Васільевіч клапатліва дапамагаў мне, калі мяне, трыццацішасцігадовага, прызначылі на пасаду міністра ЖКГ. На працягу першага тыдня ён мне патэлефанаваў двойчы: тлумачыў, як арганізаваць работу апарата, на якія пытанні трэба звярнуць увагу ў першую чаргу, як будаваць адносіны са старшынямі аблвыканкамаў. Гэта можна назваць вышэйшай школай пілатажу. Мне і раней даводзілася бываць у яго па службовых пытаннях, і мяне заўсёды захаплялі яго высокі прафесіяналізм, канкрэтнасць у справах і словах.

Ён наогул быў чалавекам справы. Яму не падабалася, як мне здаецца, прапагандысцкая шуміха, у якой у той час мела поспех партыйная наменклатура. Ён дыстанцыраваўся ад шматслоўных людзей. Гэта было бачна і ў час пасяджэнняў Савета Міністраў. Не было пустых запэўніванняў і клятваў у вернасці партыйнаму курсу, былі канкрэтныя справы. Пытанні рыхтаваліся старанна, разглядаліся аператыўна, без лішніх слоў.

Той перыяд, калі Міхаіл Васільевіч займаў пасаду Старшыні Савета Міністраў БССР, быў выключна цяжкім. Вялікая краіна ішла да распаду. Але папракнуць Кавалёва не было ў чым, ён заўсёды працаваў толькі на карысць Беларусі.

Мікалай ДЗЕМЯНЦЕЙ, у 1979—1989 гг. — сакратар ЦК КПБ, у 1989—1990 гг. — Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета, у 1990—1991 гг. — Старшыня Вярхоўнага Савета Беларускай ССР 12-га склікання:

— Блізка пазнаёміўся з Міхаілам Васільевічам у той час, калі ён быў ужо сталым грамадскім дзеячам. Мы разам балаціраваліся ў дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР па Полацкай тэрытарыяльнай акрузе, у склад якой уваходзілі некалькі раёнаў. Гэта былі сапраўды дэмакратычныя выбары: па маёй лініі ішло дванаццаць чалавек, прыкладна столькі ж было і ў Кавалёва. З  вялікім вопытам работы ў якасці кіраўніка ён выдзяляўся сярод іншых кандыдатаў і па праву быў абраны дэпутатам.

Міхаіл Васільевіч прайшоў усе ступені, добра ведаў, чым жыве рэспубліка. Ён заўсёды дапамагаў сваім падначаленым. Так, мог строга з іх спытаць, але імкнуўся падказаць, правільна накіраваць. Неаднойчы чуў такое параўнанне: калі ты працаваў з Кавалёвым, значыць, прайшоў добрую школу.

У нас з ім былі сутыкненні поглядаў, не заўсёды сыходзіліся меркаванні. Але больш вытрыманага чалавека ва ўладзе я ніколі не сустракаў. Ён вельмі далікатна, акуратна вырашаў усе пытанні, прычым не толькі з кіраўнікамі высокага рангу, але і са звычайнымі грамадзянамі.

Мікалай СЛЮНЬКОЎ, у 1983—1987 гг. — першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі, у 1987—1990 гг. — Сакратар ЦК КПСС:

— Мы пазнаёміліся з Мі­хаілам Васільевічам, калі ён яшчэ працаваў у Салігорску і будаваў калійны камбінат. Я ў той час быў дырэктарам трактарнага завода, ён папрасіў дапамагчы з будаўнічай аснасткай. Я выехаў на месца, каб паглядзець, што канкрэтна патрабуецца. І адразу пранікся асаблівай павагай да гэтага чалавека. Спакойны, ураўнаважаны, надзелены аналітычным складам розуму, мае канкрэтны план дзеяння і ведае, што будзе рабіць заўтра і паслязаўтра.

Потым я назіраў за яго працай старшыні Мінгарвыканкама і стаў паважаць гэтага чалавека яшчэ больш. Яму даверылі складаную гаспадарку, якую трэба было перебудоўваць, развіваць. І ён з гэтым цудоўна спраўляўся. Праблем было шмат, ён не адыходзіў ад іх, шукаў шляхі і метады іх вырашэння.

Потым лёс на дзевяць гадоў закінуў мяне ў Маскву. Кавалёў шмат разоў прыязджаў да мяне з канкрэтнымі просьбамі, і я заўсёды яму імкнуўся дапамагчы, бо ведаў, што гэты чалавек ніколі не падвядзе. На пасадзе Старшыні Савета Міністраў ён праявіў сябе толькі з найлепшага боку. Я наогул не ведаю накірункаў, з якімі б ён не справіўся: за што браўся — усё атрымлівалася.

Калі гаварыць пра Кавалёва не як пра прафесіянала, а як пра чалавека, то тут першае слова, якое прыходзіць на розум, — прыстойнасць. Гэта вам пацвердзяць усе: і яго калегі, і падначаленыя, і звычайныя людзі, якія звярталіся да яго па дапамогу. Ён быў выдатным сем’янінам, любіў сваю жонку і сыноў.

stepuro@rambler.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter