Нядаўна на сцэне Купалаўскага тэатра адбылася прэм’ера спектакля «Кароль Лiр». Шэкспiраўскiя словы сакавiта гучалi па-беларуску. Аўтар перакладу, паэт Юрка Гаўрук, працаваў загадчыкам лiтаратурнай часткi тэатра. Сёлета мы адзначаем яго 115-годдзе.
«Аглядаючыся на сваё жыццё праз 60 год, проста дзiву даешся, да чаго ўсё ж такi трывалая iстота — чалавек…»
Так пачынае Юрка Гаўрук свае ўспамiны «I сонца, i хмары». Ён меў права на такiя словы: перажытае iм здаецца фантазiяй драматурга.
Уявiце сабе: 1920-я гады. Выступаюць паэты «Маладняка». У свiтках, кажушках, вышыванках. Чытаюць натхнёныя вершы пра калгасы i фабрыкi. Раптам на сцэну падымаецца акуратны юнак у гальштуку-бабачцы, у пiнжаку на адпрасаваную бялюткую кашулю i чытае бездакорна перакладзеных iм Шэкспiра, Шылера, Гётэ…
Ён заўсёды ўспрымаўся гэткiм увасабленнем iнтэлiгентнасцi, нетыповым для тутэйшай лiтаратарскай тусоўкi.
Хаця выйшаў з саслоўя простага.
Народжаны ў Юр’еў дзень
Ён нарадзiўся ў Слуцку ў Юр’еў дзень, таму i хрысцiлi Георгiем.
Бацька, цiхмяны Павел Сямёнавiч, — цясляр. Мацi, Еўдакiя Максiмаўна, непiсьменная, але чуллiвая i ўражлiвая.
Юрка быў адзiным дзiцем, таму ўся ўвага яму — у людзi вывесцi. Ужо з пяцi гадоў да хлопчыка запрасiлi суседку-настаўнiцу, i тая навучыла чытаць, а ў 1913-м Юрку аддалi ў Слуцкую гiмназiю.
Момант iмпрынтынгу: вучнi на шпацыры на прыродзе. Iм прынеслi ад гiмназii дзежку марозiва. Сцiплы Юрка не змог прабiцца праз аднакласнiкаў, якiя зверавата цягнулi рукi, хапалi па некалькi порцый з крыкамi: «Мне! Мне!» Затое знайшоў прыгожую ружовую кветачку «кацiныя лапкi», якой больш нi ў кога не было, i тым суцешыўся.
У пятнаццаць гадоў Юрка адшукаў на гарышчы кiнутага панскага дома французскiя i польскiя кнiгi. Зацiкавiўся. I ў хуткiм часе прачытаў «Сабор Парыжскай Божай Мацi» ў арыгiнале, самастойна засвоiўшы французскую мову.
Англiйскую ўдасканалiў з дапамогай старой суседкi, жонкi кальвiнiсцкага пастыра: звычайна яна сядзела ў крэсле, вязала панчоху, а Юрка чытаў ёй уголас Шылера. Тады ж пачаў сам складаць вершы. А ў 1922 годзе паступiў у маскоўскi Вышэйшы лiтаратурна-мастацкi iнстытут, заснаваны Валерыем Брусавым.
Улюбёны вучань Брусава
Сямнаццацiгадовы Юрка трапляе ў паслярэвалюцыйную Маскву, дзе голадна, але крэатыўна. Праiснаваў легендарны iнстытут усяго чатыры гады. Але за гэты час былi сустрэчы з Маякоўскiм, Сяльвiнскiм, Ясенiным, Усеваладам Iвановым, Верай Iнбер. Лекцыi па рускай мове вёў Дзмiтрый Ушакоў. Тэхнiку вершаскладання i антычную лiтаратуру выкладаў сам Валерый Брусаў.Юрка Гаўрук успамiнаў, як прыйшоў здаваць Брусаву залiк. Той папрасiў расказаць пра Гарацыя.
А студэнт са ўсёй шчырасцю:
— Валерый Якаўлевiч, Гарацыя я не люблю.
Папрасiўся расказаць пра Авiдзiя, якi блiжэй.
Пагаварылi пра Авiдзiя, грунтоўненька, з цытатамi на лацiнскай… Тады Юрка Гаўрук кажа:
— А цяпер, Валерый Якаўлевiч, калi ласка, магу i пра Гарацыя.
— Не, не трэба. Дайце вашу кнiжку.
Юнак абегаў усе тэатры, выставы, музеi…
А каб даць магчымасць таленавiтаму сынку вучыцца там, дзе ён хоча, мацi прыехала ў Маскву здабываць грошы. Працу знайсцi было цяжка. Дайшла да самога Мiхаiла Калiнiна — i з яго пратэкцыяй уладкавалася на швейную фабрыку.
Лiст Коласа да Гаўрука, 2 верасня 1947 г.
Песнi роднага краю
Невядома, як склаўся б лёс таленавiтага юнака: напэўна, ён мог бы стаць рускiм лiтаратарам. Але летам 1924 года прыехаў на родную Случчыну, дзе запiсаў больш за 1000 песень. Уразiла. У 1926-м матэрыялы гэтага падарожжа былi выпушчаныя кнiгай пад назвай «Вясковыя рыскi».Адбылося i далучэнне да беларускага тэатра.
1925 год, Масква. У памяшканнi кiнатэатра «Арбацкi АРС» працуе Беларуская тэатральная студыя: выпускнiкi яе ў наступным годзе прыедуць у Вiцебск i створаць Другi беларускi тэатр. А пакуль што ставяць вучэбны спектакль, а менавiта «Сон у летнюю ноч». Пераклад Шэкспiра на беларускую мову даручаны студэнту лiтаратурна-мастацкага iнстытута Юрку Гаўруку. Прэм’ера адбылася ў тэатры «Акварыум».
Беларускi тэкст не захаваўся, Юрка Гаўрук пасля толькi цытаваў па памяцi ўрыўкi:
Васпанi, сэрцайкi якiх баяцца
самай дробнай мышы, што часамi
пачне ў кутку дзе-небудзь шалпатацца…
Дваццацiгадовы дацэнт
Увосень 1925-га Юрка Гаўрук быў абраны дацэнтам кафедры беларускай мовы i лiтаратуры сельскагаспадарчай акадэмii ў Горках. Яму дваццаць, калегу па кафедры Максiму Гарэцкаму трыццаць два. I вось карцiнка…Два маладыя выкладчыкi беларускай мовы iдуць... збiраць кветкi. Любуюцца пейзажамi, гутараць пра высокае, букецiкi ладзяць. Гарэцкi хвалiцца сваiм букетам: «Вы як збiралi, так i складалi. А я кожную кветку падганяў да iншых». У яго рамонак да рамоначка, валошка да валошкi. I давай абодва спрачацца пра лiтаратурныя стылi, цi варта падганяць усё пад каноны.
Пры акадэмii дзейнiчаў лiтаратурны гурток, у якi хадзiла сярод iншых муза Купалы Паўлiна Мядзёлка. Гаўрук уступае ў «Маладняк», апынаецца ў цэнтры беларускага лiтаратурнага жыцця.
Пераклад з англiйскай мовы 65-га санета Шэкспiра. 1962 г.
Таццяна i Гейнэ
Адразу па прыездзе малады дацэнт закахаўся ў студэнтку Таццяну. У тым жа 1925-м i пашлюбавалiся, нарадзiлася дачка Алiна. Гэта быў шчаслiвы час… У 1926-м Гаўрук едзе ў Ялту, дзе селiцца ў адным атэлi з Маякоўскiм. Пасля ўспамiнае: у Маякоўскага выступленне ў летнiм садзе. Чытае старыя вершы, выглядае па-будзённаму… Нехта з расчараванай публiкi свiснуў.— Эх вы, свiстун, да разве ж так свiшчуць? — адрэагаваў Маякоўскi i тут жа свiснуў у адказ.
Адбыўся дэбют Гаўрука ў друку — пераклад верша Гейнэ «Ткачы». А ў 1928 годзе выйшла створаная iм першая анталогiя замежнай паэзii ў перакладзе на беларускую мову «Кветкi з чужых палёў».
«Мне снiлiся Рэмбрант i Рафаэль»
Шчаслiвыя часы заканчвалiся.8 студзеня 1935 года Юрку Гаўрука, дацэнта кафедры лiтаратуры Магiлёўскага педагагiчнага iнстытута, арыштавалi проста ў студэнцкай аўдыторыi. Доказам «злачынства» стаў верш, надрукаваны ў акадэмiчнай газеце:
Няма на свеце крыўды
больш балючай,
Калi над праўдай можна ўсiм
смяяцца.
I пачалi таптаць пятой
Калючай
Мастацтва.
Гаўрук быў асуджаны «за антысавецкую агiтацыю» i больш за 20 гадоў працаваў на Поўначы i ва Усходняй Сiбiры. Пiлаваў лес, быў тынкоўшчыкам, маляром, засвоiў прафесiю тапографа. Каб не ўпасцi ў адчай, складаў вершы — у галаве, без паперы. Большасць з iх пасля запiсаў па памяцi, але асцярожна тлумачыў, што «яны вельмi iнтымныя i не маюць грамадскага значэння».
Вось адзiн з такiх «iнтымных» вершаў:
Усё я страцiў: волю i сям’ю,
Нiколi мне, нiколi не падняцца,
Апошнiм словам смутак спавiю,
Пара з самiм сабою развiтацца…
Дзiравы неацеплены барак,
Лясныя людзi каля печы труцца,
Падсушваюць авёс, пякуць бурак,
Як ценi ў пекле, сварацца i б’юцца.
Халодная была мая пасцель.
Хацеў я спаць, а думы ў голаў лезлi.
Мне снiлiся Рэмбрант i Рафаэль,
I валасы мае к сцяне прымерзлi.
З 1945 па 1956 год Ю.Гаўрук працаваў па вольным найме iнжынерам на будаўнiцтве Пячорскай чыгункi. Улетку 1946-га атрымаў першы адпачынак i прыехаў у Беларусь. У Вiцебску якраз рыхтавалi спектакль «Гамлет» у ягоным перакладзе, але без пазнакi прозвiшча перакладчыка.
Апынуўшыся ў Мiнску, нядаўнi зэк наважыўся пайсцi да Якуба Коласа, з якiм пазнаёмiўся яшчэ ў Слуцку. Бываў у яго ў гасцях, нават неяк прывёз з батанiчнага сада сельгасакадэмii дзесяць кустоў вяргiняў розных гатункаў. Колас iх высадзiў i скардзiўся, што зашмат жоўтых трапiлася i мала чырвоных.
Высланы паэт стаяў пасярод кабiнета, «як збянтэжаны акцёр, выпхнуты на сцэне неўпапад». Колас уважлiва паглядзеў на Гаўрука i прамовiў:
— А я думаў, вы памерлi.
Народны паэт падбадзёрыў, раiў працаваць, не здавацца…
Майстар перакладу
Юрка Гаўрук не здаўся. У тэатрах ставiлiся перакладзеныя iм п’есы Л.Талстога, А.Астроўскага, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава, Б.Нушыча, Н.Хiкмета, У.Шэкспiра, В.Гюго, Ж.Б.Мальера. У 1957-м уладкаваўся загадчыкам лiтаратурнай часткi ў Беларускi дзяржаўны тэатр iмя Я.Купалы. У 1958-м рэабiлiтаваны.Фалькларыст Арсень Лiс успамiнаў: «Юры Паўлавiч выглядаў тыповым джэнтльмэнам. Рост у яго быў адпаведным, канфiгурацыя галавы, высокачолы… гэта быў тып арганiчна iнтэлiгентнага чалавека».
Юрка Гаўрук памёр у 1979 годзе. Яго дасканалыя пераклады дасюль запатрабаваныя.
cultura@sb.by