Адбор прыгажунь для конкурсу «Міс Беларусь — 2020» завяршыўся. Апошні шанц пазмагацца за тытул выдаўся ў мінулыя выхадныя, падчас фінальных кастынгаў у Мінску. Дзяўчаты дэфіліравалі па подыуме, крэатыўна прэзентавалі сябе, скаралі журы знешнімі дадзенымі і харызмай. За красунямі назіраў карэспандэнт «Р».
Некаторыя дзяўчаты прыехалі на адбор з іншых гарадоў, бо не паспелі на рэгіянальныя кастынгі.
На кастынгу ўсе сродкі да месца
Нацыянальная школа прыгажосці. Дзяўчаты па чарзе падыходзяць да стойкі рэгістрацыі. Перш-наперш — вымярэнне росту, каб быў не менш за 174 сантыметры. Падчас рэгістрацыі зазірнуць і ў пашпарт: ці няма ў канкурсанткі мужа, дзяцей? Неабходны ўзрост для ўдзелу — ад 18 да 24 гадоў. Ніякіх татуіровак і пірсінгу на целе.
Першы этап кастынгу — самапрэзентацыя. Дзяўчаты знаёміліся з адборачнай камісіяй, коратка распавядалі пра сябе, спрабавалі зацікавіць журы сваімі інтарэсамі, дасягненнямі. На кастынгу ўсе сродкі да месца. Вось дзяўчына імгненна перайшла на англійскую: улавіла момант, каб бліснуць ведамі. Канкурсантка, што вучыцца на журфаку БДУ, пранікнёна прачытала верш пра вайну. Закрануць душэўны нерв у яе атрымалася. Яе канкурэнтка займаецца бачатай, па просьбе журы паказала пару рухаў — мы пераканаліся, што з рытмам у дзяўчыны ўсё ў парадку. Побач канкурсантцы не хапіла некалькіх сантыметраў да заяўленага параметра росту. Аднак яе ўсё роўна выслухалі. Дзяўчына распавяла, што вучыцца ў медыцынскім — яна будучы дзіцячы доктар.
Першы этап кастынгу — самапрэзентацыя. Дзяўчаты знаёміліся з адборачнай камісіяй, коратка распавядалі пра сябе, спрабавалі зацікавіць журы сваімі інтарэсамі, дасягненнямі.
— Ад вас павявае дабрынёй, — дакладна прымецілі члены журы.
Прызналася: прыйшла на кастынг пераадолець страх сцэны. У іншай жа канкурсанткі росту хоць адбаўляй — 190 сантыметраў. Анастасія вучыцца ў БДУ на факультэце сацыякультурных камунікацый. У дзяцінстве займалася валейболам, скончыла мадэльную школу, чатыры гады займаецца касплэем — дэфіліруе ў вобразе персанажа. Сама шые касцюмы, наносіць макіяж, з сабой прынесла крафтавы ледзяны лук. Эфектна пазіравала з ім пад прыцэлам фотакамер.
Перад выхадам на подыум дзяўчаты прыхарошваюцца ля люстэрка.
А зараз — дэфіле
Прыродная прыгажосць і розум — гэта выдатна, але для будучай «Міс Беларусь» важная яшчэ і стрэсаўстойлівасць, каб спраўляцца з медыйным цяжарам. Яўген Булка па-майстэрску выводзіць канкурсантак з зоны камфорту сваімі каверзнымі пытаннямі:
— Стараемся за кароткі час раскрыць характары дзяўчат. Вельмі цаню сумленнасць. Напрыклад, калі адна з сённяшніх канкурсантак заявіла: «Я, вядома, спяю, але не ўпэўнена, што гэта вам спадабаецца».
«Міс Беларусь — 2018» Марыя Васілевіч таксама ў журы, вялікую ўвагу надае цікавым хобі канкурсантак, іх расповедам пра сваё жыццё:
— Мяне вельмі расчуліла гісторыя дзяўчыны, якая даглядала свайго брата, які перанёс інсульт у шасцігадовым узросце.
Марыя Васілевіч раіць дзяўчатам, якія ўвойдуць у трыццатку лепшых, кожны дзень выкладвацца па максімуме. Абедзвюма рукамі схапіцца за прадстаўленую магчымасць заваяваць тытул самай прыгожай дзяўчыны краіны.
Для наступнага этапу канкурсантак адпраўляюць пераапранацца ў купальнікі. Дарэчы, далёка не ўсе яны мінчанкі. Некаторыя прыехалі на адбор з іншых гарадоў, бо не паспелі на рэгіянальныя кастынгі. Паспытаць шчасця ў сталіцу дабраліся, напрыклад, прыгажуні з Магілёва, Барысава, Клецка. Дзяўчаты прыхарошваюцца перад люстэркамі, балазе іх у Нацыянальнай школе прыгажосці дастаткова. Перад дэфіле ў купальніках паклаў валідол пад язык, ды і за кулісамі дзяжураць медыкі. Самі дзяўчаты хвалююцца не менш. Іх хай і дзяжурнай, але такой патрэбнай фразай — «Ты самая прыгожая!» падтрымлівае супрацоўнік з каманды тэлеканала АНТ, што выпускае на сцэну.
Красуні ўпэўнена чаканяць крок па подыуме. Тым, хто ўжо занадта захапляецца паходкай ад сцягна, журы раіць ісці «без спецэфектаў». Дэкаратыўная касметыка забаронена, але некаторыя дзяўчаты ўсё ж, як ім здавалася, непрыкметна накладвалі яе. А журы ўсё бачыць, таму лепш не хаваць свой сапраўдны твар.
Усяго на кастынгі «Міс Беларусь — 2020» у Мінску прыйшлі 165 дзяўчат, а па ўсёй краіне — 493. Пазней камісія на выніковай нарадзе яшчэ раз прааналізуе фота, відэа і анкеты дзяўчат, якія прайшлі кастынгі, і абярэ сотню лепшых. Пасля паўфіналу 21 сакавіка прыгажунь застанецца ўжо каля 30. Яны і выйдуць на галоўную сцэну «Міс Беларусь — 2020» у Палацы спорту 15 мая.
ikras@sb.by