У вяскоўцаў ашаламляльна высокі попыт на зямлю. Колькасць прыватных гаспадарак перавысіла 19 тысяч і пастаянна павялічваецца. Ні частыя разлівы Прыпяці і Гарыні, ні засушлівыя гады не пужаюць тутэйшых — свае мясціны яны не пакідаюць. Пераадольваючы чарнобыльскую бяду, людзі ўпэўнена крочаць па жыцці. Пра сённяшнія справы і перспектывы развіцця рэгіёна гутарым з членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшынёй Столінскага райвыканкама Рыгорам Пратасавіцкім.
— Палескі рэгіён ніколі не быў абдзелены ўвагай Кіраўніка дзяржавы: дзесяць разоў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка сустракаўся са столінцамі. Наколькі адчувальны вынікі гэтых візітаў?
— Жыхары раёна памятаюць кожную гэтую сустрэчу. Прэзідэнт адкрываў у гарадскім парку Століна першы Рэспубліканскі фестываль-кірмаш «Дажынкі-96». Пры яго садзейнічанні ў раёне актывізавана ліквідацыя наступстваў чарнобыльскай катастрофы, пабудаваны Церабліцкая сярэдняя школа і дзіцячае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы, узведзены сучасны малочна-таварны комплекс у СВК «Фядорскі», аператыўна вырашаны многія іншыя грамадска-сацыяльныя пытанні. Наогул увага да Беларускага Палесся ў нашай краіне значная. Паспяхова рэалізуецца Дзяржаўная праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся.
— Рыгор Васільевіч, ці прыжылося на Століншчыне свята «Дажынкі»?
— Прыжылося, ды яшчэ як, бо тут нарадзілася. Памятаю, з якім энтузіязмам і настроем усім раёнам рыхтаваліся прыняць удзельнікаў памятнага першага рэспубліканскага фестывалю. А потым яшчэ тройчы ладзілі абласныя «Дажынкі». Дзякуючы гэтаму ідэальна навялі парадак у кожным населеным пункце.
Народны абрад «Дажынкі» ў нас мае багатыя карані. Сталічныя спецыялісты прыязджалі і вывучалі яго. Гэта па іх прапанове першае рэспубліканскае свята хлебаробаў правялі ў Століне. Гэту традыцыю захоўваем. За год вызначаецца месца чарговага. Сёлета гасцей будзе прымаць вёска Ніжні Церабяжоў. Колькі імпэту і настрою падзея надае тутэйшым. Кожны гаспадар імкнецца сваю сядзібу зрабіць узорнай. Такія масавыя мерапрыемствы значна кансалідуюць грамадства.
— У чым феномен прывязанасці столінцаў да родных мясцін?
— Адназначна адказаць складана. Пэўна, мяккі палескі клімат, урадлівая зямля, аддаленасць ад вялікіх гарадоў і іншае спрыяюць гэтаму. У нас шмат вялікіх сем’яў. Жартуем пра сакрэт высокай нараджальнасці: столінцы жывуць у экалагічна чыстых керамічных дамах, карыстаюцца гліняным посудам, таму добра захоўваецца мужчынскае і жаночае здароўе. Штогод рэгіструецца амаль паўтысячы шлюбаў, нараджаецца больш за 1200 дзяцей. У нас 2500 шматдзетных сем’яў. Кожная трынаццатая жанчына ў Беларусі, якая адзначана ордэнам Маці, з нашага раёна. Ордэнам Маці ўзнагароджаны 730 жанчын.
Перакананы, што патрыятызм пачынаецца з сям’і, у якой пануе ўзаемапавага і любоў. Падтрымліваем моладзь, дапамагаем уладкавацца. Як вынік — бурліць жыццё ў нашай глыбінцы. Дзве перапоўненыя вучнямі сярэднія школы ў аграгарадку Альшаны. Чацвёртую яслі-сад — сярэднюю школу ўзводзім у Століне. Маладыя застаюцца працаваць на зямлі, заводзяць сем’і, будуюць жыллё. Цэглаю забяспечвае Гарынскі камбінат будматэрыялаў. У год выпускаецца звыш 21 мільёна штук керамічных блокаў. Абсталяванне дазваляе на трэць павысіць выхад прадукцыі. Стрымлівае рэалізацыя. Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва чамусьці выключае выкарыстанне керамікі на ўзвядзенні жылых дамоў. Мы сабралі ўдзельнікаў жыллёвага кааператыва і пацікавіліся, якім будматэрыялам яны аддаюць перавагу. Амаль усе выбралі керамічныя блокі. Праекціроўшчыкі перапрацавалі праект гэтага кааператыўнага дома.
З керамічных блокаў, вырабленых на нашым камбінаце, у райцэнтры ўзвялі праваслаўны храм Святога Лукі Сімферопальскага. Будоўля стала па-сапраўднаму народнай. З такіх супольных спраў пачынаецца адзінства нацыі. Яно заснавана на агульных інтарэсах прадстаўнікоў розных прафесій, узростаў, канфесій. Агульная справа згуртоўвае людзей. Значнай падзеяй стала ўсталяванне шасці купалаў. З Кобрына прыбыў спецыяльны кран для падняцця амаль на 50 метраў галоўнага купала вагою восем з паловай тон. Пяць меншых вагой — кожны па шэсць тон. Мантажом займаліся вопытныя спецыялісты Столінскай ПМК-24. Храм заззяў сваім прыгожым абліччам.
У аграгарадку Альшаны, дзе з васьмі тысяч жыхароў большая частка хрысціяне-баптысты, вернікам цесна стала ў двухпавярховым малельным доме. Рашэннем райвыканкама выдзелена пляцоўка для ўзвядзення памяшкання на 3500 месцаў. Будавацца будзе народным метадам.
— Рыгор Васільевіч, зараз у грамадстве больш запатрабаваным стаў патрыятызм. Ці ўсё мы робім дзеля таго, каб нашы землякі, асабліва моладзь, любілі сваю малую і вялікую радзіму, шчыра працавалі, былі дастойнымі грамадзянамі?
— Самы правераны метад — сустрэчы з людзьмі, гутаркі з імі, цікавыя мерапрыемствы. У раёне пяць рэлігійных канфесій, пастаянна сустракаемся з прадстаўнікамі кожнай, адказваем на пытанні.
У дзетсадах і школах вядуцца гутаркі пра патрыятызм, адданасць Радзіме. Ладзяцца дзіцячыя конкурсы. Асабліва гэта работа актывізавалася ў Год народнага адзінства. Правялі аўтапрабегі, прысвечаныя Дню Перамогі і святу дзяржаўнай сімволікі. Маршрут першага перавысіў паўтары сотні кіламетраў — ад райцэнтра да аграгарадка Вялікае Малішава праз аддаленыя вёскі Кароцічы, Велямічы, Турское, Высокае і старажытны Давыд-Гарадок. Вяскоўцы каля падворкаў віталі ўдзельнікаў прабегу. Нават у дождж жыхары Давыд-Гарадка на вуліцах чакалі аўтакалону.
Другі аўтапрабег ахапіў аграгарадок Фядоры і навакольныя вёскі Глінка, Радчыцк, Калоднае, Плотніца, Асаўцы. Завяршыўся на мемарыяльным комплексе ў Стасіне. Там у верасні 1942 года нямецка-фашысцкія акупанты зверскі забілі больш 12,5 тысячы мірных жыхароў. Як сведчаць гістарычныя факты, сярод ахвяр было 3500 дзяцей, амаль столькі ж жанчын і больш за 5000 мужчын. Усяго ў ваеннае ліхалецце акупанты знішчылі ў Століне 15 тысяч мірных жыхароў. Няўжо магчыма забыць перажытае нашым народам у ваенны час.
У райцэнтры захаваліся помнікі архітэктуры ХVІІІ стагоддзя, сярод якіх унікальныя — дзве сінагогі і дом рабіна. Рэстаўрыруем іх. Падтрымліваем належны парадак у двух нашых маляўнічых парках, якім больш за паўтара стагоддзя. Чакае аднаўлення ў чароўным куточку пад шатамі векавых дубоў радавы палац нашчадкаў вядомага рускага савецкага пісьменніка Юрыя Алешы. Аматараў экзотыкі вабяць рэспубліканскія ландшафтныя заказнікі: «Сярэдняя Прыпяць» і «Альманскія балоты». Захаванне ўнікальных прыродных куточкаў і пашана да гісторыі роднага краю аб’ядноўваюць людзей.
— Напэўна, тут важны асабісты прыклад?
— Кожнаму, пэўна, дорагі родныя мясціны. У гэтым палескім кутку мае продкі вырошчвалі хлеб, гадавалі жывёлу. Мелі ладныя надзелы зямлі. Сваім потам яе палівалі. Сапраўдныя кулакі былі, бо не на падушцы, а на кулаку прылягалі, каб не праспаць працу. Нават такія заможныя сяляне, як мае дзяды, у далёкія 1930-я чакалі прыходу Чырвонай арміі. Нягледзячы на ўсе старанні буржуазнай улады, Заходняя Беларусь не стала польскім краем. Упэўнены, што Дзень народнага адзінства зойме пачэснае месца сярод іншых дзяржаўных свят.
За чвэрць стагоддзя працы ў раённых органах улады, у тым ліку дзевяць гадоў на пасадзе старшыні райвыканкама, цудоўна ведаю малую радзіму. Радуюся кожнаму, нават самаму невялікаму поспеху. Прыемна адзначыць, што за апошнюю пяцігодку вытворчасць валавой прадукцыі ў аграпрамысловым комплексе раёна павялічылася на 60 працэнтаў. Галоўную ролю ў развіцці адыграла меліярацыя. Яна закранула амаль 70 працэнтаў нашых сельгасугоддзяў. На абноўленых землях пабудаваны сучасныя жывёлагадоўчыя комплексы. На 100 гектараў сельгасугоддзяў у нас прыпадае 100 галоў буйной рагатай жывёлы. Летась атрымана амаль 130 тысяч тон малака і 19 тысяч тон ялавічыны.
Гонар раёна — вядомыя хлебаробы Рыгор Дзямко, Аляксей Мікуліч, Аляксей Бародзіч, Васіль Кудласевіч, Сяргей Лахадынаў, дактары Міхаіл Прус і Віктар Майсюк, творцы Пётр Астапчук, Іван Супрунчык і прадстаўнікі іншых прафесій.
У раёне 16 сельгаспрадпрыемстваў і амаль 40 фермерскіх гаспадарак. Летась вырашчана 160 тысяч тон садавіны і гародніны. Значна большы ўраджай чакаецца сёлета. На жаль, перапрацоўваецца ў асноўным за межамі раёна, з-за чаго недаатрымліваем фінансы ў бюджэт. Кожны засвоены фермерамі дадатковы гектар зямлі дае адно працоўнае месца. У сельгассектары занята 3500 чалавек з 36 000 працаздольных. Сто рабочых месцаў атрымалі вяскоўцы ў камп’ютарызаванай дзесяцігектарнай цяпліцы фермерскай гаспадаркі Івана Грыба. Большую частку гародніны фермер экспартуе ў Расію.
Сем’ям дадаткова на кожны двор выдзяляем па 40 сотак зямлі. Шматдзетныя сем’і на кожнае дзіця атрымліваюць яшчэ па 5 сотак, а некаторыя гаспадары па паўгектара зямлі і эфектыўна выкарыстоўваюць яе.
На базе былой ПМС у Давыд-Гарадку паспяхова развіваецца фірма «Полессские пряности». Прадукцыя яе: часнок, агуркі, капуста, морква, цыбуля ў дубовых цэбрыках — запатрабавана ў супермаркетах рэспублікі. З дапамогай замежнага інвестара другое нараджэнне атрымаў Гарынскі кансервавы завод.
— Якімі ўяўляеце перспектывы развіцця раёна?
— Мяркую, што дзякуючы кааперацыі павялічыцца вытворчасць сельгаспрадукцыі. Вялікія спадзяванні і на самы буйны ў раёне вытворчы калектыў камбіната будаўнічых матэрыялаў. Гліна з нашага радовішча з высокім утрыманнем жалеза прыгодна для вытворчасці клінкернай цэглы. Цэментная плітка хутка становіцца непрыдатнай, а вырабленая з нашай сыравіны можа служыць паўтара века і не псавацца ад маразоў.
Багатае ў нас і радовішча кварцавых пяскоў, прыгодных для вырабу шкла і фармовачных рэчаў. Засваенне яго чакае свайго часу для наладжвання вытворчасці па абагачэнні сыравіны і выпуску з яе матэрыялаў. Сваё будучае мацуем працай і любоўю да роднай Беларусі. Адданасць Радзіме — гонар для палешука.
— Вялікі дзякуй, Рыгор Васільевіч, за цікавую і змястоўную размову!
Столінскі раён.