Шиномонтаж и СТО: как молодые предприниматели организовали бизнес с помощью госсубсидии

Рух на пад’ёмніку

СТА і шынамантаж звычайна размяшчаюцца побач — для зручнасці вадзіцеляў. Прадпрымальнікі, якія ведаюць гэтыя сферы знутры, упэўненыя ў тым, што рамонт і абслугоўванне аўтамабіля — гэта не проста гайкі круціць. Справа патрабуе пэўных ведаў, пастаяннага іх удасканальвання, а канкурэнцыя да гэтага толькі падштурхоўвае. Маладыя бізнесмены з Маладзечна рамонтам машын і ўстаноўкай шын займаюцца даўно і з цікавасцю. У гэтым ім дапамагаюць назапашаныя веды і вопыт, а таксама стабільны попыт з боку клiентаў. Дзяржсубсідыя на аказанне аўтапаслуг дапамагла дзелавым людзям расправіць крылы, стала штуршком да развіцця і надала больш упэўненасці ў сваіх сілах.

Часцей за ўсё людзі просяць зрабіць дыягностыку падвескі свайго аўто.

Заўсёды ёсць да чаго імкнуцца

Мы iдзём на станцыю аўтасэрвісу, арганізаваную ў Маладзечне каля года таму Андрэем Шкетам. 29-гадовы хлопец па адукацыі аўтаслесар і тэхнік-механік. Акрамя таго, ён завочна скончыў Інстытут прадпрымальнiцкай дзейнасцi па спецыяльнасці «Камерцыйная дзейнасць на рынку паслуг (аўтасэрвіс)». Андрэй арганізаваў сваю СТА з нуля, хоць у наваколлі ўжо працуюць чатыры арганізацыі, якія выконваюць аўтапаслугi. Канкурэнцыя памiж iмi ёсць, але, па словах Андрэя, кожнаму пакуль хапае месца пад сонцам. Ён згадвае, што пайшоў у гэтую сферу свядома, паколькі асвоіў дастаткова практык, звязаных з транспартам: ад працы на канвееры МАЗа да прадаўца аўтазапчастак.

У мінулым годзе хлопец падаў бізнес-план у аддзел садзейнічання занятасці насельніцтва па месцы жыхарства, а праект свой назваў «Аўтаэкспрэс». Вышэйшая адукацыя дазволіла саіскальніку паспяхова абараніць гэты праект, а галоўнае, рэалізаваць яго. Затым Андрэй зарэгістраваў ІП, арганізаваў станцыю тэхабслугоўвання на плошчы 180 квадратных метраў у будынку, які на той момант быў яшчэ не гатовы пад ажыццяўленне аўтапаслуг. Выдзеленая дзяржсубсідыя ў памеры каля 3 тысяч рублёў дапамагла Андрэю купіць кампрэсар, інструменты і гідраўлічны прэс. Зараз на СТА адкрытыя тры боксы, у якіх выконваюцца сумежныя паслугі: ТА, рамонт хадавой часткі і трансмісіі аўтамабіля. Кліентаў хапае, але сезоннасць у бізнесе, вядома ж, прысутнічае: вадзiцелi вязуць паказаць сваіх «жалезных коней» пераважна восенню і вясной. Прадпрымальнік так расказвае пра сваю справу і будні кіраўніка на СТА:

Станок для работы з гіганцкімі шынамі дэманструе Дзмітрый ГУБАР.
— Жыццё маё нібыта падзялілася на «да» і «пасля». Раней я толькі ў тэорыі разумеў, з чаго складаецца якасць і парадак цэнаўтварэння, зносіны з патрабавальнымі аўтамабілістамі, а калі паглыбіўся ў гэтую справу з галавой, зразумеў, як гэта складана — абслугоўваць машыны на практыцы. Кожны дзень даведваешся для сябе нешта новае. Заўсёды ёсць да чаго імкнуцца як у зносінах з людзьмі, так і ў тэхнічных момантах. Рэальная падтрымка дзяржавы для маёй ідэі была вельмі своечасовай, за што асобнае дзякуй аддзелу садзейнічання занятасці роднага горада.

Цэны на паслугі аўтасэрвісу на новай СТА ўмераныя. Сярэдні чэк складае каля 50 рублёў, але ўсё адносна. Кліенты, як правіла, любяць звяртацца па розных пытаннях да праверанага майстра, які падбярэ запчасткі розных марак, выканае працу комплексна. Запыты бываюць рознымі, але часцей за ўсё людзі звяртаюцца з просьбай зрабіць дыягностыку падвескі свайго аўто, якая каштуе ад 11 рублёў у залежнасці ад колькасці пунктаў агляду.

На СТА працуюць зараз тры наёмныя работнікі, за якіх штомесяц выплачваюцца ўзносы ў ФСАН. Расходная частка гэтага бізнесу ўключае зарплату, арэндныя і камунальна-эксплуатацыйныя плацяжы, выплату адзінага падатку ў памеры 159 рублёў, штомесячныя выдаткі на рэкламныя паслугі (візітоўкі, таргет-анонсы, актыўнасць у сацсетках). Андрэй кажа, што ўсё ж самая надзейная рэклама — маркетынг з вуснаў у вусны. Калі чалавекам пачутая навіна аб тым, што нечы аўтамабіль быў менавіта тут якасна і бюджэтна адрамантаваны, то верагоднасць яго звароту ў пэўны аўтасэрвісны пункт будзе высокая.

Роўныя колы

Ідзём знаёміцца яшчэ з адным паспяховым маладым прадпрымальнікам — Ігарам Юркевічам, які спецыялізуецца на рамонце аўтапакрышак. Месца працы гэтага шынамантажу ў Маладзечне выдатна ведаюць не толькі мясцовыя аўтааматары, але і перавозчыкі буйных кампаній, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і заводы, прычым не толькi мясцовыя, але i з розных гарадоў краіны. А справа ў тым, што тут ведаюць усё аб колах рознага памеру. Спецыялісты гатовы даць другое жыццё і легкавым, і гіганцкім шынам для трактараў і камбайнаў.

25-гадовы Ігар скончыў курсы шынамантажу, асвоіў рамонт габарытных шын, мота- і велаколаў у свайго дасведчанага настаўніка — Дзмітрыя Губара, якi ўжо доўга працуе ў гэтай сферы. Дарэчы, гадоў 10 таму Дзмітрый таксама атрымаў субсідыю і пазыку са сродкаў ФСАН на закупку станкоў для працы з грузавымі і сельгасшынамі. Сёння на плошчы больш за 100 квадратных метраў размешчаны 12 станкоў, якія дазваляюць разбіраць, склейваць, устанаўліваць, балансаваць і манціраваць пакрышкі разнастайных тыпаразмераў. Некаторыя з іх па вышыні большыя за рост чалавека, а па вазе дасягаюць 400 кiлаграмаў. Нядаўна тут устанавілі новыя балансіровачны і грузавы шынамантажныя станкі, а таксама пад’ёмнік для буйных колаў.

Ігар паказвае розныя інструменты і ўводзіць у курс справы:


— У старэйшага калегі Дзмітрыя абслугоўваюцца сотні фірмаў, а ў мяне — прыватныя асобы, таму работы заўсёды шмат. Справа гэта мне падабаецца, руку я набіў хутка, хоць і малады. Асвойваю якаснае выкананне новых паслуг, якіх у пераліку больш за 25, пастаянна вучуся ў вопытных майстроў.

Ігар Юркевіч пасля паспяховай абароны бізнес-плана атрымаў крыху больш за 3 тысячы рублёў дзяржсубсідыі. На гэтыя сродкі хлопец набыў вулканiзатар, бортарасшыральнік і неабходныя матэрыялы.

— Паколькі спецыфіка маёй працы — шынамантаж аўтамабіляў фізічных асоб, а ў іх попыт сезонны, то ў сярэднім за аказанне паслуг шынамантажу магу выручыць каля 1500 рублёў у месяц. Як ІП спраўна плачу арэнду, адзіны падатак крыху больш за 140 рублёў і 115 рублёў у ФСАН, — рэзюмуе прадпрымальнік-пачатковец.

Ігар Юркевіч і Дзмітрый Губар упэўненыя ў тым, што поспех любога шынамантажу ў першую чаргу залежыць ад залатых рук спецыялістаў, якія на ім працуюць, ад шырокага дыяпазону паслуг, а таксама ад наяўнасці ў непасрэднай блізкасці аўтакластара: СТА, кузаўны рамонт, мыйка, запраўка кандыцыянера, міні-кафэ і г.д. Гэта і зразумела — сучаснаму аўтамабілісту зручней абслужыць свайго «каня» ў адным месцы, а не марнаваць час на паездкі па гаражах і боксах у розных частках горада.

КАМПЕТЭНТНА

Ірына ВАРАТЫНСКАЯ, начальнік аддзела садзейнічання занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Маладзечанскага райвыканкама:

— З пачатку гэтага года 14 чалавек, якія абаранілі бізнес-план і зарэгістравалі ІП, атрымалі дзяржаўныя субсідыі на суму каля 38 тысяч беларускіх рублёў. 26 беспрацоўных па накіраванні службы занятасці прайшлі навучанне на курсах «Прадпрымальнік». Пасля навучання 11 з іх атрымалі фінансавую падтрымку — субсідыю на арганізацыю ўласнай справы. 

Найбольш запатрабаваны кірунак для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці ў нашым раёне — гэта сфера аказання розных паслуг: абслугоўванне і рамонт аўтамабіляў, пашыў швейных вырабаў, прадастаўленне касметычных паслуг, цырульні і салоны прыгажосці, паслугі па грамадскім харчаванні, арганізацыя адпачынку і забаў, кансультацыі насельніцтву. Актыўна развіваюцца рамесная дзейнасць, аграэкатурызм.

shimuk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter