Унікальныя рамёствы Беларусі — гэта наш здабытак, які дзяржава ўсяляк падтрымлівае. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка 21 жніўня падпісаў Указ № 328 «Аб ажыццяўленні фізічнымі асобамі рамеснай дзейнасці». Дакументам зацверджана Палажэнне аб ажыццяўленні фізічнымі асобамі рамеснай дзейнасці. Савету Міністраў даручана да 1 верасня вызначыць пералік відаў рамеснай дзейнасці. У яго, у прыватнасці, плануецца ўключыць кавальскую справу, мастацкую апрацоўку і роспіс вырабаў з дрэва, каменю, керамікі, выраб пражы, а таксама асобныя традыцыйныя нацыянальныя віды рамёстваў. Адначасова ў мэтах адраджэння ўнікальных рамёстваў мясцовыя органы ўлады надзелены правам вызначаць дадатковыя віды такой дзейнасці на сваёй тэрыторыі.
Спецыялісты аддзела Вера Дзевятчанка, Алена Міхед, Іна Пацынка, Анастасія Зелянко і Юліана Васюхоўская.
На пачатку новага навучальнага года бацькі думаюць не толькі пра тое, як падрыхтаваць адзенне і ранец для школьніка. Не менш важна вызначыцца з пазашкольнымі заняткамі, якія дапамогуць дзецям развіваць свае таленты. Педагогі таксама клапоцяцца пра тое, каб зацікавіць дзяцей. Так, у Слоніме на працягу лета майстры Слонімскага раённага цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў праводзілі майстар-класы для ўдзельнікаў летніх лагераў, а 2 верасня арганізуюць для школьнікаў маштабную прэзентацыю сваіх тэматычных гурткоў. Для гэтага ў іх ёсць усе ўмовы: у красавіку ў аддзеле рамёстваў адкрылі выставачную залу «Ад мінулага да сучаснага». Пазнаёміліся з новай культурнай прасторай і мы. З 1 па 8 верасня 2024 года ўстановы культуры клубнага і змешанага тыпу Гродзенскай вобласці ўпершыню прымуць удзел у абласным рэкламным тыдні, прымеркаваным да Года якасці.
— Кожны чалавек павінен ведаць, дзе яго карані, як жылі яго продкі, — упэўнена загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Слонімскага раённага цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў Анастасія Зелянко. — Таму перш за ўсё ў выставачнай зале мы размясцілі пастаянна дзеючы этнакуток, а таксама зменныя выстаўкі творчых работ сучасных майстроў Слонімшчыны. Многія гады спецыялісты аддзела рамёстваў выязджалі ў экспедыцыі і даследавалі вёскі, каб сабраць і захаваць этнаграфічныя ўзоры народнай культуры.
Народны майстар Алена Міхед дэманструе прадметы, звязаныя з жаночай працай. Дзякуючы драўлянаму рубелю і качалцы нават ільняное палатно рабілася роўным.
— З вёскі Паўлава нам прывязлі кросны, якім больш за 100 гадоў, — расказвае Алена Мікалаеўна. — У нашым раёне яшчэ ёсць бабулі, што вышываюць, але ткачых няма.
Адраджаць ткацтва на кроснах першай у аддзеле пачала Алена Міхед, і зараз сваё майстэрства яна перадае Іне Пацынка — майстру аддзела рамёстваў. У мінулым годзе Алена Міхед атрымала званне народнага майстра. Таленавітая жыхарка Слоніма дэманструе працэс ткацтва: гэтая карпатлівая праца патрабуе дакладнасці.
— Напрыклад, для жаночай кашулі я выткала прыкладна 3 метры вузкага палатна, — падлічвае Алена. — Працавала час ад часу на працягу месяца.
Слонімскія майстры таксама адраджаюць традыцыйны строй беларусаў Панямоння. Для знакамітых паўлаўскіх каравайніц пашылі святочныя касцюмы, упрыгожаныя ручной вышыўкай.
У экспазіцыі выставачнай залы дэманструюцца керамічныя вырабы творчай сям'і Салейка, вязаныя сурвэткі «Чароўныя карункі», зробленыя Ірынай Пятроўскай. Майстар Ларыса Альховік прадставіла калекцыю габеленаў «Натхненне роднымі мясцінамі», а таксама вырабы ў тэхніцы «спіральнае пляценне з травы», калекцыю пано ў тэхніцы «аплікацыя саломкай» Анастасіі Зелянко. І гэта толькі малая частка творчых работ.
Акрамя таго, з моманту адкрыцця залы тут правялі дзве персанальныя выставы. «Чароўны свет выцінанкі» прадставіла Людміла Руткоўская. Разьбяр Васіль Грабун увасобіў свой аўтарскі погляд у персанальнай выставе «Другое жыццё дрэва».
— Для вучняў школ з красавіка мы праводзім інтэрактыўныя праграмы «Ад мінулага да сучаснага», — дадае Анастасія Зелянко.
— Падчас інтэрактыву можна паспрабаваць качаць саматканае льняное палатно поцягам, навіць нітку на цэўку, убачыць працэс ткацтва на кроснах, прыняць удзел у інтэлектуальных гульнях. Многія з іх прысвечаны тэматыцы «Мая Радзіма — Беларусь».У кожнага з майстроў, з якімі пазнаёміліся, — своеасаблівае захапленне. Іна Пацынка такія гісторыя расказала пра свае лялькі-абярэгі, што я ледзьве не папрасіла стварыць такую і для мяне. З іх дапамогай у тых, хто звярнуўся да Іны Міхайлаўны, наладжвалася сямейнае жыццё.
Вера Дзявятчанка займаецца тэкстыльнымі сувенірамі. Яе буслы так і вабяць вока, хочацца ўважліва разглядаць кожную дэталь іх аздаблення. Адны адлюстроўваюць святочны настрой падчас Вялікадня, другія — Раство Хрыстова.
Майстар таксама вучыцца ткаць паясы на настольным стужкаткацкім станку і рабіць габелены. Метадыст Юліана Васюхоўская паказвае майстар-класы па выцінанцы і іншых відах рамёстваў.
— Вельмі важна перадаць нашы ўменні і навыкі падрастаючаму пакаленню, захаваць традыцыі нашых продкаў, — падкрэслівае Анастасія Зелянко, якая папулярызуе тэхніку «аплікацыя саломкай» і навучае гэтаму рамяству ўсіх жадаючых. — Без мінулага нельга ўявіць сучаснасць і будучыню.
ЛІЧБЫ І ФАКТЫ
На пачатку гэтага года ў Гродзенскай вобласці функцыянавала 93 калектывы аматарскай творчасці (55 фальклорных гуртоў, з іх 22 — дзіцячыя), 30 аматарскіх аб'яднанняў, 8 калектываў народнай песні, музыкі, танцаў, дзейнасць якіх скіравана на захаванне і развіццё мясцовай традыцыйнай культуры. Сярод іх 22 — з найменнем «народны», «узорны», адзначыла намеснік дырэктара Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Наталля Рамановіч.
На сённяшні дзень у вобласці працуе 926 майстроў народнай творчасці, з іх 655 займаюцца традыцыйнымі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, 27 маюць ганаровы статус «Народны майстар Рэспублікі Беларусь», 45 майстроў — члены грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз майстроў народнай творчасці».
yasko@sb.by