Узнали, почему в честь 23-летнего партизана Высоцкого названа улица в деревне Горск Березовского района

Рота атрымала заданне

23‑гадовы партызан і камандзір Іван Высоцкі загінуў у баі пад Горскам за некалькі месяцаў да вызвалення Бярозаўскага раёна

Імёнамі герояў Вялікай Айчыннай вайны названа нямала вуліц райцэнтра Бяроза, навакольных вёсак і аграгарадкоў. Сярод тых, хто такім чынам з гонарам ушанаваны, вядомы военачальнік — зямляк з Бярозаўшчыны генерал-лейтэнант Сцяпан Любарскі, камандзір Брэсцкага партызанскага злучэння Сяргей Сікорскі, арганізатары і кіраўнікі партызанскага руху ў Брэсцкай вобласці і Бярозаўскім раёне Павел Пранягін і Лявон Здановіч, камандзіры партызанскіх брыгад і атрадаў Мікалай Бабкоў, Сямён Яроцкі і Аркадзь Калупаеў, лётчыкі Іван Валасевіч і Міхаіл Бугаркоў… Цэнтральная вуліца ў вёсцы Горск носіць імя Івана Высоцкага. 23‑гадовы камандзір роты партызанскага атрада № 345 загінуў у баі пад Горскам за некалькі месяцаў да вызвалення Бярозаўскага раёна.

Вуліца імя Івана Высоцкага.

Некалі Горск быў вялікай вёскай, дзе жылі паўтысячы чалавек. Сёння жыхароў няшмат. Нягледзячы на гэта, вёску ніяк не назавеш закінутай — хаткі дагледжаныя, цэнтральная вуліца заасфальтаваная, транспартная сувязь з райцэнтрам і Брэстам штодзённая, аўталаўка прыязджае два разы на тыдзень. Жыццё працягваецца…

— У 1974 годзе рашэннем Малецкага сельвыканкама вуліца Маскоўская, на якой знаходзіцца бацькоўскі дом, была перайменавана і атрымала імя Высоцкага, — расказвае метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы Бярозаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Ала Гук. — Малымі мы не вельмі цікавіліся, што за Высоцкі і чаму вуліца змяніла назву. Зараз зразумела: тое рашэнне мясцовай улады было правільным, гэта пашана і даніна павагі чалавеку, які загінуў за вызваленне нашага краю.

Ала Гук.

Інфармацыю пра маладога кіраўніка партызанскага атрада сёння можна знайсці ў свабодным доступе дзякуючы спецпраекту «Партызаны Беларусі» выдавецкага дома «Беларусь сегодня» і Нацыянальнага архіва Беларусі.
Іван Высоцкі.

Іван Сямёнавіч Высоцкі нарадзіўся 28 сакавіка 1920 года ў вёсцы Лявонаўка Сямёнаўскага раёна Чарнігаўскай вобласці. У Чырвонай арміі з 1937‑га.

Яму было ўсяго 17 гадоў, — звяртае ўвагу Ала Гук. — З нашага сучаснага погляду — дзіця, яму б з дзяўчатамі сустракацца, а ён выбраў ваенную жыццёвую сцежку. У 1939‑м скончыў Тамбоўскае Чырванасцяжнае кавалерыйскае ваеннае вучылішча. У пачатку Вялікай Айчыннай працаваў інструктарам коннай справы Куйбышаўскага пяхотнага вучылішча.

У кастрычніку 1941 года Высоцкі на Заходнім фронце, камандзір самакатнай роты 23‑й паветрана-дэсантнай брыгады 10‑га паветрана-дэсантнага корпуса. У чэрвені 1942‑га трапіў у акружэнне і быў узят у палон. Але збег праз дзірку з вагона цягніка, які ішоў у Германію, ра­зам з чатырма ваеннапалоннымі. З 10 верасня 1942 года Высоцкі ў 345‑м партызанскім атра­дзе Магілёўскай вобласці — радавы, камандзір узвода, камандзір роты.
Удзельнік пяці баявых аперацый — яго рота пусціла пад адхон чатыры варожыя вайсковыя эшалоны з тэхнікай і жывой сілай, разграміла гітлераўскі гарнізон, знішчыўшы больш за два дзясяткі фашыстаў. За баявыя подзвігі быў прадстаўлены да ордэна Чырвонай Зоркі.
Восенню 1943 года 345‑ы партызанскі атрад пад камандаваннем Сямёна Адамавіча Яроцкага па загадзе Беларускага штаба партызанскага руху перадыслацыраваўся з Магілёўскай вобласці на Брэстчыну — у Бярозаўскі раён, дзе працягваў змагацца з фашыстамі. Камандзір роты Іван Высоцкі характарызаваўся як энергічны, валявы, ён быў аўтарытэтам сярод падначаленых, умеў кіраваць боем.

Загінуў Іван Высоцкі 27 лютага 1944-га, месяц не дажыўшы да свайго 24‑годдзя. Апошняму бою партызанскага камандзіра прысвечана асобная глава «Страты пад Горскам» у кнізе ўспамінаў Сямёна Яроцкага «Ідзе вайна народная».

Брацкая магіла савецкіх воінаў.

Ала Гук прывяла вытрымку з гэтай кнігі (дарэчы, асобнік захоўваецца ў Бярозаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі) пра падзеі 80‑гадовай даўніны:

— Сямён Яроцкі піша, што 27 лютага першая рота атрымала заданне адправіцца на шасэ Брэст — Баранавічы для захопу зброі і патронаў. Камандзір першай роты старшы лейтэнант Высоцкі размясціў роту для засады ў 1,5 кіламетра на ўсход ад вёскі Лука, зараз гэта Кобрынскі раён. Каб падманіць немцаў, партызаны павалілі некалькі тэлеграфных слупоў з лініяй тэлефоннай сувязі. Хутка з Лукі прыйшлі фашысты наладжваць сувязь. Партызаны адкрылі агонь, завязаўся бой. На падмогу немцам з вёскі падцягнуліся каля 250 карнікаў. Пад прыкрыццём бронемашыны яны пайшлі ў атаку. Сілы праціўніка пераўзыходзілі партызанскія ў пяць разоў, таму нашы вымушаны былі адступаць, але здолелі знішчыць бронемашыну і аўтобус, прыстрэлілі паўсотні эсэсаўцаў. Партызаны страцілі ў тым баі камандзіра Высоцкага, байцоў Хіжко, Губіча, Мамедава, Папко, Бурага.


За праяўленыя доблесць і мужнасць старшы лейтэнант Іван Высоцкі ўзнагароджаны (пасмяротна) ордэнамі Чырвонай Зоркі (1944 год) і Айчыннай вайны ІІ ступені (1948 год). Дарэчы, узнагародны ліст у 1943 годзе падпісаў сам Пётр Захаравіч Калінін, начальнік Беларускага штаба партызанскага руху, легендарны партызанскі камандзір.

Пасля вайны Іван Высоцкі і яго баявыя таварышы былі перапахаваны ў брацкай магіле ў Камсамольскім скверы Бярозы. У 1974-м рашэннем Малецкага сельвыканкама імем Івана Высоцкага названа вуліца ў вёсцы Горск. На фасадзе Горскага сельскага клуба ў гонар загінуўшых партызан была ўстаноўлена мемарыяльная дошка, якую некалькі гадоў таму перанеслі да брацкай магілы савецкіх воінаў, што ў кіламетры ад Горска і недалёка ад таго месца, дзе загінуў адважны камандзір…

Захопнікі былі канчаткова выгнаны з тэрыторыі Бярозаўскага раёна 138‑м гвардзейскім палком 17 ліпеня пасля вызвалення вёскі Горск, аб чым сведчыць мемарыяльная дошка каля брацкай салдацкай магілы…  

kozlovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter