Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.
Наша мова ўпарадкавана так, што мы не можам абысціся без службовых слоў, якія выконваюць дапаможную функцыю і, вобразна кажучы, абслугоўваюць знамянальныя часціны мовы. Службовыя словы выкарыстоўваюцца даволі часта і складаюць каля 25 працэнтаў ад агульнай колькасці слоў у маўленні. З-за сваёй актыўнай паўтаральнасці злучнікі, часціцы, прыназоўнікі прымушаюць нас не адзін раз задумвацца над тым, як правільна іх пісаць. Сюды трэба дадаць яшчэ той факт, што гэтыя словы часцей за ўсё маюць складанае паходжанне: утварыліся шляхам зліцця з іншымі часцінамі мовы: звыш, насустрач; прычым, затое; ўсё-такі, так-так. Прыназоўнікі і злучнікі трэба адрозніваць ад словазлучэнняў прыназоўнікаў з адпаведнымі займеннікамі ці неазначальна-колькаснымі словамі: паволі рабіў, затое грунтоўна (але: за што ўзяў, за тое і аддаў). Напрыклад, у роднай мове ёсць злучнік дый (Дзівосы дый толькі!) і спалучэнне злучніка ды і часціцы і (Мне здаецца, гэта трохі несумленна з іх боку выклікаць слёзы ў патэнцыяльна слабанервнай аўдыторыі, ды і яшчэ такімі спосабамі).
Многім з нас прыходзілася перадаваць на пісьме шум ветру, мора, стракатанне коніка, подых навальніцы ці нешта да гэтага падобнае. Як абазначыць літарамі, напрыклад, клёкат бусла, ціўканне птушак або... куль? Мы спрабуем гэта рабіць пры дапамозе гукаперайманняў.
Гукаперайманні (анаматапея) — свайго роду імітацыя гукаў наваколля сродкамі мовы — моцна адрозніваюцца ў залежнасці ад асаблівасцей культуры і менталітэту народа, які размаўляе на той ці іншай мове. У нас, напрыклад, няма слоў — абазначэнняў лёту стралы, тады як ў паўднёваамерыканскіх індзейцаў гэта пазначаецца словамі тора тай. Папуасы Новай Гвінеі шум мора пазначаюць гукаперайманнем буху баха і. Такіх прыкладаў мноства. Чалавек перадае словамі тое, што для яго звыкла. Аднак перадае па-свойму.
Напрыклад, беларускаму кукарэку адпавядае падобнае слова ў французскай мове cocorico і зусім не адпавядае англійскае cock-a-doodle-doo. Цяжка ўявіць, што беларуская, нямецкая, англійская ці французская свіння выдае свае “вырознівальныя” гукі. Нават у блізкамоўным суседстве мы чамусьці маем рускае хрю-хрю і беларускае рох-рох. І калі па-руску свіння хрюкает, то па-беларуску рохкае. Зразумела, што справа не ў свіннях, а ў нас — людзях, бо менавіта мы агучваем іх гукі.
Гукі-крыніцы маюць складаную прыроду. Дакладная іх імітацыя немагчыма, таму мы і выбіраем толькі адзін са складнікаў гэтага гука як узор для пераймання. У такім “ачалавечванні” гукаў жывой і нежывой прыроды хаваецца складаная арганізацыя ўспрымання чалавекам пачутага.
У вершаваных творах падобныя словы могуць надзвычай тонка “маляваць” гукапісам змест, перадаваць дынамічны сюжэтны малюнак, ствараць ментальны каларыт. Так, у Янкі Купалы чытаем:
Тругу-гугу! Тругу-гугу!
Зноў трублю сярдзіта;
Лясь-лясь! Лясь-лясь! —
свішчу зброяй
Грозна, санавіта.
Толькі часам мм-у, мм-у! —
Замычыць цялятка;
Бэ-э, мэ-э! Бэ-э, мэ-э! —
Забляе ягнятка.
Рох-рох, цох, цох! Кві, кві,
кві-кві!—
Пісне парасятка,
Ды гі-гі-гі! — адыржэцца
Недзе жарабятка.
Куку-куку! Куку-куку! —
Кукуе зязюля;
Піць-піць! Піць-піць! — каня
кліча,
Як бы после гуляў.
Ву-ву! Ву-ву! — загудзеў жук
Каля вуха смела;
Ззынь-ззынь! Ззынь-ззынь! —
з мёдам з кветкі
Пчолка зазвінела.
Туль-туль-лілі! Туль-туль-
лілі! —
Граю, не зважаю;
Туля-ляля! Туля-ляля! —
Птушкам падцінаю. (Янка Купала. “Кароль”.)
У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” вызначаны нормы напісання разам, праз злучок і асобна прыназоўнікаў, злучнікаў, часціц, выклічнікаў, гукапераймальных і падзыўных слоў.
Звернем увагу на выпадкі напісання падобных слоў разам. Такім чынам, пішуцца разам:
прыназоўнікі, якія ўтварыліся ў выніку зліцця прыназоўніка з назоўнікам: замест, наконт, накшталт, звыш;
прыслоўі, якія ўжываюцца ў якасці прыназоўнікаў і з’яўляюцца вынікам зліцця склонавых форм назоўнікаў з прыназоўнікамі: зверху, наперадзе, наперакор, насустрач (насустрэчу), уперад, уперадзе, услед (услед за цягніком);
злучнікі, якія ўтварыліся ў выніку зліцця прыназоўніка з займеннікам ці словамі колькі, столькі: затое, прычым, прытым, паколькі, настолькі. Такія злучнікі патрэбна адрозніваць ад словазлучэнняў прыназоўнікаў з адпаведнымі займеннікамі ці неазначальна-колькаснымі словамі: паволі рабіў, затое грунтоўна (але: за што ўзяў, за тое і аддаў); паколькі абяцаў, трэба зрабіць (але: бяром па столькі, па колькі дамовіліся);
злучнікі ажно, альбо (або), нібы, нібыта, каб;
злучнік ды з часціцай і (пераважна ў далучальным значэнні), утвараючы складаны злучнік дый: зраблю дый годзе. Складаны злучнік дый, які ўжываецца пераважна для далучэння сцвярджэння закончанасці, спынення дзеяння, неабходна адрозніваць ад састаўнога злучніка ды з часціцай і са значэннем далучэння: ніхто больш не прапанаваў, ды і нічога не хацелася;
займеннікі і прыслоўі з постфіксамі -сь, -сьці: дзесь, хтось, дзесьці, хтосьці, кудысьці, чыйсьці, якісьці;
займеннікі з пачатковай узмацняльнай часціцай а: аніхто, аніяк, анідзе, анікуды. Часціца а- пішацца разам з часціцай ні: ані воблачка, ані нічога, ані не хачу.
Пра астатнія выпадкі пагаворым у наступную суботу.
Зваротная сувязь
Паважаная рубрыка! У адным з суботніх нумароў газеты гаварылася пра напісанне праз злучок лічэбнікаў, дзе падаваўся такі прыклад: 2—3 гады. Напісана праз працяжнік. Ці адпавядае гэта сучасным правілам? Наталля Уладзіміраўна, г. Мінск
— Дзякуй за ўвагу да нашай рубрыкі. Такое напісанне магло мець месца па прычыне друкарскага набору, дзе стандартнай друкарскай рысачкай з’яўляецца доўгі працяжнік (em dash), які па шырыні адпавядае кегельнаму (em) і крыху танчэйшы за злучок.
Арфаграфічна карэктным трэба лічыць напісанне лічэбнікаў, напісаных словамі або лічбамі, якія абазначаюць прыблізны лік, праз злучок(!): восем-дзевяць гадоў, дзве-тры гадзіны, сёмае-восьмае стагоддзе, 2-3 гады.
Добры дзень! Скажыце, калі ласка, як правільна: Шаркаўшчына ці Шаркоўшчына, Шаркоўшчынскі ці Шаркаўшчынскі раён? Дзякуй. Валянціна Іванаўна
— У напісанні назвы гарадскога пасёлка Віцебскай вобласці сапраўды назіраецца арфаграфічны разнабой. Гэта вынікае з правапісных варыянтаў, прапанаваных некаторымі даведнікамі. Аднак трэба арыентавацца на найбольш аўтарытэтныя лінгвістычныя выданні. Так, у “Арфаграфічным слоўніку” М.П.Лобана, М.Р.Судніка зафіксавана: Шарк?оўшчына, шарк?оўшчынскі (Мінск, 1971. С. 289). Тое ж назіраем і ў “Слоўніку беларускай мовы” пад рэдакцыяй акадэміка М.В.Бірылы (Мінск, 1987).