Аляксандр Казарскі
Пэўна, многія чытачы газеты ведаюць пра подзвіг героя Руска-турэцкай вайны (1828-29) капітана Аляксандра Казарскага і яго каманды. 14 мая (27-га па новым стылі) 1829 года 18-гарматны брыг “Меркурий” прыняў на Чорным моры бой з лінейнымі караблямі турэцкага флоту, якія значна пераўзыходзілі яго па моцы ўзбраення, і выйшаў з бітвы пераможцам. Не ўсім, аднак, вядома: многія старонкі жыцця Аляксандра Казарскага звязаны з Мікалаевам. Не надта задумваліся пра тое і мы, сябры мясцовай беларускай суполкі “Голас Радзімы”. Мы толькі разгортваем дзейнасць, прычым у цесным кантакце з праўленнем Усеўкраінскага саюза беларусаў. Шукаем і тое, што можа спрыяць наладжванню цесных культурных, дзелавых кантактаў з Беларуссю. Таму і адгукнуліся на просьбу-прапанову з газеты “Голас Радзімы”: пацікавіцца “слядамі” Аляксандра Казарскага, ураджэнца беларускага горада Дуброўна, у нашым горадзе. Бо вядома, што ён у Мікалаеве вучыўся, памёр і пахаваны.
Магіла і вуліца Казарскага
Будынак Мікалаеўскага штурманскага вучылішча, дзе вучыўся, быў кадэтам будучы герой, не ацалеў. Дарэчы, ніводнага дакумента, які прама пацвярджаў бы факт той вучобы, да нашага часу не дайшло: ёсць толькі ўскосныя згадкі, у тым ліку і ўспаміны афіцэраў, якія былі аднакашнікамі героя па вучылішчы. Ды ўсё ж аўтар кнігі “Казарский. Память его из рода в род на вечные времена” (Мікалаеў, 2009, выдавецтва Ірыны Гудым) Ігар Кісараў, які стаў сябрам беларускай суполкі, упэўнены: менавіта тут і вучыўся наш суайчыннік. Сам Ігар Валер’евіч жыве ў Мікалаеве на вуліцы Казарскага — таму, расказаў нам, і з’явіўся ў яго інтарэс да лёсу героя. Пасля карпатлівай працы выйшла і кніга: амаль на 300 старонак!
Самая знакавая памяць пра Аляксандра Казарскага ў горадзе — яго магіла. Герой-афіцэр памёр маладым, раптоўна і пры загадкавых абставінах 16 чэрвеня 1833 года. На самым ганаровым месцы Мікалаеўскага некропаля пад аховай храма Усіх святых удзячныя нашчадкі ўзвялі пазней манумент. “Узводзіўся сіламі і сродкамі Чарнаморскага флоту”, — чытаем у кнізе Ігара Кісарава. Праект надмагільнага помніка (чорны граніт, вышыня каля 3-х метраў) распрацаваў акадэмік архітэктуры Аляксей Аўдзееў, і помнік быў пастаўлены ў 1865-м. Па ягоным праекце будаваўся (1857-70) і знакаміты Храм-помнік святога Мікалая Цудатворцы на Брацкіх могілках удзельнікаў першай абароны Севастопаля (Крымская вайна, 1853-56) — гэта на Паўночнай старане горада-героя.
Ля помніка Аляксандру Казарскаму ў Мікалаеве
Імем Казарскага названая і вуліца ў Мікалаеве. Гэта яе “карэнны жыхар” Ігар Кісараў капаў да самых глыбінь архіўныя сховішчы былога Саюза, па драбніцах сабраў усё, што звязана з асобай героя. Быць падобнымі да Казарскага мараць цяпер юнгі Мікалаеўскай марской школы. І Алена Кісарава, “правая рука” бацькі пры падрыхтоўцы і выданні кнігі пра Казарскага, ужо з 3-х гадоў прыбірае па святах сына Алежыка ў матроскую цяльняшку і бесказырку. І сябар нашай суполкі Анатоль Яўменчыкаў, выхадзец з сям’і сялян-беларусаў, які даслужыўся да звання капітана І рангу ў штабе ВМС Украіны, пайшоў у маракі дзякуючы рамантычным дзіцячым марам: хацеў быць падобным да свайго легендарнага земляка.
У кнізе пра Казарскага выказана падзяка мецэнатам і спонсарам, дзякуючы якім яна выйшла. Сярод вядомых на Мікалаеўшчыне мецэнатаў ды проста неабыякавых да лёсу і гісторыі роднага краю людзей ёсць і прадпрымальнік Ігар Петраш — сын Аляксандра Петраша (светлая яму памяць), таленавітага журналіста, абаяльнага чалавека, нястомнага прапагандыста айчыннай гісторыі. Дзякуй табе, Ігар, ад імя калегаў па пяры твайго бацькі і ад землякоў Казарскага — беларусаў з Мікалаева.
Мудрыя людзі раяць сузіраць вялікае ў цішыні, вось і пісаць пра Казарскага ўладкавалася я на лецішчы. А нашае садовае таварыства “Інгулка” суседнічае з вуліцай, якая носіць яго імя: між намі толькі рака Інгул. З супрацьлеглага берага яе велічна глядзіцца ўскраіна Мікалаева: проста карціна для натхнення. Што ж, акунемся ў падзеі даўно мінулых дзён...
Беларускі Мікалаева з Ігарам Кісаравым на вуліцы Казарскага
Сіла духу і вечная слава
19 лютага 1814 года прыяцелі Казарскага адзначалі яго ўвядзенне ў першы афіцэрскі чын: ён — мічман. Праз пяць гадоў — лейтэнант. На фрэгаце “Евстафий” прайшоў добрую камандзірскую школу. За праяўленую ў баталіях пры штурме Варны (верасень 1828 года) адвагу ўзнагароджаны залатой шабляй. У хуткім часе Галоўны камандзір ЧФ адмірал Аляксей Грэйг прызначыў яго камандзірам брыга “Меркурий”: за плячыма 30-гадовага афіцэра было ўжо 15 гадоў службы на флоце. Звяртаючыся да подзвіга Казарскага і яго каманды, многія даследчыкі імкнуцца зразумець: як такое стала магчымым? Што за сакрэт быў у тых маракоў, якія з 18-ю гарматамі “Меркурия” прынялі бой супраць двух турэцкіх караблёў (110-гарматнага “Селіміе” (“Сіла”) ды 74-гарматнага “Рэал-бей”) і выйшлі пераможцамі? У розных крыніцах знаходзім згадкі пра тое, што Казарскі памятаў і свята шанаваў выслоўе, што існуе на флоце: “Судна без зладжанага экіпажа — мёртвае”. У падначаленні капітана былі 4 афіцэры і 109 ніжэйшых чыноў. Сілу духу іх можна сабе лягчэй уявіць, чытаючы кнігу Ігара Кісарава. Там, у прыватнасці, прыводзяцца настаўленні па маральным абліччы марскіх афіцэраў Расійскага імператарскага флоту, расказваецца пра афіцэрскі савет на брыгу, які адбыўся перад самым пачаткам бітвы 14 мая 1829 года. Тады і было прынята ўсімі рашэнне: не здавацца, абараняцца да апошняга, а калі спатрэбіцца, то і загінуць усім разам у імя перамогі.
Тры гадзіны доўжылася тая бітва, якая ўвайшла ў гісторыю Чарнаморскага флоту, ды і ў сусветную, як зорны момант высокай вернасці прысязе, адданага служэння Айчыне. Такія подзвігі заўсёды будуць прыкладам для ўсіх. “Казарскому. Потомству в пример” — так напісана і на высокім пастаменце помніка брыгу “Меркурий” і яго капітану, які быў закладзены на Марскім бульвары ў Севастопалі ў 1834 годзе, праз год пасля смерці нашага легендарнага земляка, і адкрыўся ў 1839-м. Сродкі на помнік збіралі маракі па ініцыятыве адмірала Міхаіла Лазарава: ён з лета 1834-га стаў камандуючым ЧФ і камандзірам партоў Севастопаля і Мікалаева. Дарэчы, гэты помнік ураджэнцу Беларусі Аляксандру Казарскаму і подвігу брыга “Меркурий” — самы першы з узведзеных у Севастополі.
Як адчуваў сябе пасля пераможнай бітвы наш суайчыннік? Ён сваёй камандзе найперш аддае належнае! У рапарце Галоўнаму камандзіру Чарнаморскага флоту і партоў генерал-адміралу Грэйгу Казарскі піша, што ў яго “не знаходзіцца слоў для апісання адвагі, самаадданасці і дакладнасці, з якімі выконвалі свае абавязкі афіцэры і ніжнія чыны”. І дадае: “І толькі такому вартаму здзіўлення духу экіпажа… можна прыпісаць выратаванне … судна”. А вось пісьмовае сведчанне аднаго з удзельнікаў бітвы — штурмана турэцкага лінкора, які кажа пра бліскучую перамогу “Меркурия”: “Мы не маглі прымусіць яго здацца. Ён біўся, адступаючы і манеўруючы, з усім мастацтвам да таго, што, сорамна сказаць, мы спынілі бітву... Калі ў вялікіх дзеяннях старажытных і нашых часоў знаходзяцца подзвігі адвагі, дык гэты ўчынак — найярчэйшы сярод іх, а імя гэтага героя вартае таго, каб быць напісаным залатымі літарамі на храме славы: ён называецца капітан-лейтэнант Казарскі, а брыг — “ Меркурий”.
Брыг “Меркурий” на вядомай карціне І. Айвазоўскага
Вытокі подзвігу — у Дуброўне, на Дняпры
Тут варта згадаць і пра час (16 чэрвеня 1798 года, магчыма, што і 1797-га), і пра месца нараджэння Аляксандра Казарскага — горад Дуброўна на Дняпры, на Віцебшчыне. Як вядома, спрадвеку ў тых мясцінах мужчыны ведалі судаходную справу, бо па Дняпры праходзіў вялікі ўчастак даўняга воднага шляху “з варагаў у грэкі”. Будучы герой — “з польска-ліцьвінскай шляхты”, і яшчэ ў 1855 годзе ў “Российской геральдике” род Козарских указаны пад гербам “Waz” (“Вонжы”, па-беларуску “Вазы”). У праваслаўнай царкве яго хрысцілі, і ў кнізе Ігара Кісарава пададзены фотаздымак з надпісам: “Крыж на месцы храма, дзе, магчыма, хрысцілі Аляксандра Казарскага”. Губернскі сакратар у адстаўцы Іван Казарскі на час нараджэння сына служыў упраўляючым у памесці князя Любамірскага. Ёсць сведчанні, што ён кіраваў і будаўніцтвам праваслаўнай Свята-Троіцкай царквы ў Дуброўне, якая адкрылася ў 1809-м. У сям’і Казарскіх дзяцей было пяцёра: Праскоўя, Кацярына, Матрона, Аляксандр і Мікалай. Навучаўся грамаце хлопчык у царкоўна-прыхадской школе. “Святар Дубровенскага праваслаўнага прыходу навучаў яго грамаце, а малады ксёндз выкладаў асновы матэматыкі, латыні ды французкую мову”, — сцвярджае ў сваёй кнізе Ігар Кісараў.
Ці ведалі ў той час у Дуброўне пра Мікалаеў? Безумоўна! У 1772 годзе царыца Кацярына ІІ падарыла Дуброўна графу Грыгорыю Пацёмкіну, а ён, як вядома, лічыцца не толькі стваральнікам Чарнаморскага флоту, але і заснавальнікам шэрагу гарадоў, у тым ліку і Мікалаева (1789). І ёсць усе падставы меркаваць, што люд з беларускіх зямель актыўна асвойваў тыя тэрыторыі. “У той час дубровенцы перабіраліся ў новаадбудаваны Мікалаеў,” — знаходзім у кнізе І. Кісарава. Мяркую, даследчыкі яшчэ адшукаюць: колькі нашых суродзічаў і якім чынам перабіраліся жыць бліжэй да Чорнага мора.
У святле такога “гістарычнага фону” зразумела, што зусім не выпадкова і Аляксандр Казарскі аказаўся ў Мікалаеве. Даследчыкі сцвярджаюць: неяк праездам з Санкт-Пецярбурга Казарскіх наведаў брат бацькі, надворны саветнік. Ён накіроўваўся ў Мікалаеў “на пасаду сакратара канторы Галоўнага камандзіра Чарнаморскага флоту і партоў”. З тых часоў хлопчык, зачараваны формай марскога афіцэра, свайго хроснага бацькі, ужо марыў пра мора. І ў 1810-м, калі Васіль Казарскі ўжо быў пры высокай пасадзе, хроснік адправіўся ў Мікалаеў. Біёграф А. І. Казарскага са слоў сведак развітання бацькі з сынам-падлеткам так запісаў падрабязнасці сцэны развітання: “Чэснае імя, Саша, — гэта адзінае, што пакідаю табе ў спадчыну”, — з такімі словамі Іван Кузьміч абняў сына. Шляхецкае ж і праваслаўнае выхаванне юнака, заўважым, заключалася ў тым, каб арыентаваць яго не на поспех, а на ідэал. Адважным, сумленным, адукаваным вынікала быць не для таго, каб дасягнуць славы, багацця, высокага чыну, а таму што шляхціц проста такім павінен быць.
Пакінем чытачам магчымасць самім больш даведацца пра далейшы жыццёвы шлях героя. Звернем яшчэ ўвагу на тое, што неяк, выкарыстоўваючы кароткатэрміновы адпачынак, Аляксандр Казарскі ўжо ў званні капітан-лейтэнанта наведаў родныя мясціны. У кнізе Ігара Кісарава чытаем: “Бацькоўскі дом сустрэў яго забітымі аканіцамі. Сусед паказаў магілы бацькі і малодшай з сясцёр. Маці, Таццяна Гаўрылаўна, з’ехаўшы да сябе на радзіму ў Маларосію, не магла прадбачыць, што там ёй давядзецца аплакваць сына”.
Бо так супала, што якраз16 чэрвеня, у той самы дзень, калі ў Дуброўне з’явіўся на свет Саша Казарскі, яго і не стала: доблесны абаронца Айчыны, славуты Аляксандр Іванавіч Казарскі памёр у свае 35 гадоў.
Не зарастае сцежка…
У Мікалаеве, дзе бліскуча пачыналася флоцкая кар’ера нашага суайчынніка, ягоная раптоўная смерць выклікала шок і шмат розных размоў. “Таямніца яго смерці не раскрыта па гэты час”, — чытаем у розных даследчыкаў. А памяць пра Аляксандра Казарскага ў горадзе ўвекавечана. Да яго магілы, кажучы словамі паэта, не зарастае народная сцежка, а па вялікіх святах у храме моляцца за спачын і яго душы. У адзін з выхадных дзён і сябры беларускай суполкі сабраліся наведаць магілу нашага земляка. У царкве Усіх святых на ранішняй літургіі мы лепш змаглі прачуць усё, што звязана з подзвігам героя і яго баявых таварышаў, а затым, у адзіноце, памянуць увесь экіпаж геройскага брыга “Меркурий”. Прыемна было бачыць, што побач з прынесенымі намі пунсовымі і жоўтымі ружамі ля падножжа надмагільнага помніка — цэлая горка кветак. Наведваць магілу Казарскага для многіх мікалаеўцаў стала традыцыяй.
Мясціны ў прамысловым, але экалагічна чыстым раёне на паўночна-ўсходняй ускраіне горада прыгожыя. Мы любаваліся прыбярэжнымі краявідамі: вуліца збягае да рэчкі, кварталы новабудоўляў. Раней тут было шмат пляжаў — цяпер рэчка зарасла чаратом. Вуліцу Казарскага (такая назва з’явілася на карце горада ў лістападзе 1962-га) можна назваць і пасёлкам. Там ёсць і прыгожыя гульнявыя дзіцячыя пляцоўкі: для іх самі бацькі набылі ўсё неабходнае і стварылі казачныя сюжэты. Пакідалі мы мікрараён з пачуццём удзячнасці яго жыхарам — за светлую памяць пра нашага земляка. Мне ж прыемна было на сцяне будынка прачытаць надпіс вялікімі літарамі: “Іна, я цябе люблю!” Парадавалася за цёзку. Як сімвалічна, што ў гэтым кутку Мікалаева жыве любоў! То хай часцей прызнаюцца людзі адзін аднаму ў сваіх светлых пачуццях на вуліцы Аляксандра Казарскага. У памяць пра яго!
Іна Максіменка, ураджэнка Віцебска,
сябар Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны
Голас Радзімы № 41 (3449), чацвер, 5 лістапада, 2015 у PDF
сябар Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны
Голас Радзімы № 41 (3449), чацвер, 5 лістапада, 2015 у PDF