Самый важный фактор активного долголетия

Рэцэпты даўгалецця

Жыццё пражыць — не поле перайсцi. А доўгае жыццё — тым больш. Днямi спецыялiсты агучылi свежыя даныя па колькасцi доўгажыхароў краiны. У Беларусi сёння 43 980 чалавек, якiм ад 90 да 99 гадоў, а 428 перасягнулi стагадовую мяжу. Некалькi год таму нашы самыя сталыя людзi сталi аб’ектам пiльнай увагi ўрачоў i даследчыкаў акадэмiчнай навукi. Вучоныя iмкнуцца высветлiць, пры якiх умовах людзi захоўваюць актыўнае даўгалецце. Ёсць ужо некаторыя папярэднiя высновы.

Фото  pixabay.com

Жанчын сярод нашых доўгажыхароў больш, чым мужчын. А сярод тых, каму ўжо за сто, доля прыгожага полу павялiчваецца: на аднаго мужчыну прыходзiцца ўжо пяць жанчын. У асноўным доўгажыхары маюць вясковую прапiску. Больш самых сталых на Вiцебшчыне, Гомельшчыне i Мiншчыне.     Як правiла, яны не скардзяцца на адзiноту: жывуць         з роднымi альбо тыя часта прыязджаюць у госцi         i дапамагаюць.

Што тычыцца сiстэмы харчавання, то самыя ўзроставыя беларусы ўжываюць мясцовыя прадукты, у тым лiку свiнiну, бульбу, садавiну i гароднiну, якая расце ў iх рэгiёне. Табу не есцi пасля шасцi для iх не iснуе, аднак i тоўстых сярод доўгажыхароў не сустрэнеш. Хутчэй за ўсё, гэта вынiк таго, что яны не вельмi любяць салодкае i да таго ж фiзiчна актыўныя. Большасць з iх мае свой прысядзiбны ўчастак i шчыруе на iм.

Дарэчы, умоўны партрэт беларускага доўгажыхара ў цэлым супадае з сярэднестатыстычным партрэтам доўгажыхара планеты. Па сусветных даследаваннях, больш за астатнiх жывуць белыя жанчыны, якiя займаюцца хатняй гаспадаркай альбо з’яўляюцца прадстаўнiцамi рабочых прафесiй, а значыць, пастаянна рухаюцца. Што тычыцца харчавання, то тут файлы, як кажуць, не сыходзяцца. У кожнай нацыi свае рэкамендацыi. Грэкi, напрыклад, упэўнены, што доўгаму веку садзейнiчае пастаяннае ўжыванне алiўкавага алею, японцы — рыбы i iншых морапрадуктаў. Не ўсё адназначна i з сямейным i сацыяльным статусам. Сярод стагадовых можна пабачыць як шматдзетных бацькоў, пачынальнiкаў вялiкага роду, так i бяздзетных, жанатых, замужнiх i прынцыповых адзiночак. Хтосьцi вядзе выключна здаровы лад жыцця, а ў кагосьцi ёсць i кепскiя звычкi. Адзiнае, што аб’ядноўвае ўсiх доўгажыхароў з розных куткоў планеты, — пазiтыўнае стаўленне да свету i людзей, добразычлiвасць i аптымiзм. I гэтую самую рысу заўважылi таксама беларускiя спецыялiсты. Унутраны стан, выходзiць, куды больш значны за знешнiя ўмовы i абставiны.

Так што тым, хто плануе доўга заставацца «ў тонусе», замест таго каб запазычваць чужыя дыеты, ганяцца за экзатычнымi суперзёлкамi, элiксiрамi маладосцi, варта больш давяраць родным буракам з капустай. Ды i медыкi сцвярджаюць, што мясцовае засвойваецца значна лепей, таму што яго на працягу стагоддзяў ужывалi папярэднiя пакаленнi: арганiзм прызвычайваецца выпрацоўваць ферменты для расшчаплення.

А вось працаваць над светапоглядам i стаўленнем да наваколля не пашкодзiць нiкому. Трэба вучыцца ўспрымаць цяжкасцi з усмешкай, прабачаць крыўды, атрымлiваць асалоду ад простых рэчаў.

Узгадаўся нядаўнi эпiзод з паездкi на электрычцы Мiнск — Орша. Iнтэлiгентны дзядуля ў смешным сiнiм берэцiку раптам устаў, i, абапiраючыся адной рукой на кiёк, а другой — на сцяну… заспяваў. Прыгожа так, пранiкнёна, аж вочы яго заблiшчэлi. Пасажыры ўмомант зацiхлi, хтосьцi падышоў i паспрабаваў пакласцi «за канцэрт» грошы. Аднак артыст зрабiў такi гнеўны жэст, што стала зразумела: не дзеля прыбытку спявае, душа яго просiць гучання, не змог сябе стрымаць.

Вагон перыядычна торгаўся. Было трошкi страшна, што дзядуля раптам пахiснецца i ўпадзе. Але нейкая доўгая народная песня, якую наўрад цi чуў хтосьцi з прысутных, маладзейшых за артыста на паўстагоддзя, гучала i гучала. Было вiдавочна адно: адчуванне радасцi i паўнацэннасцi жыцця, жаданне дзялiцца гэтым пачуццём з iншымi i ёсць той самы важны фактар актыўнага даўгалецця.

kozlovskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter