Прыгажосць адкрывае свет

Мазур, А.У. Зямная споведзь / Алесь Мазур. — Віцебск: Віцеб. абл. друк., 2009. — 136 с. “Ад чалавека ў рэшце рэшт застаецца да крыўднага мала: тлен, горбік магілкі і крыж, якія таксама некалі стануць зямлёй. Як кажуць, выйшаў з зямлі і ў яе вярнуўся.

Мазур, А.У. Зямная споведзь / Алесь Мазур. — Віцебск: Віцеб. абл. друк., 2009. — 136 с.

“Ад чалавека ў рэшце рэшт застаецца да крыўднага мала: тлен, горбік магілкі і крыж, якія таксама некалі стануць зямлёй. Як кажуць, выйшаў з зямлі і ў яе вярнуўся.

Гэта, на жаль, сапраўды так. Калі б не памяць...
У Алеся Мазура засталіся пасля яго вершы...” Так пачынае вядомы віцебскі паэт Алег Салтук прадмову да новай паэтычнай кнігі Алеся Мазура “Зямная споведзь”, якую, на вялікі жаль, аўтар ужо не паспеў пабачыць, бо пакінуў белы свет яшчэ ў студзені 2009 года. Крэда паэзіі творцы з правінцыйнага Талачына і ў наступным: “Песні няхітрай маёй аснова — матчына мова, родная мова”. Такая ўжо доля ў беларускага паэта XX стагоддзя: шчырым і пранізлівым радком пакутна і балюча пісаць пра мову. У зборніку “Зямная споведзь” сабраны творы розных гадоў. Пачатак вершатворчасці Алеся Мазура — у няпростых 1970-х...І тады паэт пісаў пра тое, што яго “агонь — у слове родным”, пісаў пра прыгажосць родных краявідаў, пра свае ўнутраныя перажыванні, чым вершы Алеся Мазура і зараз прыцягальныя і сімпатычныя.

Краязнаўчы летапіс Карэліцкага краю
Кошур, С.
Зямля Карэліцкая і яе славутыя людзі / Святлана Кошур. — Мінск: Кнігазбор, 2009. — 208 с., (24) с. іл.

Святлана Кошур — руплівы музейны работнік з Карэлічаў. Адзін з яе грамадскіх і творчых клопатаў — пошук звестак пра ўраджэнцаў краю. Часта артыкулы даследчыцы пра знакамітых вайскоўцаў, вучоных, мастакоў, падарожнікаў, паэтаў з’яўляюцца на старонках самых розных рэспубліканскіх газет і часопісаў. У пэўнай ступені падсумоўваннем краязнаўчай работы ў гэтым кірунку з’яўляецца кніга Святланы Кошур “Зямля Карэліцкая і яе славутыя людзі”. Аўтар звяртаецца да жыццяпісаў Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Ігната Дамейкі, Вінцэся Каратынскага, Зарыяна Далэнгі-Хадакоўскага, Яна Булгака, Анатоля Дзеркача, Алеся Мілюця... Асаблівую цікавасць выклікае артыкул “Лёс рэдактараў заходнебеларускіх газет”. Прафесар Адам Мальдзіс у сваім пасляслоў’і да кнігі краязнаўцы заўважыў наступнае: “Святлана Кошур выступала і як актыўны ўдзельнік карэліцкіх чытанняў. Чарговая кніга плённага аўтара з’яўляецца добрым падарункам Году роднай зямлі, юбілею раёна...”

Тапанімічная вандроўка па Чэрвеньшчыне
Ярашэвіч, І.П.
Чэрвеньшчына: гісторыя ў тапонімах / І.П. Ярашэвіч. — Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2009. — 144с.: іл.

Тапанімічнай літаратуры заўсёды бракавала. Па-першае, праца па адшукванню каранёў, зместу тапоніма, спроба патлумачыць паходжанне назвы паселішча патрабуе асаблівай настойлівасці. Па-другое, і айчынныя выдавецтвы не дужа ініцыіруюць стварэнне такой літаратуры, відаць, спадзеючыся, што навукоўцы самі пастукаюцца ў іх дзверы. Краязнаўца са Смілавіч Чэрвеньскага раёна, стваральнік грамадскага музея ў сярэдняй школе № 1 гарадскога пасёлка якраз і праявіў даследчыцкую настойлівасць. І як вынік — сапраўдная энцыклапедыя па гісторыі назваў Чэрвеньшчыны. Кніга, выдадзеная ў РВУ “Літаратура і Мастацтва”, так і называецца — “Чэрвеньшчына: гісторыя ў тапонімах”. Чэрвень — сённяшняя назва старажытнага горада Ігумен, колішні цэнтр павета, горад, добра знаёмы дасведчанаму краязнаўцу XIX стагоддзя Аляксандру Ельскаму. Але вось, нягледзячы на многія высілкі і мясцовых краязнаўцаў, і гісторыкаў, радзіма якіх — Чэрвеньскі край, асобнай кнігі пра гэтую легендарную старонку так і не было. Хіба што за выключэннем невялікага сацыяльна-эканамічнага нарыса “Чэрвень” Міхася Пянкрата, дзе гісторыі было адведзена ўсяго некалькі старонак. Будзем спадзявацца, што праца Івана Паўлавіча Ярашэвіча падштурхне іншых аўтараў да больш пільнай увагі да старажытнай старонкі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter