Шестеро утонули, шестерых спасли: зачем рыбаки рискуют на льду в плюсовую температуру

Правальная рыбалка

Маразы змяніла адліга, якая ў чарговы раз прымусiла задумацца аб небяспецы тонкага льду. Зрэшты, нават стойкі мінус не гарантуе яго трываласць, асабліва на рэках. У месцах, дзе ёсць падводная плынь або б’е крыніца, дзе рака ўпадае ў возера ці выцякае з яго, дзе расце чарот, ён, хутчэй за ўсё, будзе танчэйшы. Наколькі? Часам гэта можна вызначыць літаральна на ўласным вопыце. Праваліцца рызыкуюць не толькі аматары зімовай рыбалкі, але і дзеці, якія выбіраюць вадаёмы месцам для гульні, і тыя, хто імкнецца напрасткі скараціць шлях. Карэспандэнт «Р» адправілася на вадасховішча Крыніца, каб праверыць, як клапоцяцца аб бяспецы рыбакоў.

Азартных рыбаловаў не бянтэжыць нават блізкасць адкрытай вады.

На выратавальную станцыю мы прыехалі якраз тады, калі яе супрацоўнікі збіраліся ў абход.

— Гэта прафілактычнае мерапрыемства, якое праводзіцца два разы на дзень — раніцай і ў другой палове дня, — тлумачыць Віталь Місюкевіч, начальнік выратавальнай станцыі «Крыніца». — Нашы супрацоўнікі падыходзяць да кожнага рыбака, расказваюць яму правілы паводзін на лёдзе, папярэджваюць, як дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях, нагадваюць, што на станцыі заўсёды можна сагрэцца, выпіць гарачай гарбаты і атрымаць медыцынскую дапамогу.

— Сёння лёд даволі трывалы, — заўважае Андрэй Мароз, дзяжурны па выратавальнай станцыі. — Сярэдняя таўшчыня лёду каля 23 сантыметраў. Як вызначаем? На адлегласці 200 метраў ад станцыі прабіваем пяць лунак і бяром сярэдні паказчык. Прамывін пакуль не заўважана, а калі з’яўляюцца, небяспечныя месцы мы агароджваем.

Сёння на Крыніцы рыбачаць не менш за 60 чалавек. Большасць з іх уладкаваліся са свамі рыбацкімі прыладамі бліжэй да вадаскіду — збудавання, прызначанага для пазбаўлення ад лішняй вады. Перш чым выправіцца ў абход, вадалаз Леанід Пыжык апранае гідракасцюм — так ён хутчэй зможа адрэагаваць у выпадку надзвычайнай сітуацыі. Калі б лёд быў танчэйшы, узялі б з сабой і выратавальную дошку. Астатнія зашпільваюць зверху на куртках яркія выратавальныя камізэлькі.

Вадалаз Леанід ПЫЖЫК апранае гідракасцюм — так ён хутчэй зможа адрэагаваць у выпадку надзвычайнай сітуацыі.

Наша набліжэнне прынесла ўдачу Дзмітрыю — рыбак якраз выхоплівае з вады невялікую плотачку. Сцвярджае, што на Крыніцы ўпершыню, раней рыбачыў на Мінскім моры і вельмі задаволены — рыба тут ловіцца лепш.

 — Зараз адліга, трэба быць асабліва ўважлівым. Лепш за ўсё выбірацца на рыбалку з сябрамі, па лёдзе трэба ісці на адлегласці не менш як тры метры адзін ад аднаго, пры сабе пажадана мець зачэпы, — пачынае лекцыю матарыст Павел Шумскі. — Шэры лёд, дзе могуць быць прамывіны, лепш абыходзіць.

Дзмітрый запэўнівае, што на тонкі лёд ніколі і не выходзіць — жыццё даражэй. Такога ж меркавання прытрымліваецца і Аляксандр, каля якога ўжо ляжаць некалькі плотачак і падлешчыкаў. Тым больш што зазірнуць у вочы пагібелі яму ўжо давялося.

— Я адзін раз праваліўся на Вілейскім вадасховішчы і больш на тонкі лёд не лезу. Звычайна з сябрамі езджу, але тады чамусьці быў адзін. Цямнела ўжо, да берага — метраў дзвесце. Пашанцавала, што незнаёмы мужчына мяне заўважыў і пабег на выратавальную станцыю. Мінут 10—15 у вадзе я прабыў. А там глыбіня — калі сямі метраў. Калі шчыра, вельмі страшна! Адчуваў ужо, як плынь зацягвае мяне пад лёд. Выратавальнік блізка не падыходзіў, бо лёд крышыўся, кінуў мне круг, я яго надзеў, а калі пачалі цягнуць, ён зламаўся. Вось тут я канчаткова развітаўся з жыццём. Але быў яшчэ шост з пятлёй. Як мяне зачапілі, не ведаю, калі выцягнулі, ужо на нагах не стаяў. Выратавальніку я заўсёды ўдзячны буду. Так што я ўжо ведаю: ніякая рыба не вартая жыцця!

Аляксандр дзівіцца нетры-валасці таго лёду: кажа, тэмпература паветра была -15. Праўда, надвор’е тады рэзка змянялася — то мароз, то адліга.

— Такую з’яву называюць «два дны», — тлумачыць Віталь Місюкевіч. — Першы слой лёду стабільны, але з-за адлігі на ім з’яўляецца вада. Потым зверху яшчэ намярзае, але вадкая праслойка застаецца, да таго ж верхні лёд давіць на ніжні.

Што могуць зрабіць выра-тавальнікі, калі аб’явяць забарону выхаду на лёд, а рыбакі ўсё роўна на яго адправяцца?

— Прыцягваць да адмініст-рацыйнай адказнасці мы не маем права, — кажуць супрацоўнікі Асвода. — Падыходзім, папярэджваем аб небяспецы, просім пакінуць лёд. Бывае, людзі не слухаюцца, тады нам застаецца толькі ўважліва назіраць за імі. А вось калі гэтыя непаслухмяныя рыбакі яшчэ і ў нецвярозым стане знаходзяцца, тады выклікаем міліцыю.

З года ў год падчас зімовага сезона складаецца ўражанне, што жыццё і здароўе тых, хто разгульвае па тонкім лёдзе, клапоцяць каго заўгодна, толькі не іх саміх. Магчыма, сітуацыю магло б змяніць прад’яўленне рахунку — на выратаванне кожнага чалавека трацяцца значныя сілы і сродкі, а супрацоўнікі Асвода і МНС сур’ёзна рызыкуюць з-за чужой безадказнасці.

nevmer@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter