Мінск летам у выхадныя пустуе — хто на дачу, хто па грыбы ды ягады, хто на возера купацца і рыбачыць. Многія вадаёмы прыдатнымі для наведвання робяць іх арандатары — акультурваюць тэрыторыю, запускаюць рыбу, майструюць альтанкі. Аднак да гэтага часу шмат складанасцей узнікае ў сферы арэнды азёр. «Р» даведалася ў Аляксандра Кіслёнка, які валодае возерам у Магілёўскай вобласці, пра цяжкасці і ці прыбытковая гэта справа.
Агульная плошча арэнды — амаль 12 гектараў.
З рук у рукі
Возера знаходзіцца ў пятнаццаці хвілінах на машыне ад цэнтра Бабруйска і хаваецца ў лесе. Каля дарогі, якая вядзе да вадаёма, стаіць маленькі домік-старожка, шлагбаума няма, пропуск працуе на слове гонару. Праўда, даўгаваты плот ёсць. Наводдаль ад старожкі бегае падораная Аляксандру авечка Долі. З’езд да возера не абгароджаны.
Мінуў дзясятак гадоў, за якія прадпрымальнік знайшоў працу ў Мінску і стаў зарабляць больш. Часу на тое, каб займацца вадаёмам, не хапала. У 2013 годзе Аляксандр выкупіў тэрыторыю і перавёў яе з сельгаспрызначэння ў зямлю для ўтрымання і абслугоўвання будынкаў і збудаванняў.
Ад былога ўладальніка возера засталася праведзеная электрычнасць, а таксама старожка, стартавы капітал Аляксандра пайшоў на пракладку дарогі, 25 альтанак, бурэнне свідравіны, абнясенне тэрыторыі агароджай і іншае. З надзённага засталося ўладкаваць санвузлы, выканаўшы ўсе патрабаванні санэпідэмстанцыі. Як прызнаецца арандатар, вялікіх укладанняў не робіць. Па-першае, маючы бізнес у сферы будаўніцтва, бярэ рэшткі матэрыялаў, каб акультурыць возера. Па-другое, баіцца рызыкаваць. Зямля можа рэзка спатрэбіцца для нечага іншага.
Хто пражывае на дне
Плата за рыбалку хоць нейкая гарантыя таго, што выцягнеш рыбку. Але з гэтым згодныя не ўсе. «Ёсць неразуменне ў мясцовых жыхароў. Высвятлялася, што ледзь не кожны трэці возера капаў, але ў гэтым го-дзе ніякіх скаргаў не паступала», — расказвае Аляксандр.
Зарыбленне вадаёма праводзіцца з 2015 года. У асноўным карпам, таўсталобікам і белым амурам. Купляюць іх у рыбгасе Асіповіцкага раёна.
— Мне выдаюць ветэрынарнае пасведчанне Інстытута рыбнай гаспадаркі на рыбапасадачны матэрыял. Каб запусціць рыбу — у сярэднім 5—6 тысяч галоў у год, — выклікаю на возера камісію з эколагаў, інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Раней гэта рабілі вясной, але цяпер па рэкамендацыях інстытута буду восенню, так менш шкоды для рыбы пры транспарціроўцы. З-за перамяшчэння тэрмінаў у гэтым годзе рыбалка каштуе два рублі, — дзеліцца прадпрымальнік.
Рыбай ён мэтанакіравана не займаецца, але лічыць, што ёсць перспектыва ў прамысловай лоўлі нават на маленькіх вадаёмах. Каб займацца гэтым сур’ёзна, трэба мець сваю вытворчасць. Аляксандр прызнаецца, што ўжо звяртаўся ў райвыканкам для выдзялення спецыяльнага ўчастка, каб арганізаваць міні-цэх па перапрацоўцы рыбы. І дадае: «Але мне адмовілі, бо лес уваходзіць у першую катэгорыю, а землекарыстальніку — Бабруйскаму лясгасу — тэрмінова патрэбны гэтыя землі».
Часцей за ўсё на прыродзе адзначаюць дні нараджэння і другі дзень вяселля.
Збегчы ад мітусні
У мінулыя выхадныя на возеры было шматлюдна. Прыехалі адпачываць каля 15 кампаній з паўнавартаснай культурнай праграмай — караоке, конкурсы і гэтак далей. Часцей за ўсё прыязджаюць адзначаць дні нараджэння і другі дзень вяселля.
Кошт, па словах Аляксандра, вельмі дэмакратычны, калі параўноўваць з іншымі зонамі адпачынку. Арандаваць альтанку можна за 25 рублёў у дзень. Але калі больш за 15 чалавек, тады 50 рублёў. Пры гэтым цана дроў для вогнішча ў кошт уваходзіць.
Дарэчы, у апошні час выхоўваецца культура ў наведвальнікаў. Сталі за сабой прыбіраць смецце. Пластмасавы посуд ужо не раскідваюць. Аляксандр наогул прыхільнік забароны на выкарыстанне пластыку.
Сезон традыцыйна пачынаецца з красавіка — мая, а заканчваецца ў кастрычніку. Адпачываць прыязджаюць з Мінска і нават з краін блізкага замежжа.
— Раней праводзілі дыскатэкі пад адкрытым небам — опэн-эйры. Збіралася па 300—500 чалавек. У гэтым годзе спынілі, таму што вельмі дорага. І па законе неабходна, каб на аб’екце працавала брыгада хуткай дапамогі, міліцыя, — расказвае Аляксандр.
На ўчастку сёння 25 альтанак. І будзе больш.
Але ёсць і іншыя спосабы прыцягнуць кліентаў. Прадпрымальнік робіць крытыя альтанкі з вокнамі ПВХ, мангалам, каб людзі маглі прыязджаць і ў лістападзе. Акрамя таго, пачаў будоўлю дома рыбака. У гэтым годзе ездзіў на выставу «БЕЛАГРА» і зацікавіўся пакупкай поні як забавы для дзяцей. Сёлета, калі паспее, купіць лодкі і вёслы.
«А вось з катамаранамі рызыкаваць не буду. Можа, нецвярозая кампанія захоча ператварыць іх у падводную лодку», — жартуе Аляксандр.
ТОЛЬКІ ЛІЧБЫ
♦ 100 000 рублёў — стартавы капітал
♦ 20 000 рублёў — сярэдняя выручка за паўгода
♦ 2000 рублёў — арэндная плата ў год
♦ 8000–10 000 рублёў — сярэдні расход на рыбапасадачны матэрыял у год
♦ 25–50 рублёў — кошт арэнды альтанкі