У Евангеллі прысутнічае эпізод пра тое, як Хрыстос з апосталамі Пятром, Якубам і Янам падняўся на вяршыню высокай гары. Там Сын Божы перамяніўся на вачах выбраных вучняў. Яго аблічча заззяла, нібы сонца, а адзенне стала асляпляльна белым.
Евангелле паводле святога Мацвея паказвае сцэну Перамянення ў цяжкую для апосталаў хвіліну. Крыху раней Хрыстос ясна сказаў ім, што Яму належыць ісці ў Іерусалім, дзе Ён будзе забіты і на трэці дзень уваскрэсне. У той жа час Ён сказаў апосталам: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною. Бо хто хоча жыццё сваё ўратаваць, страціць яго; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе». Сутыкнуўшыся з такімі сур’ёзнымі папярэджаннямі, можна зразумець трывогу і страх вучняў. Таму Хрыстос хоча ўмацаваць іх надзею, паказваючы сваю нябесную славу Пятру, Якубу і Яну.
У сцэне Перамянення Касцёл (Царква) заўсёды бачыў падрыхтоўку апосталаў да выпрабаванняў. Хрыстос з’явіўся перад вучнямі ў такім выглядзе, якім Ён з’яўляецца па сваёй натуры і сутнасці — Сынам Божым. Перамяненне дазволіла вучням зразумець, наколькі нікчэмнае і няпоўнае іх уяўленне пра Бога. Хрыстос перамяніўся на вачах апосталаў для таго, каб у хвіліну выпрабавання іх вера ў Яго не пахіснулася.
Перамяненне Божага Сына нагадвае пра тое, што Хрыстос можа ў любую хвіліну перамяніць наш лёс. Перамяненне не проста ўспамін важнай падзеі з мінулага. Гэта не толькі надзея на ўваскрашэнне і перамяненне нас саміх. Гэта таксама пакінуты Хрыстом наказ, пэўнае заданне для ўсіх Яго вызнаўцаў.
Умоваю нашага канчатковага перамянення з’яўляецца няспынная духоўная перамена, паслядоўнае наследванне Хрыста. Гэтая перамена пачынаецца на зямлі, каб у вечнасці яна магла дасягнуць сваёй паўнаты.
На шляху да вечнасці вучань Хрыста запрошаны быць верны свайму Настаўніку ў думках, словах і паводзінах. Такое імкненне сустракацца чалавека з Богам у сабе і ў іншым з’яўляецца адказам на заклік святога апостала Паўла: «Перамяняйцеся праз абнаўленне розуму, каб вы пазналі, якая воля Божая, што добрае, прыемнае і дасканалае».
Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ