Помнік беларускаму алфавіту, ці “кур’ёзная” літара

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ

7 верасня 2003 года ў геаграфічным цэнтры Еўропы — горадзе Полацку — быў устаноўлены помнік літары ў (“у нескладовае”, “у кароткае”). Ён зроблены ў выглядзе стэлы, на яе гранях размешчаны рэльефныя выявы літары. Помнік можа служыць сонечным гадзіннікам. Пры яго адкрыцці, што адбывалася падчас святкавання Дня пісьменнасці, гаварылася пра ўнікальнасць літары “ў”, сцвярджалася, што такой літары няма ў алфавітах свету, распавядалася пра непаўторную меладычнасць і мяккасць гука, пазначанага ёй. Інтэрнэт-прастора поўніцца і супрацьлеглымі меркаваннямі, дзе і сёння можна знайсці зводкі пра гэтую падзею. Напрыклад, 3 верасня 2003 года беларускі карэспандэнт Рускай службы “Радыё “Свабода” перадаваў: “...Вскоре после оглашения идеи появились и ярые противники увековечения одной отдельно взятой буквы. Директор Института языкознания Национальной академии наук Белоруссии академик Александр Подлужный считает, что “у краткое” является лишней в белорусском алфавите. По его словам, данная буква возникла в 70-х годах XIX столетия, когда впервые стали записывать русским языком белорусский фольклор. Вначале она называлась “у с краткой”, и только впоследствии возникло название “у краткое”. Ученый также отметил, что употребление “у краткого”, как и любой лишней буквы, аналогом которой в русском языке является “и краткое”, несет массу технических и полиграфических сложностей. Резюмируя свою позицию, Подлужный констатирует: “Открытие в Полоцке памятника букве-паразиту является в определенной степени курьезом” (http://archive.svoboda.org/ll/cult/0903/ll.090303-2.asp). Гэтую інфармацыю падхапілі іншыя СМІ, фіксуецца яна і ў “Вікіпедыі”. Былі і такія думкі: маўляў, перад тым, як паставіць помнік літары, трэба пахаваць яе. Не ўнікаючы ў сутнасць спрэчак, мусім заўважыць, што літара ў у беларускім алфавіце займае выбітное месца. Помнікі, як правіла, перажываюць чалавека...

Пра тое, што ў графіцы той ці іншай мовы ёсць “лішнія” літары, даводзіцца чуць нярэдка. Больш таго, гукі, якія яны пазначаюць, часам называюць паразітарнымі. Да іх ліку, напрыклад, адносяць ўстаўныя і прыстаўныя. Кідаецца ў вочы адна дэталь: аўтары такіх выказванняў амаль заўсёды не з’яўляюцца натуральнымі носьбітамі той мовы, пра якую гавораць, або грэбуюць ёю. Узгадаем выказванні рускіх пра “простанародную” літару ё (маўленне “подлай чэрні”), якой таксама на радзіме яе “бацькі” Карамзіна пастаўлены помнік.
Літара ў выкарыстоўваецца ў іншых алфавітах, напрыклад у дунганскім, уведзеным у 1953 годзе, у алфавіце азіяцкіх эскімосаў. Да распаду СССР выкарыстоўвалася ва ўзбекскай азбуцы, да лацінізацыі прымянялася ў асецінскіх тэкстах, да 1958 года — у казахскім алфавіце.
Гук [ў] уласцівы для беларусаў на працягу ўсёй гісторыі фарміравання, а затым функцыянавання роднай мовы. Іншая справа, што яго пазначэнне літарай было непаслядоўным або зусім адсутнічала, як гэта назіралася ў старабеларускім пісьменстве.
Паводле энцыклапедыі “Беларуская мова” (1994), літара ў была прапанавана ў 1870 годзе рускім філолагам Пятром Бяссонавым, які з’яўляўся старшынёй Віленскай археаграфічнай камісіі (1865—1866), быў выдаўцом твораў народнай творчасці, напрыклад зборніка “Беларускія песні” (1871). Доўгі час па тэхнічных прычынах пісалася як літара у. Больш паслядоўна ў беларускім пісьме выкарыстоўваецца з 1890-х гадоў. У лацінскай форме беларускага пісьма гук [ў] абазначаўся літарай u, пасля u.
Трэба спыніцца і на пытанні пра так званыя тэхнічныя цяжкасці дакамп’ютарнага друку. Сёння гаварыць пра іх не выпадае, бо сучасныя поліграфічныя магутнасці зусім не тыя, што ў ХХ стагоддзі. Няма такой графемы, якой нельга было б пазначыць і ў электронным варыянце. Дыякрытычныя знакі — розныя над-, пад-, радзей унутрырадковыя знакі, якія прымяняюцца не як самастойныя пазначэнні гукаў, а толькі для іх удакладнення ці змянення — раней сапраўды стваралі шмат праблем. Найбольш шырока выкарыстоўваюцца ў мовах, якія маюць лацінскі алфавіт; “перагружаны” гукаадрознівальнымі дыякрытыкамі чэшская, славацкая, турэцкая, румынская, польская, літоўская, в’етнамская мовы. У розных сістэмах такіх знакаў налічваецца каля пяці дзесяткаў. Дыякрытыкі не зусім прыдатныя да скорапісу — пісаць без адрыву пяра ад паперы, таму і сёння выклікаюць шмат нараканняў.
Узнікненне гука [ў] у гісторыі ўсходнеславянскіх моў звязваюць з падзеннем рэдукаваных: лавъка    лаўка. Аднак гэтаму гледжанню ёсць пярэчанні, якія зводзяцца да таго, што ў дзвюх суседніх рускай і польскай мовах змяненне в на ў не адбылося: кроў — кро[ф’] — kre[f]. Адсюль робіцца выснова, што толькі стратай рэдукаваных ъ,  ь  змена в       ў не вытлумачваецца. І айчыннымі, і расійскімі лінгвістамі адзначаецца, што яшчэ да падзення рэдукаваных у дыялектах агульнаславянскай мовы існавалі два гукі [в]: губна-зубны (вілы, вецер) і губна-губны, які вымаўляўся перад о, у (восень, вуж). У пазіцыі перад зычнымі і ў абсалютным канцы слова пасля страты рэдукаваных у роднай мове стаў вымаўляцца губна-губны (білабіяльны): ровьнъи     роўны, дръвъ        дроў.
Гук [ў] уласцівы не толькі беларускай і ўкраінскай мовам (хаця ў апошняй адпаведнай літары няма), але і шматлікім рускім гаворкам, у прыватнасці паўднёвым і паўночным. Пра гэта ў свой час гаварылі акадэмік А.Шахматаў і прафесары Л.Якубінскі, В.Іваноў.
У роднай мове фанетычны закон змянення [в] на [ў] жывы, дзейнічае і сёння, чаго не скажаш пра пераход [л] у [ў]. Кожны гук [в] перад зычнымі і на канцы слова пераходзіць у [ў] — і ў славянскіх, і ў запазычаных, і ва ўстарэлых словах, і ў наватворах. Гук [л] не змяняецца на [ў]: калі мяккі (вельмі, польскі), у запазычаннях (алкаголь, алмаз, балкон), у канцы назоўнікаў, кароткіх формах прыметнікаў (стол, міл), у словах, у якіх узнікаюць беглыя галосныя (палка — палак), у складанаскарочаных словах (калгас — калектыўная гаспадарка, калдамова — калектыўная дамова). Пераход [л] у [ў] адбыўся яшчэ ва ўсходнеславянскай мове, у яе дыялектах, з якіх і развіліся беларуская і ўкраінская мовы. На сёння дзеянне гэтага закона спынена, ён мёртвы, яму не падпарадкоўваецца шмат слоў, у тым ліку і наватворы.
Гук [ў] можа ўтварыцца на месцы галоснага [у], чым вельмі адрозніваецца, бо займае прамежкавае становішча паміж галосным і зычным, г.зн. з’яўляецца санорным. Можна сустрэць меркаванні пра эпентычнасць (устаўку) гэтага гука. У Фёдара Янкоўскага чытаем: “Спалучэнні галосных іу, ыу не маглі захавацца без змянення: паміж галосных узнік прыдыхальны гук; такое фанетычнае спалучэнне абазначым іўу, ыўу: радыўус, кансіліўум, калёквіўум, прэзідыўум. Гэты прыдыхальны зычны на пісьме не абазначаецца” (Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. Мінск, 1989. С.128). Вучоны слушна заўважае адметнасць вымаўлення слоў такога тыпу. Не раз выказваліся прапановы “ўзаконіць” на пісьме гэты прыдыхальны гук, аднак агульнай падтрымкі яны не знайшлі, і правапісная норма засталася ранейшай: ў не пішацца ў запазычаных словах, якія заканчваюцца на -ум, -ус: прэзідыум, кансіліум, радыус, страус, соус і вытворных ад іх.
Дарэчы, у новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” пераход [у] ў [ў] фіксуецца на пісьме намнога шырэй, чым у “Правілах” 1959 года, што стала сведчаннем актыўнага дзеяння фанетычнага закона пераходу [у] ў [ў]. Пра гэта мы пагаворым падрабязна ў наступны раз.

Зваротная сувязь

Вітаю! Скажыце, калі ласка, звычайна з імем Іван асацыіруюць рускага чалавека. А як насамрэч?
golas-09

Іван даволі распаўсюджанае імя ў славян: балгар, беларусаў, македонцаў, рускіх, сербаў, славенцаў, украінцаў, харватаў. Яно замацавалася ва ўстойлівых словазлучэннях Иван, не помнящий родства, рускі Іван (так называлі, напрыклад, волата Паддубнага). У Грэцыі існуе царква Івана Рускага, 26—27 мая праходзяць святкаванні Дня Івана Рускага, прымеркаванага да ўшаноўвання аднаго з самых уганараваных святых гэтай краіны. Па традыцыі імя Іван сапраўды атаясамліваюць з рускім чалавекам, як, напрыклад, імя Томі асацыіруецца з англічанінам, Ганс, Фрыц — з немцам.
Імя Іван — з біблейскага яўрэйскага Ёханан (‘Бог змілаваўся’) — мае шырокае распаўсюджанне ў свеце. Калі хто глядзіць серыялы з Хуанамі, Жанамі, Жуанамі, наўрад ці ведае, што гэта тыя самыя Іваны, бо ў іншых народах гэтаму імю адпавядаюць: Ян (у роднай мове, нідэрл., польск., чэшск.), Вано (груз.), Джавані, Джані (італ.), Джон (англ.), Жан (фр.), Жуан (партуг.), Іво (харв.), Енс (швед., нарв.), Ёнас (літ.), Аванэс (арм.), Ханс, Ганс, Ёган, Ёхан (ням.), Юхан (фін., эстон.), Яні (балг.), Яніс (лат.).
Свае пытанні прафесару Іўчанкаву вы можаце пакінуць на нашым сайце www.ng.by або даслаць па электроннай пошце ці на паштовы адрас рэдакцыі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter