За галаву камісара брыгады «Жалязняк» Сцяпана Манковіча немцы прапаноўвалі 20 тысяч марак, абяцалі і шмат чаго іншага
Восьмага лютага 1943 года партызаны брыгады «Жалязняк» нанеслі ўдар па гарнізоне ў Докшыцах, напярэдадні абстраляўшы яго з гармат, здабытых ва ўрочышчы Саўскі Бор. Артылерыйскі налёт стаў поўнай нечаканасцю для гітлераўцаў, узнікла паніка. «Гэта дазволіла нам знішчыць многіх акупантаў, разбурыць казармы, склады, захапіць хлебныя запасы, маёмасць, — пісаў ва ўспамінах камісар брыгады Сцяпан Манковіч, Герой Савецкага Саюза. — Вораг кінуў нямалыя сілы на ахову чыгункі Маладзечна — Полацк. Але і там ён не ведаў спакою. Групы падрыўнікоў брыгады рэгулярна выходзілі на заданні і пускалі пад адхон эшалоны праціўніка».
Па вуліцы Манковіча ідуць яе жыхаркі Аляксандра Янкоўская, Сафія Цімкова і Кацярына Сяліцкая.
Добра вядома, як раней, за трое сутак снежня 1942-га, партызаны вызвалілі Бягомль. Цяпер адна з яго вуліц носіць імя Манковіча, як і сярэдняя школа, а ў 2020 годзе каля яе ўсталявалі бюст Героя Савецкага Саюза. На ўрачыстасць прыехала яго дачка Ніна Сычова (Манковіч). На жаль, пры падрыхтоўцы матэрыялу не пашчасціла з ёю сустрэцца, але ўнікальныя ўспаміны яе і яе бацькі дазволілі нам даведацца шмат цікавага пра легендарнага партызана з Докшыцкага краю.
— Цяпер Ніна Сцяпанаўна жыве ў Маладзечне, — паведаміў дырэктар Бягомльскай сярэдняй школы Пётр Гігель. — Мы наведвалі яе мінулай восенню, павіншавалі з юбілеем.
Школа не была чужой для дачкі Манковіча: яшчэ да Вялікай Айчыннай тут вучыўся яе брат. Дзякуючы яму дзяўчынка стала чытаць і пісаць. У СШ захавалі яе падрабязны аповед пра бацьку і ваенны час, калі сям'я Манковіча выратавалася ад смерці ледзьве не цудам. Памяць пра славутага земляка тут жыве, яна аснова для патрыятычнага выхавання, адзначае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ала Сушко:
Ала Сушко.
— У нас вучыцца 390 дзяцей, 80 з іх прыязджаюць з навакольных вёсак. Імя Манковіча носіць і піянерская дружына школы, у якую ўваходзяць амаль 300 піянераў і акцябрат. Традыцыйна напрадвесні прыбіраем помнік, што быў перанесены з Беразіно, роднай вёскі героя. Каля яго праводзяцца мітынгі.
Сцяпан Манковіч нарадзіўся 13 мая 1905-га. Яму было 13, калі памёр бацька. Стаў працаваць у сельскай гаспадарцы. У 1927—1928 гадах — курсант палкавой школы 7-й асобнай артбрыгады РККА. Пасля заканчэння службы ў войску вярнуўся ў родныя мясціны, дзе займаў розныя пасады, у тым ліку старшыні калгаса, сельсавета і дырэктара машынна-трактарнай станцыі. У 1940-м Сцяпан Сцяпанавіч — сакратар Бягомльскага райкама КП(б)Б.
З успамінаў Ніны Сцяпанаўны Сычовай (Манковіч), дачкі Героя Савецкага Саюза:
«22 чэрвеня 1941 года мы пачулі, што пачалася вайна. Паводзіны дарослых былі трывожнымі. І нам, дзецям, таксама стала страшна... Некалькі сем'яў з Бягомля на машыне адправіліся ў эвакуацыю. Нямецкія танкі абагналі нас у Халопенічах, і кіроўца павёз нас назад. А наш бацька, Сцяпан Сцяпанавіч Манковіч, і іншыя кіруючыя работнікі пайшлі «даганяць фронт».
Часова мы спыніліся на ўскраіне Бягомля ў надзейных людзей, бо ў сваёй кватэры знаходзіцца было небяспечна. З'ехаць у вёску да бабулі не паспелі: у Бягомль ўвайшлі на танках немцы. Гаспадары схавалі нас у склепе пад домам.
Адны салдаты шумна мыліся ля калодзежа, іншыя «ваявалі» з хатняй птушкай і іншай жыўнасцю. Кудахтанне, піск, візг праз нейкі час спыніліся. Перадыхнуўшы і падсілкаваўшыся тым, што спадабалася, немцы адправіліся далей.
Скарыстаўшыся зацішшам, мы з пакінутым скарбам на возе, з каровай на прывязі паехалі далей ад раённага цэнтра. Праз нейкі час ад бабулі з Беразіно пераехалі ў родную вёску мамы — Бедзіна».
У гэты час пад камандаваннем яе бацькі арганізаваўся першы партызанскі атрад на базе падпольных груп, які паклаў пачатак развіццю партызанскага руху не толькі ў раёне, але і ў паўночнай частцы Мінскай вобласці. За галаву Манковіча прапаноўвалі 20 тысяч нямецкіх марак, абяцалі і шмат чаго іншага. Немцы арыштавалі яго жонку, Ефрасінню Буяльскую, спадзяваючыся такім чынам яго паймаць.
Між тым брыгада «Жалязняк» замацавала за сабой тэрыторыю, якая складала звыш дзвюх тысяч квадратных кіламетраў і ахоплівала Бягомльскі раён і паўночную частку Барысаўскага.
Партызаны паралізавалі важнейшыя камунікацыі праціўніка, якія праходзілі праз райцэнтр, перш за ўсё магістраль Мінск — Віцебск. За перыяд баявых дзеянняў яны пусцілі пад адхон 76 эшалонаў ворага, разграмілі 17 валасных і 2 жандарскія кіраванні, знішчылі больш за 2 тысячы нямецкіх салдат і афіцэраў.
Ці ўдалося камісару брыгады ўратаваць сваю сям'ю? Дзявочае прозвішча і падрыхтаваная «легенда» дапамаглі яго жонцы вярнуцца дадому. Праз некаторы час бацька забраў сям'ю «ў лес». Зноў звяртаемся да ўспамінаў дачкі пра час пачатку блакады «партызанскай рэспублікі» ў 1943 годзе:
«Апынуліся ў зямлянцы на востраве.... Аднойчы на світанні мы размясціліся на краі выспы, гатовыя ў выпадку небяспекі хутка пакінуць востраў. Стаяў густы туман. Раптам пачуліся чужая гаворка, стрэлы. Усе пабеглі па балоце да іншага вострава, дзе знаходзілася асноўная група партызан на чале з камандным саставам брыгады. Разам з усімі кінулася бегчы і я. І ў тумане страціла маму з брацікамі Барысам і Валодзем. Села пад хвояй, мне далі нешта паесці, чымсьці атулілі, і зноў мы ўцякалі. Наступіў вечар, я пачала плакаць, але неўзабаве з'явілася мама з брацікамі. Немцы і паліцаі пайшлі ў іншым накірунку.
Перабраўшыся на другі востраў, усе адціскалі балотную ваду, паласкалі перасохлы рот, але маме было сказана ні ў якім выпадку яе не глытаць. Пераканаўшыся, што ворагаў няма, мы крыху пачакалі і прыйшлі жывымі і цэлымі на наш востраў… Мама была цяжарная нашай малодшай сястрой».
Па ўспамінах Сцяпана Манковіча, партызанам даводзілася займацца самымі рознымі пытаннямі. Нават падчас вайны ніколі не забывалі аб аказанні дапамогі сялянам у правядзенні сяўбы і ўборкі ўраджаю: «Для арганізацыі працы ў вёскі накіроўваліся члены райкама партыі С. В. Барздыка, С. Я. Хлопчык, Ф. І. Дзернушкоў, а таксама спецыяльныя ўпаўнаважаныя РК КП(б)Б В. У. Скакун, І. Ф. Мацюнін і іншыя камуністы і камсамольцы. Яны прымалі меры да таго, каб цалкам сабраць ураджай і стварыць харчовыя запасы для брыгады і насельніцтва».
Пасля прарыву і разгрому нямецкай групоўкі, зняцця блакады сям'ю з бягомльскага аэрадрома адправілі ў Маскву, а потым ў Мардовію. Сам герой даведаўся пра высокую ўзнагароду ў шпіталі ў Маскве, дзе лячыў пералом нагі. Газета апублікавала Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні звання Героя Савецкага Саюза.
«Пасля шпіталя, атрымаўшы кароткі адпачынак, да нас у Цемнікаў прыехаў бацька, — успамінала дачка героя. — Ён быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза за барацьбу з фашыстамі. І мы ўсе вельмі ганарыліся бацькам».
Якім ён быў у звычайным жыцці? Ніна Сцяпанаўна казала, што для яе бацька — прыклад працавітасці, настойлівасці, чалавечнасці. У 1948-м узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. З 1949 па 1953 год Сцяпан Манковіч — старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама, затым на працягу шасці гадоў — дырэктар саўгаса «Браслаўскі» Віцебскай вобласці. Памёр 18 красавіка 1978-га на 74-м годзе жыцця.
Амаль сем гадоў таму Ніна Сцяпанаўна перадала Дзяржаўнаму музею ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь унікальны сцяг партызанскай брыгады «Жалязняк» (пасля рэстаўрацыі мне давялося ўбачыць рэліквію адной з першых, пра гэта мы пісалі ў «Сельской газете»). Разам з ім — рэдкія фатаграфіі аднапалчан, сямейнае фота, зробленае ў 1943 годзе. Па яе ўспамінах, бацька паліў трубку. Яе разам з муштуком спадчынніца таксама падаравала музею. Ён быў вельмі спакойным чалавекам, любіў добры жарт.
Усмешлівыя дзяўчынкі Кацярына Сяліцкая, Аляксандра Янкоўская і Сафія Цімкова праводзяць нас па вуліцы Манковіча, на якой жывуць самі. Зараз вучні школы разам з кіраўніком па патрыятычным выхаванні рыхтуюцца да раённай «Зарніцы». Спецыяльная група дзевяцікласнікаў выносіць дзяржаўны сцяг падчас урачыстых лінеек. Дзяўчынкі ганарацца сваім земляком-героем. Сонечным красавіцкім днём наша размова міжволі збочвае з ваеннай тэмы на жыццёвыя клопаты: школьныя экзамены, сяброўства, падарожжы, выбар прафесіі… Напэўна, за гэтую бясхмарную і бесклапотную маладосць нашчадкаў і змагаліся нашы героі, у іх ліку і Сцяпан Манковіч.
У ТЭМУ
У Мінскім раёне стартавала рэспубліканская акцыя «Беларусь помніць: эстафета памяці».
Цырымонія ўрачыстага адкрыцця адбылася ўчора каля мемарыяла — брацкай магілы, дзе пахавана 30 тысяч загінуўшых ваеннапалонных і грамадзян у гады Вялікай Айчыннай.