Не сакрэт, што ў Глыбоцкі раён едуць з вялікіх і малых гарадоў маладыя сем’і. У тым ліку і ў сельскую мясцоваць. Калі папрасіў супрацоўніцу аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Марыю Аляхновіч назваць адну з іх, яна параіла Васіля і Святлану СЕНЬКАЎЦОЎ. Абодва — выкладчыкі музыкі. Перасяліліся з Віцебска, дзе мелі добраўпарадкаваную кватэру, у вёску Ластавічы. Заняліся фермерствам на сямі дзясятках гектараў і вырошчваюць экалагічна чыстую прадукцыю — грэчку і агародніну. Атрымалі грант з Еўрасаюза.
Падаўся ў Ластавічы, якія ад Глыбокага ўсяго ў якіх пяці кіламетрах. Па дарозе закралася сумненне: палі тутэйшай гаспадаркі дробнаконтурныя, і дзе там маглі выдзеліць маладым фермерам такі вялікі кавалак? І ўвогуле, з якой нагоды інтэлігентным людзям брацца за такую нязвыклую для сябе справу — экалагічную прадукцыю, да якой і рэдкія вопытныя сельскія гаспадары з асцярогай прыступаюць, бо трэба мець на гэта адпаведныя веды? Штосьці тут не так…
Сям’я Сенькаўцоў была ў двары ў поўным зборы: Васіль з жонкай Святланай і трое іх дзяцей — адзінаццацігадовая Кацярына, шасцігадовы Елісей і трохгадовая Ліка.
Абодва бацькі — гараджане: Васіль нарадзіўся і вырас у Глыбокім, Святлана — у Віцебску. Ён закончыў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Машэрава, дзе навучаўся ігры на скрыпцы, піяніна і іншых музычных інструментах, а таксама псіхалогіі. Святлана спасцігала азы музыкі ў Віцебскім музычным вучылішчы і рыхтавалася паступіць у кансерваторыю. Аднак лёс ёсць лёс. Васіля, які, акрамя работы ў школе, спяваў у царкоўным хоры, аднойчы запрасілі прыехаць у Маскву на калядныя чытанні. Там, воляю выпадку, аказалася і Святлана...
Пасля афармлення шлюбу маладыя педагогі працавалі чатыры гады на малой радзіме Васіля, на Глыбоччыне. Ён настаўнікам музыкі ў сярэдняй школе аграгарадка Удзела, а Святлана ў музычнай школе горада, сумяшчаючы заняткі з работай менеджэра ў гандлі. Потым пераехалі ў Віцебск, дзе ім, як маладой сям’і, на льготных умовах была аказана дапамога ў пабудове кватэры.
Здавалася, усё ішло як нельга лепш: новае ўласнае жыллё ў абласным цэнтры, даходная работа ў буйной гандлёвай кампаніі, двое дзетак. Што яшчэ трэба? Святлана гаворыць:
— Я вельмі люблю свайго мужа, таму не магла не заўважыць, што пасля некалькіх год жыцця ў Віцебску ён пачаў нудзіцца, як бы нечага яму не хапала. І вось аднойчы прызнаўся: “Света, што мне рабіць? Я проста перагараю: энергіі мора, але яна ідзе не туды. Хацелася б мець сваю справу. Але якую?”
Пасля невялікай паўзы выказаў нечаканую прапанову: “А што, калі паспрабаваць працаваць на зямлі?” Ідэя ўмацавалася пасля наведвання сваякоў маёй маці на Тураўшчыне, у вёсцы недалёка ад Альшан, дзе ці не ўсе жыхары вырошчваюць агуркі. Вяскоўцы паведалі нам дэталёва пра тэхналогію вырошчвання гэтай агародніны. Васіль загарэўся таксама заняцца агуркамі, таму пабудаваў ў Глыбокім на ўчастку свайго бацькі цяпліцу.
Спачатку ён ездзіў туды адзін, бо я была цяжарная трэцім дзіцём, а пасля перабраліся ўсёй сям’ёй на Глыбоччыну, купілі домік у Ластавічах.
Зарэгістравалі фермерскую гаспадарку “Рычоў” (па назве роднай вёскі маёй маці — Веры Рыгораўны). У нас 67 гектараў зямлі, з іх 50 — ворнай, на якой вырошчваем экалагічна чыстую прадукцыю. У асноўным грэчку.
Захацелася зірнуць на грэчкавае поле маладых гарадскіх фермераў. Васіль адразу ж пагадзіўся, нягледзячы на слабыя пратэсты жонкі. Маўляў, няхай выспее ураджай, тады і глядзець можна. Ды і агуркі трэба ў цяпліцы сабраць.
Урэшце пагадзіліся на тым, што мы з Васілём заскочым на маёй машыне да грэчкі, а Святлана падасца з дзецьмі ў “гарадскую” цяпліцу, куды мы таксама неўзабаве прыедзем.
Фермерскае поле было адразу за возерам, якое ляжала ў глыбокай упадзіне. Дарога прывяла да стромкага спуску ўніз, а потым праз колькі метраў да яшчэ больш крутога пад’ёму пад гару, і мы апынуліся на роўнай пляцоўцы, ад якой і пачыналася грэчкавае поле. Вось тут-то было на што паглядзець, чаму падзівіцца. Шчыра прызнацца, палёў з грэчкай за свой журналісцкі стаж пабачыў нямала, але такое, бадай, упершыню. Яно — сцябліны чалавеку па пояс — было густа пакрыта спляценнем рознакаляровых бутонаў кветак і паўсціралася ўздоўж возера ажно да лесу. Вакол гудзелі пчолы.
— Адкуль іх столькі! — дзівіўся я.
— А гэта пчалаводы прывезлі вуллі са сваіх пасек. Я ў “раёнцы” аб’яву для жадаючых даў.
— Пчалярам тым плаціць жа трэба было?
— Нічога. Ім выгада — багаты медазбор, а мне — апыленне грэчкі, ад чаго ўраджай значна павышаецца.
Само сабой узніклі пытанні: дзе ўзяць тэхніку, каб абрабіць зямлю, пакласці ў яе насенне?
Васіль тут жа патлумачыў, што ў яго ёсць старэнькі, але даволі трывалы трактар МТЗ-52, які прыдбаў, заняўшы грошы ў сяброў. Сам на ім апрацоўваў глебу. А вось з сеялкай дапамог па першай жа просьбе аграхолдынг Глыбоцкага камбікормавага завода. Наогул, па ўсялякіх зваротах падтрымлівае мясцовая ўлада.
На маю заўвагу, што маглі б выдзеліць зямлю не на такім гарышчы, а ў больш прывабным месцы, Васіль горача запярэчыў:
— Месца ідэальнае. Па-першае, блізка ад дому. Па-другое, і самае галоўнае, якраз прыдатнае для вырошчвання менавіта экалагічна чыстай прадукцыі.
Яно знаходзіцца ля возера, дзе нельга прымяняць хімікаты, і не кантактуе з палямі, на якіх уносяцца ўгнаенні і яды.
— Але ж нечым трэба сілкаваць грэчку, каб так вымахала?
— А яна сама сябе пакуль што “харчуе”, — ашарашвае Васіль. — Пры жніве робім высокі зрэз, да паўметра. Такое іржышча і ёсць натуральная арганіка. Да таго ж яно затрымлівае шмат снегу, што дае дастаткова вільгаці. У бліжэйшым часе будзем выкарыстоўваць так званыя сідэраты: гарчыцу, рэдзьку алейную. Яны добра паспрыяюць урадлівасці глебы і затрымаюць рост пустазелля. На гэту тэму Святлана піша навучальны курс, таму не хачу адымаць яе “хлеб”.
Святлану мы знайшлі ў цяпліцы, дзе яна збірала ўраджай агуркоў. Хаця цяпліцай пабудову можна назваць умоўна. Гэта раслінаводчы цэх пад плёнкай памерам звыш паўтысячы метраў квадратных. Зладзіў яго з нятоўстых бярвенняў і жэрдак сам Васіль. Адзінае, пляменнік дапамог класці бэлькі. На ўсё пайшло сем кубічных метраў лесу. У цяпліцу падведзена вада, ёсць падагрэў. Апошняе дазваляе паспяваць клубніцы раней, чым на Брэстчыне.
І ўсё ж ягады займаюць не надта шмат месца. У цяпліцы вырошчваюцца агуркі: невялікіх стандартных памераў, вельмі смачныя і экалагічна чыстыя.
Святлана раскрывае некаторыя тонкасці гэтага напрамку агародніцтва:
— Расліна, як і чалавек: калі ён здаровы, яму не патрэбны ніякія лекі. Таму ў першую чаргу мы прытрымліваемся правільнай агратэхнікі. Зямлю не пераворваем, тым самым ствараем ідэальныя ўмовы для глебавай біёты. Угнаеннем служыць шалупінне ад насення грэчкі пасля яе перапрацоўкі.
Можна было б лішні радок агуркоў, як бачыце, пасадзіць. Аднак мы робім так, каб было раслінам больш месца, святла, каб лепш развівацца...
Мы нярэдка чуем: “Як гэта вы, творчыя людзі, а ў зямлі капаецеся?” Я ж згодна са сваім мужам, які лічыць, што праца на зямлі — гэта таксама творчая праца. Ты глядзіш, як растуць і развіваюцца расліны. А яны разумныя: самі кончыкамі каранёў “ловяць” тое, што ім патрэбна, чаго ім не хапае. І ўжо ад нас залежыць, што зрабіць, што ім даць для іх росту. Галоўнае, трэба глыбока ўнікнуць у тэму. У нашым выпадку — у арганічнае земляробства. Словам, гэта цэлая навука.
— А дзе вы вучыліся?
— У школе сельскага бізнесу, арганізаванай у рамках праекта Еўрасаюза па развіцці сельскіх тэрыторый. Муж закончыў курсы школы арганічнага земляробства ў Цэнтры экалагічных рашэнняў у Мінску. Шмат карыснай інфармацыі пачарпнулі з інтэрнэта. Ну і паўсядзённая практыка.
— Ведаю, што ваш бізнес-план па вырошчванні экалагічна чыстай прадукцыі прызнаны адным з лепшых, за што вам ад Еўрасаюза выдзелены грант у 9 тысяч еўра. На што, калі не сакрэт, пайшлі грошы?
— Мы на іх заказалі абсталяванне для перапрацоўкі насення грэчкі?
— А што, з гэтым праблема?
— Так, летась свой ураджай вазілі на перапрацоўку ў Гродненскую вобласць. Гэта эканамічна нявыгадна. Да таго ж мы займаемся вытворчасцю так званай зялёнай грэчкі. Яна, у адрозненні ад звычайнай, не павінна праходзіць праз гідратэрмічны блок, ашпарванне парам, таму не губляе шмат карысных натуральных рэчаў. Тэрмін захоўвання адной і другой аднолькавы, а вось цана розная. Зялёная ў два і больш разы даражэй. Асабліва, калі браць рынак Еўрасаюза.
— Вы дайшлі і да яго?
— Так, у нас была камісія з Еўрасаюза, якая ўхваліла нашу работу. Мы маем пераходны сертыфікат на рэалізацыю там грэчкі, а ў наступным годзе атрымаем канчатковы. Згодна яму, і кошт прадукцыі тады будзе большы.
— Слухаючы вас, ствараецца ўражанне, што ўсё ідзе надта гладка, ніякіх праблем.
— Гэта не так. Па-першае, хацелася б набыць у лізінг новы трактар і некаторы спецыяльны прычапны інвентар да яго. Пакуль гэта не ўдаецца, бо патрабуюць закладу маёмасці. Добра, калі добра, а калі неўраджай?... Неабходна і свая спецыфічная сушылка, якая каштуе не вельмі танна. Але галоўнае — у нас няма ніякага расчаравання. Мы ведаем, што знайшлі сваю справу.
Звяртаюся да Васіля, каб усё-такі разгадаць загадку: што ж вымусіла яго так рэзка памяняць прафесію ды яшчэ “ўцягнуць” у гэта жонку Святлану — таксама карэнную гараджанку?
Адказ пачуў нібыта, на першы погляд, стандартны:
— Продкі мае былі моцна звязаны з зямлёй. У дзеда Міхаіла яе было 17 гектараў. Нават акт аб гэтым захаваўся. Дзядзька Міхаіл, механізатар, — гадаваў карову, а другі дзядзька, Міхіл, быў ветэрынарным урачом, меў каня, карову. Часта разам з ім рыхтавалі сена. Бацька мой, Нікандр, хоць быў і служачы, трымаў карову, каня, свіней і розную дробную жыўнасць. Задумаўшыся ж, дададаў:
— Кожны чалавек павінен пасябраваць з раслінамі, умець іх вырошчваць. Я і сваіх дзяцей выхоўваю так: якой бы ні былі яны прафесіі, павінны ўмець здабыць сабе здаровую страву.
saulich@bk.ru
Фота аўтара
5 ФАКТАЎ ПРА ЗЯЛЁНУЮ ГРЭЧКУ
1. Умацоўвае імунітэт.
Гэты прадукт прызнаны адным з самых лепшых пастаўшчыкоў антыаксідантаў, а яны, як вядома, павялічваюць імунітэт і тармозяць працэсы старэння.
2. Дапамагае пахудзець.
Зялёная грэчка нармалізуе абмен рэчываў, лёгка засвойваецца арганізмам, надоўга захоўвае пачуццё сытасці і таму рэкамендавана для зніжэння вагі.
3. Не выклікае алергіі.
Яна не змяшчае глютэну, а таксама мае нізкі глікемічны індэкс (ГІ = 54), гэта значыць падыходзіць для дыябетычнага харчавання. Зялёная грэчка валодае ашчалачваючым дзеяннем на арганізм, дапамагае вывесці таксіны.
4. Карысная для крыві і сасудаў.
Увесь сакрэт — у высокай колькасці жалеза, а таксама руціну — флаваноіду, які ўмацоўвае сценкі капіляраў.
5. Багатая на бялок.
Крупы змяшчаюць высакаякасны раслінны бялок, у тым ліку ўсе 8 незаменных амінакіслот. Бялок грэчкі на 99 працэнтаў паўнавартасны і з поспехам можа замяніць любы бялок жывёльнага паходжання.