Ён быў не толькі ўрачом-неўрапатолагам і псіхатэрапеўтам, прафесарам, членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР, загадчыкам кафедры Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута
Мікалай Сямёнавіч Місюк займаўся і літаратурнай справай. Пісаў прозу і вершы. Выдаў некалькі кніг на рускай мове. Вершы ў асноўным былі гумарыстычныя і друкава-ліся пераважна ў часопісе «Вожык».
У «Вожыку» я працаваў. І быў адным з перакладчыкаў яго вершаў з рускай мовы на беларускую. А ў 1986 годзе ў маім перакладзе ў літаратурным дадатку «Бібліятэка «Вожыка» выйшаў зборнік вершаў Мікалая Місюка.
Намнога старэйшы за мяне, удзе-льнік Вялікай Айчыннай вайны, ён заўсёды звяртаўся да мяне са словамі «мой юный друг», хаця падчас нашага знаёмства з ім мне было ўжо больш за сорак гадоў.
Ён верыў у Бога. Праўда, пра гэта прама ніколі не казаў. Але я бачыў у яго кватэры, у доме на Вайсковым завулку ў Мінску, на сценах старадаўнія іконы. А яшчэ пра яго набожнасць я мяркую па тым, што аднойчы, паказваючы іконы, ён асцярожна прамовіў:
— Гэта Бог ратаваў мяне ў вайну.
...Малады хірург, ён усю вайну праслужыў у шпіталях Ленінградскага фронту, якія часцей за ўсё знаходзіліся ў зямлянках. Асабліва ўзрушыў мяне расказ пра адну аперацыю, якую Мікалаю Сямёнавічу давялося рабіць мала-дзенькаму салдату:
— У салдата была знесена частка чэрапа, было бачна нават, як пульсуе мозг. Калі я ўжо заканчваў аперацыю, над зямлянкай узарвалася бомба і ўсіх аглушыла выбухам, а са столі пасыпаўся пясок. Уся рана была засыпана пяском. Ачомаўшыся, я, наколькі можна было, ачысціў рану, прамыў антысептыкавай вадкасцю і зашыў. Мне так шкада было гэтага маладзенькага, прыгожанькага салдата, што я ледзь не заплакаў, мяркуючы, што салдацік больш не жылец...
І што б вы думалі? Праз які месяц сустракаю таго салдата жывога, здаровага ў страі. Напачатку вачам сваім не паверыў. Вы таксама наўрад ці паверыце.
— Каму, каму, а вам, Мікалай Сямёнавіч, веру. Нават больш, чым самому сабе, — адказаў я сябру-прафесару...
Як вучоны-медык, загадчык кафедры неўрапаталогіі, ён падоўгу і па некалькі разоў бываў у Германіі, Японіі, Англіі і іншых краінах. Заўсёды быў рады дапамагчы любому чалавеку, кім бы той ні быў.
І ў мяне да яго вялікая-вялікая, ніколі незабыўная ўдзячнасць. Да яго я часта прывозіў на прыём сваю радню, нават калі хто быў хворы не па «профілю».
Калі ў адзін летні дзень 1987 года я на таксі прывёз сваю родную цётку Наталлю Паўлаўну Парфяновіч, доктар тут жа аказаў выратавальную дапамогу: патэлефанаваў у Бараўляны, у анкалагічны даследчы інстытут, і цётку неадкладна шпіталізавалі. Потым ёй зрабіў аперацыю ў Полацкім анкадыспансеры цудоўны хірург Віктар Ізмайловіч, і хворая пасля гэтага пражыла роўна дзесяць гадоў.
Пазней я прывёз з вёскі да сябе ў Мінск сваю хворую маму. Прафесар аглядваў хворую, цешыў яе мяккім голасам, шчырай увагай.
Мікалай Сямёнавіч валодаў і гіпнозам. Але гэтай сваёй здольнасцю карыстаўся вельмі асцярожна і абачліва. Асабліва з жанчынамі, бо заўсёды пасля гіпнозу яны рабі-ліся закаханымі ў яго да неймавернасці.
Аднойчы ён мне расказаў, як адна маладая прыгожая кабеціна да бяспамяцтва закахалася ў яго і ён ніяк не мог адксціцца ад яе заляцанняў. Не дапамагаў нават гіпноз. Толькі прыклаўшы шмат намаганняў і медыцынскіх ведаў, прафесар вырабіўся ад тых заляцанняў.
У апошні раз мы сустрэліся на станцыі метро «Акадэмія навук». Сустрэліся спехам, паразмаўлялі аб тым-сім і разышліся. Мікалай Сямёнавіч ледзь паспеў ушчаміцца ў дзверы электрапоезда. А я пайшоў у свой «Вожык».
Літаральна праз некалькі дзён Мікалай Сямёнавіч памёр. Памёр раптоўна. Аб яго смерці я даведаўся з некралогу ў газетах і не прысутнічаў на пахаванні. Так шкада, што няма ўжо з намі цудоўнага чалавека, выдатнага доктара. Але ёсць яго шматлікія ўдзячныя вучні і сябры, з якімі я час ад часу сустракаюся.
На здымку: Мікалай Сямёнавіч Місюк.
Фото: семейный архив Івана Стадольнiка