Шчаслівае дзіця Астрыд Ліндгрэн
Менавіта “Піпі Доўгаяпанчоха” зрабіла Астрыд Ліндгрэн знакамітай. Створаны ёю вобраз жудасна моцнай дзяўчынкі, якая жыве без аніякіх клопатаў без бацькоў, можа на руках падняць каня і лічыць, што хадзіць спінай уперад — звычайная справа, стаў любімым для мільёнаў дзяцей ва ўсім свеце і прымусіў дарослых быць больш добрымі. Ідэальныя адносіны дарослых і дзяцей — гэта бязмежнае пытанне, лічыла пісьменніца, але самае галоўнае — “дарослыя не павінны ні пры якіх абставінах абражаць дзяцей словам, а тым больш дзеяннем”. Пра гэта гаварыла Астрыд Ліндгрэн у 1978 годзе, калі ёй ўручалі Міжнародную прэмію міру. “Ці вырасце дзіця добрым, адкрытым чалавекам, залежыць толькі ад нас, хто вядзе дзіця ў гэты свет, хто вучыць яго любіць усё жывое на Зямлі...”
Менавіта ў любові і ласцы яна выхоўвала і сваю дачку Карэн, дзякуючы якой на свет і з’явілася Піпі Доўгаяпанчоха. Дачка пісьменніцы захварэла і, лежачы ў ложку, папрасіла маму расказаць ёй пра Піпі Доўгуюпанчоху. Гэта імя само сабой неяк прыйшло ёй у галаву. Астрыд стала прыдумваць апавяданні пра Піпі, а праз колькі гадоў яны леглі ў аснову кнігі. Дарэчы, завяршальным вобразам казачнай гераіні стала рыжавалосая сяброўка Карэн, якая была на яе дні нараджэння. Дачка пісьменніцы прызнаецца, што некаторыя рысы ў вобразе Піпі былі характэрныя для яе мамы, нечым падобная на казачную гераіню і яна сама. “Яна не асабліва звяртала ўвагу на прынятыя ў грамадстве нормы паводзін, — расказвае Карэн. — Гэта асаблівасць ідзе з яе сям’і”.
Астрыд Ліндгрэн была чулай да дзяцей. Аднойчы яна атрымала ліст ад савецкага хлопчыка, які прызнаўся пісьменніцы, што баіцца ядзернай вайны. Карэн ўспамінае, што, калі яе маці перапісвалася з Міхаілам Гарбачовым, яна рассказала пра страх маленькага хлопчыка перад вайной.
Казачніца была вельмі клапатлівай маці, бабуляй. Яна дапамагала выхоўваць Карэн яе чацвёра дзяцей. Здаралася, бабуля Астрыд надзявала японскую маску вядзьмачкі і прыдумвала гульню з унукамі. “Я сама не ўмею гуляць з дзецьмі, — прызнаецца Карэн. — А ў яе гэта цудоўна атрымлівалася. Аднойчы дачка сказала мне: “Нам з бабуляй гуляць страшна, бо мы ведаем, што яна — не вядзьмачка, але яна сама думае, што гэта не так”.
Карэн (па прафесіі яна перакладчыца дзіцячай літаратуры) таксама стала добрай бабуляй. Сёння ў яе дзесяць унукаў. Жыве яна недалёка ад Стакгольма і, нягледзячы на сталы ўзрост, працягвае працаваць над перакладамі.
Пісьменніца ў шматлікіх рэчах імкнулася зрабіць жыццё сваіх дзяцей камфортным. Яна адышла ад традыцыі даваць дзецям двайныя і трайныя імёны. Поўнае імя самой пісьменніцы было Астрыд Ганна Эмілія. “Пісаць доўгае імя ў дакументах стамляла яе, — расказвае яе дачка. — Таму мяне яна назвала проста Карэн, што даволі рэдка для нашай краіны”.
Астрыд Ліндгрэн не вельмі падабалася яе папулярнасць. У дадатак да пісьменніцкай дзейнасці яна займалася палітыкай, нават давала парады кіраўнікам сельскай гаспадаркай краіны па больш эфектыўнаму догляду за каровамі. Дарэчы, яна выступіла з патрабаваннем аб тым, каб адмяніць прымяненне электрычнага току да жывёлін, які выкарыстоўваўся ў санітарных мэтах. Казачніцу пазнавалі на вуліцах, кожны хацеў павітацца з ёй. Аднойчы яна сказала: “Я так стамілася ад гэтай Астрыд Ліндгрэн”.
Карэн Нюман прыехала ў беларускую сталіцу ўпершыню. Яна прызналася, што з нецярпеннем чакае экскурсіі па Мінску, каб яшчэ больш упэўніцца ў тым, што ён вельмі прыгожы, у ім вельмі развіта культура, значная ўвага надаецца дзіцячай літаратуры.
Мухаморы есці небяспечна!
Можа ўзнікнуць пытанне: чаму Піпі, а не Пэпі? Перакладчык твора Дзмітрый Плакс тлумачыць, што менавіта такое імя гераіні твора дала Астрыд Ліндгрэн. Пэпі з’явілася ў адным з рускіх перакладаў. У класічным перакладзе на рускую, гаворыць ён, ёсць яшчэ адступленні ад арыгіналу. “Напрыклад, галоўная гераіня ў рускамоўным перакладзе Лунгіной мухаморы не есць, а збівае, — расказвае Дзмітрый Плакс. — Мабыць, гэта было зроблена для таго, каб дзеці, якія прачытаюць твор, не пачалі, як і Піпі, есці ядавітыя грыбы. Але я не стаў рабіць тое самае, бо дзеці, насамрэч, нашмат разумнейшыя, чым мы сабе ўяўляем”.
Перакладчык твора прызнаецца, што працаваць з дзіцячай літаратурай складана. “Не заўсёды мы, дарослыя, разумеем, што найбольш важна для дзяцей, — гаворыць ён. — Акрамя таго, патрэбна было ўлічваць асаблівасці мовы, на якой размаўляюць дзеці, мовы, на якой размаўляюць дарослыя, мовы, на якой гавораць дзеці, калі яны думаюць, што яны гавораць, як дарослыя”.
Кніга цікавая яшчэ і арыгінальнымі ілюстрацыямі мастачкі з Даніі Ігрыд Ванг Нюман, якая працавала над імі сумесна з аўтарам кнігі.
Аддзяленне пасольства Швецыі ў Мінску перадало ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 50 кніг “Піпі Доўгаяпанчоха” і столькі кніг пра Карлсана ў перакладзе на беларускую мову, частка якіх будзе накіравана ў бібліятэкі іншых гарадоў Беларусі. Кіраўнік аддзялення пасольства Швецыі Стэфан Эрыксан адзначыў, што Піпі — адна з самых любімых гераінь у Швецыі. Цяпер і маленькія беларусы змогуць чытаць пра яе прыгоды на сваёй роднай мове.
Піпі Доўгаяпанчоха загаварыла па-беларуску
Беларуская мова стала 64-й мовай свету, на якую перакладзены твор сусветна вядомай пісьменніцы Астрыд Ліндгрэн аб вясёлай дзяўчынцы з тырчастымі косамі колеру морквы і рабацінкамі на шчаках. Гэта значная падзея стала сапраўдным святам для дзяцей і дарослых. Дачка шведскай пісьменніцы — Карэн Нюман, якая спецыяльна прыехала ў Мінск на прэзентацыю выдання, не паспявала раздаваць аўтографы жадаючым, што выстраіліся ў шматметровую чаргу.