Перш чым мы пяройдзем да самарэгуляван-ня, трэба будзе знайсці нямала адказаў
Гульнi без правiлаў
Эксперты дыскусійна-аналітычнай супольнасці «Ліберальны клуб» для адказу на гэтыя агучаныя пытанні правялі поўнамаштабнае даследаванне. Яго асноўныя тэзісы агучыў дырэктар Мікіта Бяляеў. У прыватнасці, зыходзячы з сітуацыі, якая склалася, аптымальным бачыцца пераход на галіновы прынцып самарэгулявання. Праўда, перш чым перадаць бізнесу шэраг функцый, трэба прааналізаваць, якія менавіта яму цікавыя і з якімі без шкадаванняў гатовыя расстацца дзяржорганы. Інакш не пазбегнуць крайнасцей і лабіравання асобных інтарэсаў.
Самы просты шлях — спачатку распрацаваць этычныя нормы і кодэксы паводзін у сферы, якія падтрымае пераважная большасць гульцоў. Затым незалежная арганізацыя-рэгулятар павінна будзе сачыць за іх выкананнем, каб наладзiць культуру вядзення бізнесу.
Праўда, на думку Бяляева, у яе кіраўніцтва не павінны ўваходзіць прадстаўнікі ні дзяржорганаў, ні бізнес-саюзаў. Так мусіць павысіцца давер да новай структуры. Фінансавацца яна можа двума спосабамі. Напрыклад, за кошт невялікага працэнта ад абароту ўваходзячых у арганізацыю. Або за кошт членскіх узносаў. Але тады ўступленне ў рады самарэгуляванай арганізацыi прыйдзецца зрабіць абавязковым. Бо прадстаўнікі бізнес-саюзаў разводзяць рукамі: у іх уваходзіць 5—10, ад сілы 15% гульцоў у розных сферах. Астатнія аддаюць перавагу сядзенню ў сваім закутку, спасылаюцца на высокую занятасць, шкадуюць грошай на ўзносы. І заадно скардзяцца, што іх ніхто не чуе, і шчыра дзівяцца, што многія іх праблемы ўжо даўно вырашаны. Зрэшты, Бяляеў парыруе:
— Не думаю, што мадэль абавязковага членства вырашыць пытанне. Дапаможа толькі гатоўнасць рынку. Але пачынаць трэба, бо для гэтага ствараюцца ўсе перадумовы.
«Хачу, але не магу»
Узяць, напрыклад, скарачэнне дзяржапарату — гэтакі своеасаблівы намёк на тое, што праца тых, хто застаўся ў выканкамах, павінна стаць прасцейшай і больш эфектыўнай, у тым ліку і за кошт скарочаных функцый. Сваё бачанне дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валерый Барадзеня аргументаваў наступным чынам:
— Мы правялі вельмі сур'ёзную рэформу дзяржапарату. Тыя, хто застаўся, выконваюць розныя функцыі часцяком не таму, што вельмі гэтага жадаюць, а таму, што проста больш няма каму.
Сваё плячо павінен падставіць бізнес. Але ён, мяркуючы па пазiцыях экспертаў, пакуль не гатовы да такога адказнага кроку. Прычын таму некалькі. Адна з іх, на думку выканаўчага дырэктара Асацыяцыі рэкламных арганізацый Ігара Самкіна, у тым, што грамадства прызвычаілася да таго, што дзяржава ўсё рэгулюе i рэгламентуе.
Хто трацейскім будзе?
Напрыклад, у рэкламным рынку, на якім эксперты прапануюць апрабаваць механізм укаранення самарэгуляваных арганізацый, працуе амаль 1,2 тысячы юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Некаторыя з іх аб'яднаны пад крылом пяцёркі асацыяцый. Па словах начальніка ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірыны Барышнікавай, добра, калі гэтыя асацыяцыі сумарна прадстаўляюць інтарэсы хоць бы пятай часткі рынку:
— Востра стаіць пытанне нядобрасумленнай канкурэнцыі ў сферы. Часам прадстаўнікі адной арганізацыі не могуць дамовіцца паміж сабой, звяртаюцца па нашу дапамогу.
А таму наперадзе стварэнне інстытутаў накшталт трацейскіх судоў або сістэм страхавання, здольных рашаць бізнес-спрэчкі.
Узнікае і іншае пытанне: хто будзе ўзначальваць самарэгуляваныя арганізацыі, якія вызначаюць парадак на рынку? Ці захочуць прадстаўнікі дзяржорганаў або бізнес-саюзаў пакінуць свае месцы і перайсці ў новыя структуры? Калі прыйдуць людзі з боку, цi будуць ім давяраць? Відавочна, перш чым мы пяройдзем да самарэгулявання, трэба будзе знайсці нямала адказаў. I пачынаць шукаць іх трэба ўжо зараз.
ПАЗІЦЫЯ
Жанна ТарасевІЧ, дырэктар і сустаршыня праўлення Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага:
— Сёння мы знаходзімся ў пачатку шляху. Таму нам трэба прайсці чатыры этапы. Сам бізнес павінен сказаць «хачу», потым прааналізаваць, ці зможа, затым сказаць «гатовы», пасля гэтага заявіць «раблю». Калі мы не пройдзем па гэтых прыступках, самарэгуляванне ў нас дакладна не пойдзе. Паспрабаваць можна ў тых галінах, дзе перамены не адаб'юцца на здароўi грамадзян. Напрыклад, у рэкламнай сферы.
З іншага боку, можна пашукаць жаданне ў самiх галінах. Мы прадстаўляем практычна ўсе сферы, акрамя авіяцыйнай. У нас за самарэгуляванне выказаліся толькi арганізацыі, якія займаюцца абслугоўваннем ліфтавай гаспадаркі і мантажом ліфтаў. Мы аб'яднаем каля 60% гульцоў гэтага рынку. Яны на сябе гатовыя ўзяць адказнасць і нават стварыць сістэму страхавання. Пакуль мы вядзём размову з Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Валерый БАРАДЗЕНЯ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу:
— Самаарганізавацца бізнес прымусіць само жыццё. І не з боку дзяржавы гэта прыйдзе, а з боку спажыўца. Аб'ектыўныя змены, якія адбываюцца на рынку, паспрыяюць гэтаму. На мой погляд, мы бліжэй да нямецкай мадэлі самарэгулявання, калі гістарычна прафесіяналы не дапускалі чужынцаў, якія не выконваюць прынятыя стандарты, у свае рады. Ты не можаш увайсці на рынак, калі не становішся iх членам. Усе скаргі адрасуюцца ў прафсуполку. Там могуць нават забараніць весці справу. Яны ж праводзяць i навучанне, даюць слушныя парады.
druk@sb.by