![](/upload/iblock/8b2/8b21f50e90637e7d1c701a351b3a8b86.jpg)
Тут будзе слiзка
Праца ў шатры iдзе поўным ходам: некалькi рабочых усталёўваюць сiнiя барты па перыметры. Пляцоўка ўжо закладзена трубамi. Гэта аснова будучага катка. Металiчныя жылы хутка напоўнiць халаданосьбiт — этыленглiколь. Тады падрыхтуюць першы з пятнаццацi ледзяных слаёў. Дарэчы, залiўка катка — працаёмкая справа. Важныя паступальнасць i рэгулярнасць. Каб працэс iшоў хутчэй, на працягу чатырох-пяцi дзён рабочыя працуюць у кругласутачным рэжыме: кожныя дзве-тры гадзiны незалежна ад часу сутак залiваюць новы слой будучага катка.— Цяпер шмат якiя работы ўжо за плячыма: пляцоўка для ўладкавання лядовага пакрыцця падрыхтавана, трубаправоды ўсталяваны. Таксама праверылi iх на герметычнасць: пад цiскам пусцiлi этыленглiколь. Там, дзе было вiдаць працяканнi, лiквiдавалi праблему. Халаданосьбiт паступае ў гэтыя трубы ад кампрэсарнай устаноўкi з тэмпературай мiнус 10 градусаў па Цэльсiю, а вяртаецца да ўстаноўкi на чатыры градусы цяплей. На трубкi мы распырскваем ваду, i яна паступова застывае, — пералiчвае пункты падрыхтоўкi намеснiк дырэктара па адмiнiстрацыйна-гаспадарчай працы Палаца спорту Вiктар Ганчар. — Наперадзе самы доўгi з этапаў — залiўка. Яе выконваем паступальна: трэба нарасцiць тоўсты слой лёду. Гэта прыблiзна 15 сантыметраў. Каб вада намярзала добра i раўнамерна, кожны слой робiм па некалькi мiлiметраў. Па вопыце магу сказаць: гэта аптымальна.
![](/upload/iblock/05f/05fdca2db2bf2dc52d046a8c59de99ea.jpg)
Не здзiўляйцеся, што каток падрыхтоўваюць, калi на вулiцы ўстойлiвы плюс. Надвор’е адыгрывае ролю толькi пры залiўцы лёду, каб трубы добра прамерзлi. Планы па ўладкаваннi пляцоўкi будуюць зыходзячы з капрызаў надвор’я. I, мяркуючы па ўсiм, першыя наведвальнiкi адкрыюць гэты сезон катання на каньках у сезонным шатры ў сярэдзiне лiстапада. Залiўку плануюць пачаць з наступнага тыдня.
Дарэчы, асноўную ўвагу ў гэтым сезоне вырашылi надаць масавым сеансам катання. I калi ў мiнулым годзе пляцоўку абсталёўвалi як хакейную, сёлета каток вернецца ў звыклы выгляд. Хiба што трохi ўзбуйнiцца: да 1800 квадратных метраў дадасца яшчэ 30. Зона для наведвальнiкаў была занадта прасторнай, таму невялiкi кавалачак вырашылi аддаць пад лёд. Тэрыторыя для катання важнейшая.
Цэны на арэнду канькоў i кошт сеансаў не зменяцца. Як i ў мiнулым годзе, узяць напракат спецыяльны абутак — тры рублi, атрымаць асалоду ад зiмовага вiду спорту — чатыры-пяць рублёў, у залежнасцi ад часу i дня наведвання. Дарэчы, цяпер у арсенале катка каля 500 пар «вострага» абутку. Памеры — ад 36-га да 45-га.
![](/upload/iblock/f30/f30a599ff69ddadde83bed37debed918.jpg)
На самыя хадавыя, 38-ы — 40-ы ў жанчын i 41-ы — 43-i ў мужчын, адвялi больш за ўсё пар, на iх прыпадае амаль 40 працэнтаў ад усёй колькасцi!
— Традыцыйна самыя шматлюдныя перыяды — гэта выхадныя днi, школьныя канiкулы, навагоднiя святы. Яшчэ адзiн крытэрый — наяўнасць снегу. Калi навокал усё становiцца белым, людзi iдуць на каток больш ахвотна. У самыя ўдалыя днi колькасць наведвальнiкаў даходзiць да 1000. А за ўвесь сезон у сярэднiм атрымлiваецца каля 60 000, — дзелiцца лiчбамi Вiктар Ганчар.
Увага — дэзынфекцыi
А цяпер аб надзённым. Мяркую па сабе: пасля добрай актыўнасцi на свежым паветры апетыт паляпшаецца. Каб у мiнчан была магчымасць падсiлкавацца, не адыходзячы далёка ад катка, ля ўвахода ў шацёр вырашылi паставiць чатыры-пяць сiмпатычных драўляных дамкоў. У iх супрацоўнiкi мясцовага грамадскага харчавання будуць гандляваць блiнцамi, гарачай гарбатай, кавай i iншымi смачнасцямi. Мяркуюць, што першым днём такога гандлю стане 10 снежня.![](/upload/iblock/fbf/fbf58a075d08bf525040d478c12a5341.jpg)
Актуальнае зараз пытанне дэзынфекцыi плануюць вырашаць па ўсiх франтах. Напрыклад, кожныя тры гадзiны — апрацоўка спецыяльным растворам поручняў, ручак. Словам, тых месцаў, да якiх наведвальнiкi могуць дакранацца. Абеззаражванне праходзяць i канькi. Для iх — адразу некалькi пунктаў дэзынфекцыi: раз у суткi iх апрацуюць антысептыкам, паставяць пад ультрафiялетавыя лямпы, пасушаць пры высокiх тэмпературах. Здаецца, мiкроб не пройдзе! Але на ўсялякi выпадак на пляцоўках плануюць усталяваць дазатары з антысептыкам. Нягледзячы на тое што трымаць уласны флакончык абеззаражвальнага сродку пры сабе стала ўжо звычкай многiх, доступ да дадатковых сродкаў абароны актуальны.