Алена Кузмітовіч: «У цырульніцкай справе я арыентуюся выдатна, а вось у дакументах — прафан, дапамаглі ў службе занятасці».
З чаго ўсё пачыналася
— Тады я працавала другі год пасля вучобы, у мяне ўжо склалася пэўная база ўласных кліентаў. Аднойчы да мяне на стрыжку трапіла намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы Галіна Люткоўская. Мы разгаварыліся, а потым яна падказала, што ёсць магчымасць скарыстацца дзяржаўнай субсідыяй на развіццё бізнесу, — расказвае Алена. — Канешне, было вельмі страшна. Я ў цырульніцкай справе арыентуюся выдатна, а вось у дакументах — прафан. У службе занятасці мне дапамаглі скласці бізнес-план, аформіць афіцыйныя паперы і адкрыць сваю цырульню. Былая начальніца адрэагавала адэкватна, у нас дагэтуль захаваліся сяброўскія адносіны.
Пры адкрыцці ІП у дзяўчыны спыталі, дзе яна будзе арандаваць памяшканне. Маладая бізнес-лэдзі разам з матуляй абышла ўсе Ашмяны ў пошуках прыдатнага месца. У выніку такое знайшлося на ўскрайку горада ў будынку інтэрната мясцовага каледжа. З памяшканнем пашчасціла: тут павінен быў адкрыцца стаматалагічны кабінет, аднак зубны ўрач аказаўся немясцовым, таму перавагу аддалі карэннай жыхарцы.
Сёння ў цырульні Алены светла і прасторна, а стыльны рамонт падкрэслівае пэўны статус установы і далікатнае стаўленне да кліентаў. Аднак так тут было не заўсёды. Спачатку памяшканне давялося дзяліць з майстрам па манікюры і педыкюры. За ўласныя сродкі дзяўчына надала старому закінутаму пакою належны выгляд, а субсідыю патраціла на спецыялізаванае абсталяванне, якім карыстаецца па сёння (сушуар, цялежка, крэсла), і дарагую прафесійную касметыку.
Грошы субсідыі дзяўчына патраціла на спецыялізаваныя прылады, якімі карыстаецца па сёння, і дарагую прафесійную касметыку.
Эксклюзіўныя паслугі і дэмакратычныя цэннікі
Са сваякоў Алены цырульніцкай справай таксама займаюцца яе цётка і хросная маці — склалася гэтакая дынастыя майстроў. Увогуле, канкурэнтаў шмат. Нават тут, у калідоры па дарозе да Аленінага памяшкання, працуюць яшчэ два спецыялісты. Раней у горадзе цырульніцкай справай займаліся каля 30 прадпрымальнікаў, аднак з цягам часу большасць з іх спынілі дзейнасць ці працягнулі яе як фізічныя асобы. Сярод буйных ІП застаўся стабільны дзясятак. Як захоўваць уласную марку пры такой канкурэнцыі?
— Мы робім акцэнт на людзях, якіх заваявалі з гадамі. Дзеля пастаяннага кліента і а шостай гадзіне раніцы прачнуцца няцяжка — будзе непрыемна, калі чалавек застанецца без прычоскі ў важны для яго момант, — раскрывае хітрасці рамяства прадпрымальніца. — Ведаеце, я настолькі звыклася са знаёмымі тварамі, якія прыходзяць да мяне на стрыжкі і прычоскі, што ведаю, з кім пра што можна гаварыць, а з кім лепш памаўчаць. Насамрэч я на рабоце навучылася адпачываць, бо дома на гэта няма часу — чакаюць трое дзетак.
Таксама спецыяліст са стажам імкнецца прывабліваць кліентаў эксклюзіўнымі паслугамі і дэмакратычнымі цэннікамі. Напрыклад, бразільскае выпрамленне, якім жанчына займалася падчас інтэрв’ю, у Ашмянах робяць адзінкі. Звычайная жаночая стрыжка на валасах стандартнай даўжыні ў цырульні Алены каштуе 15 рублёў — гэта сярэдняя цана па горадзе.
Штогод прадпрымальніца выбіраецца на спецыялізаваныя выставы, каб улавіць новыя трэнды прафесіі і падгледзець ідэі на будучыню. Таксама Алена адпраўляе на семінары і курсы сваіх падначаленых. Іх, па словах профі, зараз утрымаць цяжка: наб’юць руку, напрацуюць базу ўласных кліентаў — і сыходзяць. Аднак як добры кіраўнік Алена ўсё разумее і не мае нічога супраць, памятае, як у свой час да яе адыходу паставілася былая кіраўніца.
Не строгі, а добры кіраўнік
— Мой муж кажа, што я ніякая кіраўніца, таму што сама па сабе чалавек добры і цярплівы. Выказаць што-небудзь у адрас падначаленых магу толькі ў крайнім выпадку. У цэлым з дзяўчатамі ладзім добра. А вось мой муж стражэйшы. Ён вядзе ўсю фінансавую базу, а часам можа і камеры праверыць — ці ў час супрацоўніцы прыходзяць на работу і сыходзяць дадому, — гаспадыня з усмешкай расказвае пра нюансы ўнутранага жыцця майстэрні. — Дарэчы, гэта муж падштурхнуў мяне да адкрыцця яшчэ адной цырульні ў цэнтры горада. Ён заўсёды падтрымлівае мяне, за што яму бязмежна ўдзячна.
Так, з кастрычніка мінулага года ў Ашмянах запрацавала адзіная сямейная цырульня ў горадзе. Акрамя стандартных паслуг для дарослых, спецыялісты прапануюць падстрыгчы ці зрабіць прычоску іх дзецям. А малым тут і сапраўды падабаецца: пакуль імі займаюцца цырульнікі, можна пасядзець у імправізаванай машыне, паласавацца цукеркамі і паглядзець мульцікі.
На сёння ў падначаленні Алены дзве супрацоўніцы. Хутка ў штаце з’явіцца вакансія для майстра па манікюры і педыкюры. Сярэдняя зарплата за месяц у падначаленых 600–700 рублёў. Сама гаспадыня майстэрні мае чысты штомесячны прыбытак каля 2000 рублёў.
У планах Алены выкупіць памяшканне для ўласнай майстэрні ў цэнтры горада. Яна клапоціцца пра кліентаў: «Яны старэюць разам з намі, праз пэўны час ім далекавата будзе хадзіць на ўскраіну горада. У цэнтры, акрамя таго, большая верагоднасць, што на стрыжку зойдуць і новыя кліенты». Пакуль адкрыццё чарговай уласнай майстэрні для прадпрымальніцы застаецца марай. Будзем спадзявацца, што хутка яна спраўдзіцца.
ПРОСТАЯ МОВА
Галіна ЯШЫНА, кіраўнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ашмянскага райвыканкама:
— На дадзены момант у раёне налічваецца 50 беспрацоўных на 512 вакансій. Гэта значыць, што на аднаго беспрацоўнага — дзесяць вольных месцаў. Афіцыйна не занятых у эканоміцы — 13 чалавек, астатнія навучаюцца, чакаюць субсідыі ці працуюць не на дагаворнай аснове.
Штогод чацвёра грамадзян у нас атрымліваюць субсідыю на развіццё ўласнай справы. Акрамя гэтага, ёсць магчымасць прайсці навучанне па асновах прадпрымальніцкай дзейнасці і ў іншых кірунках. На сёння ў раёне шмат вакансій у сельскай гаспадарцы — заатэхнікі, аграномы, жывёлагадоўцы, паляводы, падсобныя рабочыя, трактарысты і вадзіцелі розных катэгорый, таксама патрабуюцца людзі ў аддзел культуры — гукааператары, балетмайстры, не хапае медработнікаў як з вышэйшай, так і з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, ёсць патрэба ў ратавальніках, спецыялістах па мытным дэклараванні і работніках у іншых кірунках.
veronulas@sb.by
Фота аўтара.