Доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускага і рускага літаратуразнаўства і журналістыкі Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя А. С. Пушкіна Зоя Пятроўна Мельнікава — выбітная асоба ў беларускім літаратуразнаўстве. Днямі яна адзначыла сваё 70-годдзе. Мы пагаварылі пра шлях у літаратуразнаўстве і тэндэнцыях, якія ўплываюць сёння на нацыянальную літаратуру і яе вывучэнне.
Зоя Мельнікава разам са сваімі студэнтамі.
— Зоя Пятроўна, чаму вы вырашылі абраць менавіта літаратуразнаўства?
— Я дзіця пасляваенных дзесяцігоддзяў. У той час да чытання заахвочвалі настаўнікі, падтрымліваўся ідэал чалавека-кніжніка. Таму пры заканчэнні васьмігадовай Дармантоўскай школы ў Докшыцкім раёне была ўпэўнена: стану настаўніцай.
Маёй альма-матар стала Полацкае педагагічнае вучылішча. Педагогі зазначалі, што настаўнік — гэта чалавек, які ўсё жыццё вучыцца. Гэта я захавала назаўсёды, праверыла на ўласным вопыце і сёння пераконваю ў гэтым студэнтаў.
Скончыўшы педвучылішча, паступіла ў БДУ. На той час я ўжо стала мамай. Таму паступала на завочнае аддзяленне, калыхала каляску з дачушкай і чытала.
На выпускных экзаменах старшынёй дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі быў акадэмік НАН Беларусі, прафесар Віктар Каваленка. Пасля абароны дыпломнай ён прапанаваў мне паступіць у аспірантуру. У той час я не думала звязваць жыццё з навукай. Але сяброўкі па філфаку пераконвалі, што я змагу напісаць дысертацыю. Канчаткова стаць на навуковы шлях вырашыла пасля размовы з бацькам, які сказаў: «Зоя, калі ты зможаш паступіць, вучыся».
Вялікую ролю на маім навуковым шляху адыграў Уладзімір Калеснік, асоба легендарная для айчыннага літаратуразнаўства, які запрасіў мяне на кафедру беларускай літаратуры ў тады яшчэ Брэсцкі педінстытут, дзе я працую і сёння. Свайму першаму навуковаму кіраўніку Віктару Каваленку і старэйшым таварышам — педагогам удзячна за тое, што натхнілі ўзяцца за доктарскую дысертацыю, якую абараніла ў 2004 годзе.
Я чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне.
— Беларуская літаратура. Што яна значыць для вас?
— Беларуская літаратура, як і мова, дае энергетыку, самасвядомасць нацыі. У дыскурсе мінулага стагоддзя часта сустракаліся, ды і зараз усплываюць, паняцці малых і вялікіх народаў. На мой погляд, гэта вельмі спрошчанае ўяўленне.
Я пераканана: мы, беларусы, вялікі народ.
Нягледзячы на стагоддзі абмежаванняў беларускай мовы і літаратуры, мы здолелі захаваць іх. Гэта сведчыць аб вялікай духоўнай сіле нашага народа. У нашай літаратуры адлюстравана яго драматычная гісторыя. Сёння нацыянальная гісторыя і літаратура змяшчаюць асноўныя беларусазнаўчыя веды, і мы павінны іх культываваць.
— Зоя Пятроўна, пачэсную магчымасць называць вас настаўнікам маюць шматлікія студэнты, магістранты, аспіранты. А што асабіста вы лічыце сваім найважнейшым дасягненнем у амплуа выкладчыка і даследчыка?
— Маім, спадзяюся, годным дасягненнем лічу шматгадовую выкладчыцкую працу. У Брэсцкім дзяржуніверсітэце я працую 40 гадоў. Пераканана, што беларусазнаўчыя веды нясуць нашаму народу ў сумленнай працы і жыцці многія пакаленні маіх выпускнікоў. Важным для ўсяго сучаснага беларускага літаратуразнаўства стала фарміраванне брэсцкай навукова-педагагічнай школы.
Ганаруся сваімі вучнямі, якія з’яўляюцца любімымі выкладчыкамі сённяшніх студэнтаў.
Пачынаючы з 1990-х на брэсцкім філфаку працуе калектыў па стварэнні школьных падручнікаў па беларускай літаратуры. Пасля таго як яго першы кіраўнік Вера Зарэцкая-Ляшук пакінула працу ва ўніверсітэце, я прыняла на сябе адказнасць за справу.
— На вашу думку, што трэба зрабіць, каб больш юнакоў і дзяўчат чыталі на роднай мове?
— Гэта праблема не толькі нашага грамадства, але і ўсяго сучаснага постмадэрнісцкага свету. Сёння чытаюць у асноўным тыя, хто працуе з тэкстам. Аднак чалавек, калі ён хоча быць інтэлектуальным і культурным, павінен чытаць, бо чытанне развівае кагнітыўны патэнцыял асобы, вобразнае ўяўленне, пашырае слоўнікавы запас і вучыць мысліць.
Сваім студэнтам я прыводжу выснову сучасных мысляроў, што без чытання адбываецца «дэбілізацыя» асобы і грамадства.
Падтрымка прэстыжу роднай мовы і літаратуры — справа комплексная. Патрэбна рэальная падтрымка ў вырашэнні гэтай агульнай праблемы. А таксама каб і далей павышаўся статус настаўніка. Неабходна, каб і дзяржаўныя людзі, аўтарытэты для моладзі, часцей размаўлялі па-беларуску.
— Ці былі ў жыцці моманты, калі вы сумняваліся ў правільнасці выбранага шляху?
— Не ўяўляю сябе ў іншай прафесіі. Але з вялікім піетэтам стаўлюся да ўрачоў. Мне здаецца, яны другія пасля Бога. Ім людзі ўручаюць сваё жыццё. Аднойчы патрапіла ў бальніцу, і давялося дапамагаць цяжкахворым суседзям па палаце. Здалося, што магла б стаць някепскім доктарам. Аднак не было ў жыцці момантаў, каб я пашкадавала аб сваім выбары.
popov@sb.by