Вчера в хойникской деревне Глинище отмечали 95-летие Ивана Мележа

Наш Iванка, Паўлаў сын

НА МАЛОЙ радзіме класіка, апетай ім у «Палескай хроніцы», угодкі пісьменніка — справа звыклая. Кожную зіму менавіта 8 лютага глінішчукі (так называюць сябе мележаўскія аднавяскоўцы) збіраюцца на імпрэзу. Бо ўпэўнены: менавіта Іван МЕЛЕЖ зрабіў іх, людзей на балоце, знакамітымі на ўвесь свет. Памерлі даўно тыя жыхары Глінішча, якія сталі прататыпамі герояў мележаўскіх раманаў. Прыкметна змянілася вёска, пра якую ідзе гаворка ў трылогіі: цяпер Глінішча сучасны аграгарадок, а не астравок жыцця, ахоплены суцэльнай багнай. Але здзіўляе, з якімі асабліва трапяткімі пачуццямі палешукі пестуюць памяць народнага пісьменніка Беларусі.

У ГЭТЫМ годзе святкаванне юбілею Івана Мележа пачалося ажно ў суботу, 6 лютага. У Хойніцкім краязнаўчым музеі прайшлі традыцыйныя Мележаўскія чытанні: «Лёс пакаленняў у творчасці пісьменніка». Вучні гарадскіх школ і жыхары райцэнтра слухалі ўрыўкі з твораў пісьменніка, а напрыканцы імпрэзы сваімі ўспамінамі пра роднага дзядзьку падзялілася пляменніца класіка Лілія Краўчанка. Сустрэча адбылася ўнікальная, лічыць дырэктар Хойніцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі, якая рыхтавала чытанні, Наталля Ешчанка:

— Нам пашанцавала, што ў Хойніках засталася жыць і працаваць Лілія Уладзіміраўна. Згадзіцеся, шчасце, калі пра нашага знакамітага пісьменніка могуць расказаць яго сваякі. Такія сустрэчы — лепшая рэклама чытання, асабліва для маладога пакалення! А Мележ на хойніцкай зямлі, хоць адсюль пайшлі славутыя літаратары Барыс Сачанка і Мікола Мятліцкі, — сапраўдная зорка. Манументальнае пацвярджэнне таму — скульптурная кампазіцыя “Людзі на балоце”, якую адкрылі ў нас на Дні беларускага пісьменства ў 2010 годзе.


У Глінішчы імем Івана Мележа названы сельгаспрадпрыемства, школа, вуліца з навюткімі катэджамі. Ёсць помнік пісьменніку і Дом-музей. Менавіта там вёскай і святкавалі 95-годдзе земляка. Спачатку — мітынг, затым у Цэнтры вольнага часу літаратурная гасцёўня  з удзелам трупы Мазырскага драматычнага тэатра імя І. П. Мележа. Дарэчы, сцэнарый імпрэзы вяскоўцам дапамагала пісаць тая самая пляменніца Лілія Краўчанка. Чалавек яна ў Хойніках вядомы, бо шмат гадоў аддала галіне культуры. Ужо дзесяць гадоў кіруе народным ансамблем “Спадчына”, якім ганарацца ў райцэнтры. Калектыў у 12 чалавек (удзельнікі яго — спяваючыя пенсіянеры) шмат калясіць па вёсках Хойнікшчыны, прычым даюць канцэрты амаль што ў полі: на вуліцы, ферме, ля ФАПа.

ЛІЛІЮ Уладзіміраўну мы засталі за прыемнымі клопатамі: яна якраз ад’язджала ў Глінішча на святкаванне. На літаратурную вечарыну пляменніца Мележа рыхтавала народныя, аўтэнтычныя і жартоўныя песні, іх вельмі любіў слухаць Іван Паўлавіч. Якім Лілія Уладзіміраўна запомніла свайго дзядзьку?


 Іван МЕЛЕЖ сярод пісьменнікаў, 1974 г.

— Не памылюся, калі скажу, што такім жа, як і ўсе нашы глінішчукі: чалавекам з адкрытай душой, шчырым, вялікім аптымістам. Ведаеце дзядзька Іван быў чалавекам фанатычна адданым роднай зямлі, ён літаральна мроіў сваімі Глінішчамі, Алекшыцамі, Каранеўкай (у “Людзях на балоце” гэтыя вёскі называюцца так жа, як і ў народзе, Алешнікі і Курані). У Алекшыцы ў школу хадзіў, у Каранеўцы дзядуля яго жыў. Таму, калі мы збіраліся ў Івана Паўлавіча ў Мінску ці на дачы ў прысталічных Ждановічах, першае, пра што хацеў ён даведацца, гэта пра навіны з малой радзімы. А калі выдаваўся вольны дзень ці два, ён, не задумваючыся, садзіўся ў машыну і імчаў на радзіму.


Прыезд Мележа ў Глінішча ніколі не заставаўся незаўважаным. Людзі цягнуліся да яго, заўсёды віталіся з “Паўлавым сынам” (так звярталіся да яго) і ведалі, што можна ў славутага земляка папрасіць дапамогі, калі трэба. Мележ не адмаўляў і заўсёды, калі паабяцаў дапамагчы, трымаў слова.

Больш за ўсё гасцяваць класіку падабалася ў стрыечнай сястры Анастасіі Вяргейчык. “Насця, нясі сваё ўсё жывое!” — камандаваў ён. І кузіна накрывала стол са стравамі з усяго свойскага: са свежага малака, мёду (у Анастасіі былі пчолы), мясных прысмакаў. А потым яны бралі балалайку і гітару і разам спявалі старадаўнія песні. Гэтыя спевы былі сапраўднай аддушынай для пісьменніка. Вядома, за такімі вячоркамі ўспаміналі стрыечны брат з сястрой пра мінулае. Пра бацьку Івана Паўлавіча, умелага бондара, пра маці Марыю Дзянісаўну. Асабліва любіў Іван Паўлавіч матчын хлеб, які яна даставала драўлянай лапатай з печы. Не цярпелася хутчэй паспрабаваць духмяныя боханы: “Не лезь, Іван, пакуль не астынуць! Не пачынай!” — папярэджвала Марыя Дзянісаўна.

Хойнікі. Адкрыццё скульптурнай кампазіцыі
«Людзі на балоце» па творах Івана Мележа,
5 верасня 2010 г.

— Асабліва мяне ўразіла, як дзядзька любіў чытаць кнігі, — працягвае Лілія Краўчанка. — У той час былі газавыя лямпачкі, а газ мы павінны эканоміць. Дык Іван Паўлавіч браў томікі ў крамнінную сумку і ішоў да стога з сенам, каб не перашкаджаць дамашнім. Там заўсёды было святло. А яшчэ яскравы ўспамін майго дзяцінства — гэта яго падарункі на Новы год. Вы не паверыце, з якім зачараваннем ляцелі на пошту, каб атрымаць у скрынях цукеркі і мандарыны. Мы, вясковыя дзеці, іх ніколі нават і не бачылі.

Калі Лілія Уладзіміраўна паступіла на філфак БДУ, знакаміты родзіч пра гэта нават і не ведаў. Расказаў яму аб тым Ніл Гілевіч, які прымаў у сваячкі ўступныя іспыты. Затое ва ўніверсітэце з вучобай праблем ніякіх не было. “Прозвішча іграла сваю ролю”, — смяецца Лілія Уладзіміраўна. Паездкамі да дзядзькі дзяўчына не дакучала. А калі запрашаў той да сябе, то як сапраўдны паляшук выстаўляў на стол усе прысмакі. Цікавіўся, як Ліліна маці, Юлія Паўлаўна, родная сястра Мележа (яна называла брата “наш Іванка”), як вёска, што цікавага адбываецца на вучобе.

Цяпер Лілія Краўчанка па магчымасці стараецца падтрымліваць сувязі з роднымі Мележа. Напрыклад, з сястрой Любоўю Паўлаўнай, дачкой Людмілай Іванаўнай, якія жывуць у сталіцы, і дачкой Ларысай Іванаўнай, тая жыве ў Ждановічах. На жаль, рэдка атрымліваецца збірацца разам.

З iмi ж стараецца не губляць сувязяў і глінішчанскі энтузіяст культуры — навуковы супрацоўнік Дома-музея Івана Мележа Любоў Рубан. Любоў Іванаўна расказала, што і сама бачыла класіка. Апошні раз, калі вучылася ў пятым класе.

Гэта было 17 мая 1976 года. У красавіку таго ж года ў Мінску быў чарговы з’езд пісьменнікаў Беларусі, на якім прысутнічаў Пётр Машэраў. Ён пацікавіўся, як справы ў Мележа (у той час класіка турбавалі ныркі і сэрца). Той адказаў, што даўно не быў на радзіме і хоча хоць адным вокам пабачыць любімыя з маленства мясціны. Машэраў,  не доўга думая, арганізаваў паездку ў Хойніцкі раён. Разам з дэлегацыяй пісьменнікаў (было 10 чалавек) сталічныя госці селі ў верталёт і… прызямліліся ў Глінішчы.


— Гэта быў фурор! — захапляецца Любоў Рубан. — Верталёт пасадзілі прама на школьным стадыёне. Дарэчы, каб завяршыць будаўніцтва школы, у свой час Іван Паўлавіч ахвяраваў грошы з атрыманай ім Ленінскай прэміі. На стадыён зляцелася ўся вёска. Мележу такая ўвага была даспадобы, ён перш за ўсё павітаўся з калгаснікамі. Пытаўся, як справы, ураджаі, надоі. І толькі потым пайшоў на адведкі да сваякоў.

ШМАТ асабістых рэчаў засталося землякам у спадчыну ад Мележа ў Доме-музеі. Дарэчы, будавалі яго ўжо пасля смерці пісьменніка талакой, бо бацькоўская хата была прададзена і колішнія гаспадары не згадзіліся аддаваць дом. Сярод унікальных экспанатаў — пісьмовы стол, капялюш, гадзіннік, партфель і першыя выданні знакамітых твораў. У тым ліку “Людзі на балоце”. Там жа назаўсёды “прапісалася” друкаваная машынка “Ундэрвуд”, на якой Мележ друкаваў свой неўміручы шэдэўр беларускай літаратуры — “Палескую хроніку”.

uskova@sb.by

Фота Андрэя НОВІКАВА, Вікторыі МАРОЗ і з архіва «СБ»
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter