Перада мной — сiмпатычны калектыўны зборнiк паэзii «Зоры над Зальвянкай», выдадзены ў Слонiмскай друкарнi. Тут выступiлi ўдзельнiкi аднайменнага з кнiгай лiтаратурнага аб’яднання, якiя паходзяць з Зэльвеншчыны. Кнiга выйшла да юбiлею гэтага мястэчка, а на старонках i творы Валянцiна Семянякi. Ён нарадзiўся ў Пружанскiм раёне, але праз год сям’я пераехала на радзiму бацькi ў вёску Цяглевiчы на Зэльвеншчыне. Тут прайшло яго дзяцiнства i юнацтва. Скончыў школу, фiзiчны факультэт Гродзенскага дзяржунiверсiтэта iмя Я. Купалы, Акадэмiю кiравання пры Прэзiдэнце. Працаваў настаўнiкам фiзiкi, дырэктарам школы, узначальваў аддзел адукацыi, быў намеснiкам старшынi Зэльвенскага райвыканкама. Абраны старшынёй раённага Савета дэпутатаў, а затым i дэпутатам Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу. Прызнаецца, што заўсёды многа часу аддаваў працы, а натхняюць на працоўныя ўдачы шчаслiвая сям’я i бяздонная творчасць. «Колькi iх, лёсаў, у небе аблокаў, // Тых, што плывуць ў вышынi над табой? // Ведае, можа, адно толькi сокал, // Узняўшыся ў неба над грэшнай зямлёй, // — разважае аўтар i падсумоўвае: — Але, пазнаўшы жыццёвы парадак, // Сам адкажу на пытаннi свае — // Іншы жыве, каб дарыць людзям радасць, // Іншы сам рады адно, што жыве».
Валянцiн Семяняка прысвяцiў глыбокiя лiрычныя вершы Жанчыне, Настаўнiку, Дзецям. Наўмысна пiшу гэтыя словы з вялiкай лiтары, бо для аўтара яны не проста лiрычныя героi з чарговага твора, а без перабольшання iконы, на якiя ён молiцца: «За ўсё, што маю i люблю, // Што ў роспачы не кiну, // За ўсе грахi, што адмалю, // Удзячны я жынчыне». А жанчына — гэта i мацi, i жонка, i дачка, якiх паэт апявае ў самых светлых радках. Маме прысвяцiў нават сваю кнiгу «Зорка залатая», якая выйшла ў выдавецкiм доме «Звязда».Вершы Валянцiна Семянякi адгукаюцца рэхам у душы чытачоў, бо думкi i вобразы адлюстроўваюць тое, што перажывае кожны чалавек, толькi выказаць часам гэтага не можа. А паэт змог. Мяркуйце самi: «Калi навокал столькi ўсяго — // Даступнага i простага — чужога, // Так цяжка не адмовiцца свайго — // Імя, Радзiмы, Мовы, нават Бога». А ў фiнале яркая, вiдавочная выснова: па жыццi лёгка крочыць таму, хто на скрыжаваннi выбраў правiльны шлях, сумленны.
Максiм Танк склаў простае людское шчасце з хлеба, поту, роднага небасхiлу, дружбы, мацнейшай ад смерцi… А ў Валянцiна Семянякi свой варыянт. Ён прапануе шукаць шчасце ў прарочых снах, шырокiх сцежках, усмешках дзяцей. А яшчэ «Шукайце — у шуме ветру, // Шукайце ў сонечным ззяннi. // Шукайце ў песнях няспетых // І ў запаветных жаданнях». Верш таксама пра жыццё, пра бясконцае ў iм хараство, невычарпальную глыбiню.
Да таго ж Валянцiн Семяняка — слынны перакладчык. Зрабiў творчы ўнёсак у грунтоўную анталогiю сучаснай рускай паэзii, якая гучыць па-беларуску i выйшла ў выдавецкiм доме «Звязда». Валянцiн Мiхайлавiч пераклаў вершы расiйскага паэта Мiхаiла Анiшчанкi. Адзiн з iх пра егiпецкую царыцу Клеапатру: «І ў тумане, дзе спынены кадры, у сузор’ях чужых сваякоў // Распiнае цябе, Клеапатра, пагалоска чужая iзноў. // Я паверыць паклёпу не ў стане, я натхнёны табою без слоў. // Ды Актавiй стаiць побач з намi з вераломствам апошнiх часоў». Паэт перадае радкi максiмальна дакладна, сэнс нiдзе не скажаецца. Гэта выключнае ўменне — падпарадкаваць рыфме пераклад слоў, якiя ў рускай мове гучаць па-iншаму. І пры гэтым амаль не перайначыць змест.
Верш «Нам трэба некалi вяртацца» паэт прысвяцiў аднакласнiкам — выпускнiкам 1980 года Цяглевiцкай сярэдняй школы. Вяртацца да родных каранёў, да бацькоўскай хаты, да матулiных песень некалi трэба, а нашы слёзы i смех цiкавы толькi блiзкiм людзям: «Нам трэба некалi вяртацца, бо ўсё ў мiнулым застаецца — // Удача, грошы, нават шчасце // Калiсьцi ўсё-такi мiнецца. // І ты захочаш усмiхнуцца // Матулi, вёсцы, кожнай хаце. // Дык покуль ёсць куды вярнуцца, // Усё ж трэба некалi вяртацца».
basikirskaya@sb.by