Засталося 130 асобнiкаў: ці вернецца Брэсцкая Біблія дадому?

Надзея пад вокладкай

У наступным годзе Брэст адзначыць сваё тысячагоддзе. Па завядзёнцы да круглай даты будуюць сацыяльныя аб’екты, дарогі, рамантуюць усё тое, што патрабуе рамонту. Дабрачынны фонд «Брэст. 1000 год» паставіў перад сабой няпростую мэту — вярнуць гораду адзін з яго сімвалаў, Брэсцкую Біблію. Фаліянт надрукавалі ў верасні 1563 года ў першай на тэрыторыі сучаснай Беларусі друкарні, якую заснаваў Мікалай Радзівіл Чорны. У свеце захавалася толькi 130 экзэмпляраў Брэсцкай Бібліі. Кожны з іх каштуе як мінімум 40 тысяч долараў. Кнігі захоўваюцца ў прыватных калекцыях, музеях і бібліятэках Польшчы, Літвы, Расіі. Экзэмпляр 455-гадовага выдання можна ўбачыць у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук. Ці вернецца, нарэшце, Брэсцкая Біблія ў Брэст?

Брэсцкая Біблія, XVI стагоддзе
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА

738 таямнiчых старонак

Гісторыя Радзівілаўскай Бібліі незвычайная і таямнічая. Калі-небудзь яна абавязкова дачакаецца экранізацыі.

1553 год. Па запрашэнні канцлера ВКЛ Мікалая Радзі-віла Чорнага ў Берасце пераязджае кракаўскі войт Бярнард Ваявудка, вучань самога Эразма Ратэрдамскага, выбітны матэматык і перакладчык. Вучоны ўзначаліў першую на тэрыторыі сучаснай Беларусі друкарню. Тут выдавалі кнігі на польскай мове. Першыя берасцейскія друкі адпавядалі патрэбам рэфарматарскага руху: Вялікі і Малы катэхізісы, перакладныя тэалагічныя творы Кшыштафа Імлера і Урбана Рэгіуса. Аднак пасля трагічнай смерці Ваявудкі друкарня спыніла дзейнасць на чатыры гады. У 1558-м яе ўзначаліў Станіслаў Мурмэліус. У гэты год выходзіць першы друкаваны нотны зборнік у ВКЛ «Песні хвал Боскіх» Яна Зарэмбы. Плённым для друкарні стаў 1560 год, калі было выдадзена прыкладна 10 кніг. Сярод іх «Статут польскага права», «Артыкулы Магдэбурскага права», «Учынак падчас суда».

З 1561 па 1570 год друкарняй кіраваў Цыпрыян Базылік. Большасць выданняў — свецкага характару. Але ж у гэты час Радзівіл Чорны быў апантаны новай грандыёзнай ідэяй — ажыццявіць пераклад і выданне пратэстанцкай Бібліі. Для гэтага ў Берасце запрасілі лепшых перакладчыкаў з яўрэйскай і грэчаскай моў — агулам 18 чалавек. Гравюры-ілюстрацыі выканаў высакакласны майстар, імя якога, на жаль, засталося невядомым. Мікалай Радзівіл Чорны ўклаў у кнігу свой гадавы даход — 10 тысяч дукатаў.

— Біблія ўбачыла свет у верасні 1563 года. Яна змяшчала 738 старонак, 14 гравюр, падрабязныя каментарыі і — упершыню! — прадметны паказальнік. Берасцейская Біблія стала самым вялікім па аб’ёме друкаваным выданнем ХVI—ХVIII стагоддзяў Вялікага Княства Літоўскага, шэдэўрам паліграфічнага мастацтва эпохі Рэнесансу. Афармленне было зроблена на вышэйшым узроўні. Уявіце, што тытульныя аркушы і гравюры нават вырывалі і выкарыстоўвалі для ўпрыгожвання інтэр’ераў, — распавядае кіраўнік сектара рэдкай кнігі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя Горкага Ала Кузьміна.

На жаль, лёс Бібліі, як і многіх іншых старабеларускіх кніг, трагічны. Радзівіл Чорны завяшчаў свайму сыну Мікалаю Радзівілу Сіротку прытрымлівацца пратэстанцтва. Але Мікалай быў заўзятым каталіком. У 1576 годзе ён перавёз абсталяванне і матэрыялы берасцейскай друкарні ў Вільню і перадаў езуіцкаму калегіуму. Бацькоўскія пратэстанцкія выданні Мікалай Радзівіл Сіротка загадаў сабраць і спаліць у двары Нясвіжскага замка. Так загінуў асноўны наклад Радзівілаўскай Бібліі, таму дакладная колькасць выдадзеных кніг сёння невядома. Многія навукоўцы лічаць, што ўсяго было надрукавана каля 1000 экзэмпляраў. Сярод тых 130 асобнікаў, якія дайшлі да нашых дзён, поўныя выданнi можна пералічыць па пальцах.

— Няма сумневу, вяртанне Брэсцкай Бібліі стане важнай падзеяй для ўсіх неабыякавых гараджан, — працягвае Ала Кузьміна. — Выданне мае вялізную гістарычна-культурную каштоўнасць, і пераацаніць яе цяжка. Але ж набыць фаліянт досыць складана. На аўкцыёнах ён з’яўляецца вельмі рэдка, да таго ж разам з ростам цікавасці да Брэсцкай Бібліі расце і яе кошт. Зараз мне нават цяжка сказаць, колькі яна будзе каштаваць.

Помнiк Брэсцкай Бібліi.
Фота Валянцiны КАЗЛОВIЧ

Няпоўны экзэмпляр

У Брэсцкай абласной бібліятэцы захоўваецца няпоўны варыянт выдання. Яго набылі чатыры гады таму за кошт абласнога бюджэту. Пад адзінай вокладкай сабраныя 68 лістоў, надрукаваных у XVI стагоддзі. Кніга ў разгорнутым выглядзе ляжыць пад шклом. Ала Кузьміна тлумачыць:

— Выдаваць яе на рукі мы, зразумела, не можам. Кнізе ўжо больш за 450 год, і яна патрабуе адпаведнага стаўлення. Нягледзячы на ўзрост, фрагменты Бібліі знаходзяцца ў выдатным стане. Іх не залівалі вадой, яны не гарэлі і захоўваліся ў прыдатных умовах. Паглядзіце, якія тут цудоўныя шрыфты, плеценыя загалоўныя літары, на застаўках можна разгледзець зусім дробныя дэталі. І гэта праз 455 гадоў! Згадзіцеся, якасць друку проста выдатная.

Радзівілаўскую Біблію сёння вывучаюць у некалькіх аспектах. Гісторыкам, напрыклад, цікава, для каго яна была выдадзена і які быў яе тыраж. Лінгвістам важны пераклад на польскую мову з арыгіналаў. Навукоўцы, якія даследуюць гісторыю літаратуры, хочуць высветліць, як Біблія жыла ў чытацкім асяроддзі таго часу. І тут важныя нават асобныя фрагменты арыгінальнага выдання. Вацлаў Валецкі, польскі даследчык, прафесар Ягелонскага ўніверсітэта, які шмат гадоў вывучае Радзівілаўскую Біблію, лічыць, што кожны асобнік старажытнай кнігі жыве сваім жыццём:

— У кожнага былі і ёсць свае чытачы, якія пакідалі запіскі на палях, згадвалі кнігу ў сваёй карэспандэнцыі, па-рознаму яе захоўвалі. Вось у асобніка, які патрапіў у Брэст, больш позняя, тыповая для шляхецкіх прыватнаўласніцкіх кніг аправа. Гэта прыкладна канец XVIII стагоддзя. Можна сказаць, што яна захоўвалася не ў саборы, а ў прыватнай калекцыі. Для даследчыкаў кожны асобнік — багатая крыніца інфармацыі.

Пошукам больш поўнага экзэмпляра кнігі займаецца дабрачынны фонд «Брэст. 1000 год». Яго кіраўнік Наталля Антанюк распавяла:

— Вяртанне Брэсцкай Бібліі стане значнай і доўгачаканай падзеяй для горада. Выданне з’яўляецца шэдэўрам выдавецкай справы XVI стагоддзя, адным з сімвалаў горада. За час пошукаў мы знайшлі аднаго жадаючага прадаць асобнік з уласнай калекцыі. Магчыма, адгукнецца яшчэ нехта. Пошукі працягваюцца. Для нас важна не проста набыць фаліянт, а знайсці максімальна поўны асобнік у добрым стане.

Па непацверджанай інфармацыі, апроч экзэмпляра, які захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук, у прыватных калекцыях на тэрыторыі Беларусі ёсць яшчэ як мінімум два асобнікі. Быццам бы адзін з калекцыянераў згадзіўся прадаць сваю Біблію, якая захавалася на 90 працэнтаў, але дамовіцца па цане не атрымалася. Колькі грошай запрасіў уладальнік — пакуль невядома.

p.losich@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter