«Негорелое — Париж»: свидетелем каких событий была необычная станция между Западной и Советской Беларусью

Мяжа рэзала па жывому

Менш чым праз месяц мы будзем упершыню адзначаць новае дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзiнства, заснаванае ў пачатку чэрвеня указам Прэзiдэнта. Абраная для яго дата — 17 верасня — асаблiвая для беларускага народа. У 1939 годзе ў гэты дзень пачалося ўз'яднанне Заходняй i Усходняй Беларусi. Наш народ, падзелены супраць яго волi ў 1921 годзе па ўмовах Рыжскага мiрнага дагавора, пасля якога палова тэрыторыi Беларусi з насельнiцтвам амаль 4 мiльёны чалавек адышла пад юрысдыкцыю польскай дзяржавы, атрымаў магчымасць развiвацца, разам будаваць моцную краiну, ствараць перспектывы для будучых пакаленняў.

Гiстарычная справядлiвасць перамагла. Але амаль 20 гадоў, на працягу якiх беларусы былi падзелены мяжой, назаўжды застануцца ў памяцi народа, адгукаючыся болем за зламаныя чалавечыя лёсы, калi па розныя бакi мяжы аказвалiся члены адной сям'i, горыччу за страчаны час i нявыкарыстаныя магчымасцi. Тым больш важкая i маштабная дата адноўленага 82 гады таму нашага адзiнства, дзякуючы якому Беларусь выстаяла ў гады Вялiкай Айчыннай вайны, заняла ганаровае месца ў мiжнароднай супольнасцi, стала адным з сузаснавальнiкаў ААН.

Да Дня народнага адзiнства журналiсты «Р» падрыхтавалi серыю публiкацый аб тым, што значыць 17 верасня для краiны i для кожнага з нас. Увазе чытачоў — першая з iх.
«Ён, Зосiн Данiк, вучыцца лепш за ўсiх. А вось застаўся ў трэцiм класе на другi год. Такi ўжо заведзены лад у паноў: хто не адходзiць у школу да чатырнаццацi год — плацi штраф або адседжвай у каталажцы пры гмiне. Iсцi ў чацвёрты, у местачковую школу, — няма за што i няма ад каго...» Радкi гэтыя з аповесцi Янкi Брыля «Сiрочы хлеб» выдатна адлюстроўваюць асаблiвасцi жыцця, у прыватнасцi адукацыi, на беларускiх землях, з 1921 года трапiўшых у склад Польшчы. Забарона беларускай мовы ў школах, масавае акаталiчванне, поўная абыякавасць да сацыяльных патрэб народа, высмоктванне сiл i рэсурсаў — гэта быў перыяд сапраўднага нацыянальнага гнёту. Дзень 17 верасня 1939 года, калi Рабоча-сялянская Чырвоная армiя рушыла ў вызваленчы паход, стаў святам народнага аб'яднання — i нарэшце атрымаў афiцыйны статус у сучаснай суверэннай краiне. «Р» наведала некаторыя населеныя пункты, якiя сто гадоў назад сталi пагранiчнымi, каб узнавiць у памяцi тагачасныя падзеi i параўнаць жыццё нашых продкаў па абодва бакi мяжы. 

Станцыя Негарэлае была адзiнымi чыгуначнымi варотамi СССР у краiны Заходняй Еўропы.

Нечаканы статус

Памiж Першай i Другой сусветнымi войнамi на беларускiх землях не сцiхалi ваенныя баталii. Юзэф Пiлсудскi, якi ўзначалiў кiраўнiцтва Польшчы, вырашыў, што яе неабходна аднавiць у межах Рэчы Паспалiтай да ўсiх яе падзелаў, а значыць, завалодаць Беларуссю, Украiнай. Ваенныя дзеяннi працягвалiся з пераменным поспехам больш за два гады. I вось ў сакавiку 1921 года савецкія рэспублікі i Польшча заключылi Рыжскі мiрны дагавор, у вынiку якой апошняя атрымала амаль палову тэрыторый i насельнiцтва Беларусi: мяжа прайшла за некалькi дзясяткаў кiламетраў на захад ад Мiнска па ўмоўнай лiнii Глыбокае — Стоўбцы — Нясвiж — Давыд-Гарадок.

А так станцыя выглядае зараз.

У вынiку невялiкая станцыя Негарэлае ў напрамку Баранавiчаў нечакана набыла ледзь не мiжнародны статус i стала адзiнымi чыгуначнымi варотамi ў краiны Заходняй Еўропы. Сёння, мiнаючы яе ў электрычцы, мала хто здагадваецца, што з 1921 да 1939 года тут размяшчалiся пагранзастава i мытня, а таксама праходзiла «перашыўка» чыгуначных саставаў з больш шырокай рускай каляi на вузейшую еўрапейскую. 

Калiсьцi ў Негарэлым цягнiкi «перастаўлялi» з шырокай рускай каляi на вузейшую еўрапейскую.

— Работнiкi станцыi часта жартавалi, што ў Негарэлым яны бачаць усю Еўропу i Амерыку, — расказвае Уладзiмiр Мiшура, мясцовы краязнаўца, выкладчык гiсторыi, былы дырэктар Негарэльскай сярэдняй школы № 2. — I яны мелi рацыю, бо праз станцыю праходзiў шлях шматлiкiх дэлегацый i гасцей з краiн Заходняй Еўропы i ЗША. Праз Негарэлае праязджалi Уладзiмiр Маякоўскi i Максiм Горкi, Аляксей Талстой i Аляксандр Фадзееў, Стэфан Цвэйг i Рамэн Ралан, Анры Барбюс i Герберт Уэлс, а яшчэ вельмi шмат знакамiтасцей, грамадскiх i палiтычных, культурных i спартыўных дзеячаў. У сярэдзiне 1920-х гадоў на ўчастку Мiнск — Негарэлае праклалi другую лiнiю чыгуначных пуцей. У 1926 годзе адкрыты рэгулярныя чыгуначныя маршруты Уладзiвасток — Масква — Варшава — Берлiн — Парыж праз Мiнск — Негарэлае — Стоўбцы. З Негарэлага пачыналiся маршруты кур'ерскiх транскантынентальных цягнiкоў Негарэлае — Уладзiвасток. Iснаваў заходнееўрапейскi маршрут Парыж — Негарэлае, праз станцыю праходзiў мiжнародны экспрэс Маньчжурыя — Стоўбцы. 

Уладзiмiр Мiшура ведае ўсё пра гiсторыю станцыi Негарэлае.

Паколькi станцыя Негарэлае засталася на савецкай тэрыторыi, людзi тут жылi добра. Работы хапала: асноўным заняткам мясцовага насельнiцтва было абслугоўванне чыгункi, а таксама мытнi. Працавалi i на зямлi: у Дзяржынскiм раёне знаходзiлiся чатыры машынна-трактарныя станцыi, адна з iх размяшчалася ў Негарэлым i мела аж 30 трактароў.

Верагодна, вельмi крыўдна было глядзець на тэхнiку сялянам-заходнiкам, якiя апынулiся пад польскiмi панамi: яны яшчэ аралi на конях. А вiдаць было добра…

Далей ўжо была Польшча...

— Мяжа раздзялiла суседнiя вёскi, у якiх жыла радня, i прайшла па сенажаці памiж iмi ўзаранай паласой, — Уладзiмiр Харытонавiч чуў нямала апавяданняў пра жыццё «пад палякамi». — З аднаго боку працавалi савецкiя беларусы, з другога — польскiя. Гэта была адзiная магчымасць убачыць сваякоў, больш яны нiяк не маглi сустрэцца. Жыхары вёскi Вялiкае Сяло назiралi такую сцэнку: «Сястра, родненькая! Як ты там жывеш?» — крычыць жанчына з польскага боку сенажаці. I тут жа побач узнiкае паляк на канi: «Цо, захцела да бальшэвiкаў, пся крэў?» — i бiзуном перацягвае яе па спiне. 

Сялянскiя гонi адзеты ў кайданы,
У вузкiя межы ўвагнаны палi.
Гаруе там брат наш, гiбее пад панам —
Жахлiвасцю вее з Заходняй зямлi... — пiсаў Якуб Колас.

«Всходнiя крэсы»

Далучаныя беларускiя землi палякi называлi «всходнiмi крэсамi» i ўспрымалi як рынак таннай рабочай сiлы, сыравiнны прыдатак, а таксама месца збыту ўласнай прадукцыi. Будаваць тут буйныя прамысловыя прадпрыемствы, школы, бальнiцы, бiблiятэкi нiхто не збiраўся. Пашыралася хiба толькi сетка каральных устаноў: любыя спробы этнiчнага самавыражэння не проста iгнарыравалiся, а жорстка каралiся. Iнакш як нацыянальным генацыдам гэта назваць нельга. 

— За гады знаходжання ў складзе Польшчы эканамiчны стан Заходняй Беларусi так i не падняўся вышэй за ўзровень 1914 года, — канстатуе Сяргей Трацяк, загадчык аддзела навейшай гiсторыi Беларусi Iнстытута гiсторыi НАН. — Вялiкая эканамiчная дэпрэсiя, якая закранула ўвесь свет, у Польшчу прыйшла са спазненнем i мела разбуральны характар — асаблiва для нашых зямель. Паўночна-ўсходнiя ваяводствы, як iх называлi, заставалiся на апошнiм месцы па вытворчасцi электраэнергii, спажываннi прамысловых i каланiяльных тавараў, мяса. Мiж тым Заходняя Беларусь давала Польшчы велiзарную долю лесаматэрыялаў, сельскагаспадарчай прадукцыi, 41 працэнт вытворчасцi лёну. 

Каб падняць узровень развiцця паўночна-ўсходнiх ваяводстваў, неабходны былi масiраваныя дзяржаўныя капiталаўкладаннi, падтрымка мясцовай прамысловасцi i народных промыслаў, крэдытаванне сялянскiх гаспадарак, падаткi па знiжанай стаўцы, мелiярацыя. Але на гэта польскае кiраўнiцтва не пайшло. Падаткi аказалiся непад'ёмнымi для людзей, пераважная большасць якiх займалася сельскай гаспадаркай. Асаблiвасць заключалася ў тым, што сялянскiя гаспадаркi былi ў асноўным маленькiмi i не маглi атрымаць дастаткова прадукцыi, каб жыць за яе кошт. Сяляне былi вымушаны прадаваць сваё зерне i мяса, каб заплацiць дзяржаўныя i мясцовыя падаткi, а затым на кабальных умовах наймалiся да заможных сялян, асаднiкаў, памешчыкаў, каб выжыць. 

Работнiкi станцыi бачылi розныя дэлегацыi i знакамiтых гасцей.

Польская дзяржава лiчыла беларусаў не асобным народам, а масай, з якой трэба зляпiць палякаў. Адразу ж пачалося наступленне на беларускую школу. У вынiку да 1938/39 навучальнага года не засталося нiводнай школы нi з беларускай мовай выкладання, нi двухмоўнай. З чацвёртага класа школа была платнай, кошт года навучання складаў 280 злотых — на той час вельмi значная сума. Хто мог яе адолець — заканчваў сем класаў i збiраўся ў гiмназiю або лiцэй, таксама платныя. Абавязковая форма для вучняў каштавала ад 100 да 200 злотых, а дзецi растуць. Да таго ж знаходзiлiся гэтыя ўстановы ў гарадах, а значыць, дзiця трэба было адпраўляць на пансiён. За ўвесь міжваенны час у iх вучылiся каля 20 тысяч беларускiх дзяцей у навучальным годзе. Вучоба ж у адзiным унiверсiтэце края — Вiленскiм — была практычна недасягальнай. За 20 гадоў лiк беларускiх студэнтаў у iм рэдка перавышаў 100 чалавек пры агульнай колькасцi ў 1700. 

— Якаснае медыцынскае абслугоўванне для насельнiцтва Заходняй Беларусi было недаступным, — працягвае Сяргей Аляксандравiч. — Напрыклад, на аднаго ўрача ў Палескiм ваяводстве прыходзiлася 35 тысяч чалавек. Гэта не дазваляла змагацца з эпiдэмiямi i iнфекцыйнымi захворваннямi, на нашых заходнiх тэрыторыях гулялi эпiдэмii сыпнога, зваротнага, брушнога тыфу. Да таго ж медыцынскае абслугоўванне было платным. Таму людзi звярталiся да знахароў, i добра калi тыя мелi хоць якiя медыцынскiя веды… 

Мiж iншым, палякi актыўна прапагандавалi турыстычныя паездкi ў паўночна-ўсходнiя ваяводствы. Каб паказаць… як жывуць дзiкуны ва ўмовах амаль першабытнай прыроды. Беларусы ж маглi выехаць у Цэнтральную Польшчу толькi ў пошуках працы. Дарэчы, за 18 гадоў пад юрысдыкцыяй Польшчы на пошукi лепшай долi з'ехалi 280 тысяч жыхароў Заходняй Беларусi. Гэта быў велiзарны стрэс — пакiнуць родны край, але iншага выйсця людзi не бачылi. Мэта была адна: зарабiць грошы, вярнуцца i купiць зямлю. Памятаеце, як у Якуба Коласа: «Купiць зямлi, прыдбаць свой кут, каб з панскiх выпутацца пут». 

Недалёка ад Негарэлага створаны ваенна-гiстарычны комплекс «Старая мяжа», дзе адноўлена пагранiчная застава таго часу.

Святы дзень

— 17 верасня 1939 года стала святым днём для беларусаў! — упэўнены Уладзiмiр Мiшура. — Народ нарэшце аб'яднаўся ў складзе адной дзяржавы. 

Нагадаем, 1 верасня 1939 года гiтлераўская Германiя напала на Польшчу, а ўжо 17 верасня Рабоча-сялянская Чырвоная армiя рушыла ў вызваленчы паход. Дарэчы, мяжу яна перайшла якраз у раёне станцыi Негарэлае. Зразумела, чырвонаармейцы не сустрэлi нiякага значнага супрацiўлення, ды i тое аказвалi жандары, атрады польскага Корпуса аховы пагранiчча. Мясцовае ж насельнiцтва бачыла ў iх сваiх родненькiх збавiцеляў.

Насельніцтва Заходняй Беларусі сустракала чырвонаармейцаў як вызваліцеляў.

— Аднаўленне вызваленых тэрыторый, падцягванне iх эканомiкi i сацыяльнай, адукацыйнай сфер запатрабавала часу i сродкаў, — адзначае Сяргей Трацяк. — Каб iх атрымаць, згортвалi праграмы, прадугледжаныя трэцяй пяцiгодкай, бралi ў пазыку ў саюзнага кiраўнiцтва, iншых саюзных рэспублiк. Ужо ў 1940 годзе ў кожным абласным цэнтры адкрылiся педiнстытуты, па сутнасці, унiверсiтэты, у якiя быў амаль свабодны доступ. Вышэйшая адукацыя каштавала грошай, але зусiм невялiкiх. Савецкая адукацыйная сiстэма была лаяльная да тых, хто не мог плацiць. А за поспехi ў вучобе савецкi студэнт атрымлiваў дзяржаўную стыпендыю. 

Сёння ад мяжы, якая рванай ранай праходзiла праз цела нашай краiны за ракой Сулай, у раёне станцыi Коласава, амаль нiчога не засталося. Аднак недалёка ад Негарэлага створаны ваенна-гiстарычны комплекс «Старая мяжа», дзе адноўлены пагранiчная застава таго часу, будынкi казармы, канюшнi, камендатуры i мытнi. 

Каб памяталі...

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter