В Беларуси разработано антибактериальное покрытие для предметов общего пользования

Мiкроб тут болей не жыве

Статыстыка сведчыць: 15 працэнтаў інфекцый перадаюцца праз прадметы агульнага карыстання. Дзвярныя ручкі, поручні, турнікеты, мэбля — мы дакранаемся да іх сотні разоў на дзень. У транспарце, гандлёвых цэнтрах, кінатэатрах, дзіцячых садах, школах, універсітэтах і іншых месцах масавага збору людзей мы пастаянна рызыкуем падчапіць небяспечныя бактэрыі. У хуткім часе будзем хварэць радзей: аб інавацыйнай тэхналогіі дэзынфіцыравання і абеззаражвання металічных прад­метаў даведалася «Р».

Ганна ПЯНКА: «Пакрыццё надае і дэкаратыўныя ўласцівасці металу. Прадметы можна зрабіць глянцавымі, матавымі, любога звыклага для гэтых вырабаў колеру — ад серабрыстага да чорнага».
Фота аўтара

Па даных Еўрапейскага цэнтра па кантролі і прафілактыцы захворванняў у ЕС, каля 3 мільёнаў чалавек штогод заражаюцца бальнічнымі інфекцыямі, каля 25 тысяч пацыентаў паміраюць ад гэтага. У Беларускім дзяржаўным тэхна­лагічным універ­сітэце прыдумалі, як гэтыя лічбы значна знізіць. За кошт чаго гэта адбудзецца, «Р» растлумачыла аспірант БДТУ і адзін з распрацоўшчыкаў праекта Ганна Пянка:

— Металічныя прадметы і дэталі любой формы апускаюцца ў спецыяльны хімічны раствор, дзе апрацоўваюцца пад токам. Антыбактэрыяльнае пакрыццё наносіцца электрахімічным спосабам. Груба кажучы, дыяксід тытану ўзрывае клеткі бактэрый, не дае разрастацца іх сямействам, таму гіне ўся калонія.

Тэхнолаг тлумачыць: такое антыбактэрыяльнае пакрыццё сур’ёзна памяншае колькасць бактэрый на паверхні металічнага прадмета. Гэта значыць, на 85 працэнтаў зніжае рызыку перадачы небяспечных інфекцый чалавеку, які да яго дакранаецца.

Толькі ўявіце: вы адчынілі некалькі дзвярэй, праехаліся ў тралейбусе, выклікалі ліфт, трымаючыся за поручні, бежыце з лесвіцы. Пасля такіх няхіт­рых рухаў мікробы і вірусы трапляюць на нашы рукі, а затым — на твар. Дарэчы, вучоныя падлічылі: чалавек кранае яго не менш за сотню разоў на дзень. Падумайце, колькі хваробатворных бактэрый мы прыносім з вуліцы дадому!

У транспарце мы пастаянна рызыкуем падчапіць небяспечныя бактэрыі.
Фота formulazdorovya.com

Возьмем, напрыклад, паліклі­нікі і бальніцы. Там паўсюль мета­лічныя прадметы: элементы кушэтак, тумбачак, крэслаў, хадункоў, насілак. Мы дакранаемся да поручняў ложкаў, ліній раздачы ў сталовых — пералічваць рассаднік мікробаў можна доўга. Наведваем гэтыя ўстановы, каб паправіць здароўе, а выходзім з цэлым букетам патэнцыяльных узбуджальнікаў хвароб. Антыбактэрыяльнае пакрыццё сітуацыю ў корані выправіць. Ганна Пянка дадае: у распрацоўкі ёсць яшчэ некалькі відавочных плюсаў — напрыклад, гіпаалергеннасць, зносаўстойлівасць:

— Успомніце поручні ў гра­мадскім транспарце. Пару гадоў службы — і лакафарба на іх трэскаецца. Калі ж металічныя трубы пакрыць новым спосабам, знешні выгляд пагаршацца не будзе. Верхні пласт будзе толькі трохі сцірацца. І не раней чым праз 5 гадоў.

Калі казаць пра каразійную стойкасць, то гэты паказчык таксама на вышыні. Падчас навуковага эксперыменту металічны прадмет з антыбактэрыяльным пакрыццём правёў больш за 200 гадзін у камеры салянога туману. Змяшчэнне ўзору ў такое ​​агрэсіўнае асяроддзе — стандартызаваны метад тэсціравання, які выкарыстоўваецца для вызначэння каразійнай стойкасці ахоўных пакрыццяў. Даследаванні пака­залі: распрацаванае пакрыццё лёгка перанясе ўздзеянне дажджу, снегу і іншых умоў надвор’я, а значыць, можа прымяняцца не толькі ў памяшканнях, але і на вуліцы.

Антыбактэрыяльнае пакрыццё, дарэчы, надае і дэкаратыўныя ўласцівасці металу. Прадметы можна зрабіць глянцавымі, матавымі, фактычна любога звыклага для гэтых вырабаў колеру — ад серабрыстага да чорнага. Дарэчы, па кашальку такая працэдура біць не будзе. Ганна Пянка дэманструе вынікі эканамічных разлікаў:

— У сярэднім адзін квадратны метр антыбактэрыяльнага пакрыцця абыдзецца прыкладна ў 15 рублёў. Уявіце, колькі прадметаў можна апрацаваць на гэтай плошчы.

Сёння распрацоўшчыкі займаюцца атрыманнем патэнта, паралельна праводзяць складаныя тэсты і прамысловыя выпрабаванні. Новую тэхналогію плануюць укараніць у вытворчасць.

Аляксандр Чэрнік, загадчык кафедры хіміі, тэхналогіі электрахімічных вытворчасцей і матэрыялаў электроннай тэхнікі БДТУ, агучвае планы:

— У першую чаргу мы хочам супрацоўнічаць з буйнымі вытворцамі грамадскага транспарту. Таксама ёсць ідэя прадаваць тэхналогію за мяжу, бо прамыя канкурэнты ў нашай распрацоўкі адсутнічаюць.  Падобныя праекты прадстаўля­лі ў Расіі і Швейцарыі, але пакрыццё там даражэй і менш даўгавечнае.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter