Поэт Николай Метлицкий стремится передать в своих произведениях чувства, радость и боль своего народа

Мікола Мятліцкі – дзяжурны па планеце

Паэт называе сябе так, бо імкнецца ў сваіх творах перадаць адчуванні, радасць і боль свайго народа

Лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, Дзяржаўнай прэміі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, аўтар звыш дзясятка паэтычных зборнікаў, пісьменнік Мікола МЯТЛІЦКІ атаясамлівае сябе з дзяжурным па планеце — перадае адчуванні цэлага народа, яго радасць і боль. Тры кнігі прысвяціў чарнобыльскай трагедыі, яго імя ў беларускай літаратуры шчыльна знітавана з гэтай тэмай. Выканаў запавет Івана Мележа, які па-зямляцку наказваў юнаку: «Пішы гэтак сур’ёзна, як я». Колішні першы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Іван Шамякін таксама паверыў у здольнага выпускніка філфака і спадзяваўся, што апраўдае давер і не здрадзіць высокай творчасці. Так і сталася, не падвёў, стварыў вялікую спадчыну, адчуў народную душу.

З Іванам Шамякіным яны пасля моцна пасябравалі, разам ладзілі вечарыны, вандравалі па Беларусі. Але чарговае падарожжа на роднае Палессе было самым горкім: 29 жніўня 1986 года прывезлі ў родны Мятліцкаму Бабчын скрушную вестку аб высяленні. Бадай, кожны пісьменнік прысвяціў хоць бы адзін верш, а то і шэраг кніг малой радзіме, амаль заўсёды творы ўзнёслыя. У Міколы Мятліцкага яны прасякнуты палыном: вёскі Бабчын няма, там працуюць навукоўцы.

Падчас выступлення ў літаратурным музеі Янкі Купалы
 – ХОЙНІЦКІ раён — паўднёвы ўсход Палесся, знакаміты ў нашай літаратуры перш-наперш творчасцю незабыўнага Івана Мележа, яго «Палескай хронікай»: раманамі «Людзі на балоце», «Подых навальніцы» і «Завеі, снежань». Гэта і ёсць духоўная аснова тых мясцін, якія мне ў маленстве выпала пабачыць, — цешыць сябе ўспамінамі Мікола Мятліцкі. Узгадвае ён учэпістую дрыгву, якая падступала паўсюль, і тое, што галоўным клопатам бабуль было ўсцерагчы ўнукаў. Перад вачыма сенажаці на балотных астравах, куды ездзілі з дзядамі і бацькамі. Лазовыя карчы, у якіх стракацелі па вёснах гнёзды сарок. Пасля асушэння птушынае царства адступіла далей, а па былых балотах пралеглі ніткі меліярацыйных каналаў. Ужо такім было Палессе падчас школьнага і студэнцкага юнацтва Мятліцкага.

Аднак гэта яму не перашкодзіла натхніцца творчасцю, дакладней, пераняць яе ад дзеда Яўхіма, які быў тым яшчэ жартаўніком і спраўна рыфмаваў. Кожны, хто сустракаў яго, прасіў прачытаць што-небудзь смешнае. Радкі выклікалі рогат яшчэ і таму, што ўсе героі былі мясцовымі знаёмцамі.

— Я з дзедам малы хадзіў па вуліцы і прыслухоўваўся да яго славы. Водгалас дзяцінства ўсцешліва падбухторваў на ўласную творчасць. Пачаў пісаць вершы ў школьныя гады, дзядулі не стала рана, таму прачытаць іх яму не паспеў. А дапісаўся да таго, што дзяўчаты злавілі неяк на вуліцы і далі добрых кухталёў — выдалі першы належны ганарар, кінуўшы за суседскі плот у крапіву. Сёння з далечы гадоў гэта ўспамінаецца з усмешкай. Як за такія вершы было не адпомсціць? «Прайдзіся вуліцай знаёмай, мая схмялелая душа. / Была б мякчэйшаю салома, то й Надзя будзе хараша», — смяецца Мікола Міхайлавіч. 

Сур’ёзныя радкі прыйшлі разам з першым каханнем да аднакласніцы. Пачынаючы паэт адвёў для іх добры агульны сшытак, які прывёз дзядзька Павел — шахцёр з Урала. Занатоўваў шарыкавай ручкай, якая таксама на той час была незвычайнай рэдкасцю. А прыходзілі вершы звычайна на ўроках.

— Гэты сшытак я патайна трымаў у парце, і ён неяк трапіў на вочы аднакласнікам. Вяртаюся з перапынку, а ўвесь клас з вялікім рогатам чытае мае вершы, а тая прысаромленая дзяўчынка ўся ў слязах. Так я ў адзін момант стаў агульнавядомым школьным паэтам. Аднак не ад гучнай славы, а ад вялікага сораму амаль цэлы тыдзень не хадзіў у школу, — прызнаецца Мікола Мятліцкі.

Няма ліха без дабра. На хлопца звярнулі ўвагу настаўніцы Эмілія Мечыславаўна Купрэйчык, якая вяла рускую мову і літаратуру, і беларускамоўны філолаг Вікторыя Рыгораўна Кулакоўская. Папрасілі паказаць вершы іншага кшталту. Асабліва ўразіў адзін, пра мясцовую таполю, з якой звязаныя вялікія трагічныя падзеі: ля яе ў Бабчыне ў маі 1943 года збіралі сем’і партызан, якія перад смерцю самі сабе капалі магілы ў супрацьтанкавым рове за вёскай. Аўтар чытаў гэты верш на сцэне раённага Дома культуры, за што ціснуў яму руку загадчык райана, а пасля рабіў немалыя захады, каб здольнага вучня перавесці з Бабчынскай школы ў Хойніцкую, якую заканчвалі знакамітыя пісьменнікі Іван Мележ і Барыс Сачанка. Аднак Мікола Мятліцкі на гэтую прапанову не згадзіўся, чым вельмі ўсцешыў сваіх настаўнікаў.

— Эмілія Мечыславаўна адразу падрыхтавала для мяне разгорнутую праграму па літаратуры. Мяне адрывалі ад дзіцячых гульбішчаў, садзілі ў школьную бібліятэку, дзе па некалькі гадзін я пад наглядам чытаў кнігі. Спачатку гэта было пакутай, а пасля вялікім святам душы. На філалагічны факультэт ехаў абсалютна падрыхтаваным, сталеў творча. Ужо сямікласнікам адрасаваў свае лісты ў сталічныя рэдакцыі «Чырвоная змена», «Піянер Беларусі», адкуль атрымліваў цёплыя пісьмы.

ПАСЯБРАВАЎ хлопец і з раённай газетай. Яны з маці якраз капалі грады, калі настаўніца, якая жыла непадалёк на гэтай жа вуліцы, і паведаміла, што назаўтра Міколу запрасілі ў рэдакцыю. Там яго сустрэў малады супрацоўнік, паэт Мікола Хамянкоў, які пасля выдаў цэлую паласу вершаў Мятліцкага са здымкам. Можна сказаць, гэта была першая творчая заваёва юнака. З райгазетай супрацоўнічаў усё актыўней, пісаў нарысы і замалёўкі. А калі на філфаку БДУ прыйшлося ўзяць на год акадэмічны водпуск, спачатку падлячыўся ў санаторыі, набраўся сіл і пяць цудоўных месяцаў правёў штатным карэспандэнтам газеты, вандраваў па Хойніцкім раёне, бліжэй пазнаёміўся з дачарнобыльскай радзімай. 

— І яшчэ я ўдзячны гэтаму перыяду свайго жыцця, што выпала паўдзельнічаць у хвалюючым мерапрыемстве — перазахаванні астанкаў мужнай патрыёткі, юнай парашутысткі Марыі Барысавай, якая загінула на тэрыторыі Хойніцкага раёна. Старшыня Глінішчанскага сельсавета, дзе адбывалася пахаванне, стрыечны брат Івана Мележа Аляксандр Мележ даручыў мне напісаць пра гэтую падзею верш і з ім выступіць. Я прыдумаў баладу, якая, не пабаюся гэтых слоў, адазвалася ў кожным сэрцы, і Хойніччына мяне тады палюбіла па-сапраўднаму, — перакананы Мятліцкі.

Толькі адчуваючы родны край, можна напісаць пра яго шчырыя радкі. Галоўныя творы Міколы Міхайлавіча, звернутыя да радзімы, шчымлівыя. Гэта кнігі «Замкнёны дом», «Палескі смутак», «Бабчын. Кніга жыцця» — паэтычны летапіс вёскі на працягу цэлага стагоддзя. Да гэтага ліку таленавіта дадаліся і наступныя: «Жыцця глыбінныя віры», «Прысутнасць», «Бяссмертнік». Пісьменнік, чыя любая сэрцу старонка засталася за калючым дротам зоны адчужэння, заклікае ў вершах, каб гэты боль быў пачуты ў маштабах усяго чалавецтва: 

— Жывём у пару вельмі значнай прафесійнай адказнасці кожнага за лёс усіх. Думаю, каб у тыя чарнобыльскія часы хапала кампетэнцыі, тэхнагеннае ліха не прыйшло б на нашу зямлю. Чарнобыль перш-наперш вучыць адказнасці перад светам і людзьмі. Мне гэтая тэма дазволіла пачуць і галасы многіх творчых людзей свету. Ведаю, як да нашай Беларусі ставяцца многія замежныя творцы, — гуманізм, дабрыня і чалавечнасць у нас дамінавалі заўсёды, бо гэта той трывалы падмурак, на якім стаіць жыццё.

— Каб паглыбіцца ў творчасць і зацвердзіць сябе ў філалагічнай сферы, не засталіся ў журналістыцы, нават такой няспешнай, як лімаўская…

— Не пайшоў і ў літаратура­знаўства, куды рухаў усімі сіламі мой кіраўнік дыпломнай працы Алег Антонавіч Лойка, нават дамовіўся з акадэмікам Дзмітрыем Ліхачовым у Ленінградзе пра месца ў аспірантуры. Я мог заняцца сур’ёзнай літаратуразнаўчай навукай. Замест гэтага пайшоў у «ЛіМ», гэта была добрая пасляўніверсітэцкая школа на пяць гадоў. Захапіўшыся літаратурай больш сур’ёзна і ведаючы, што буду зай­мацца толькі паэзіяй, уладкаваўся ў выдавецтва «Мастацкая літаратура», на 20 гадоў звязаўшы лёс з кнігай. Пасля на працягу 14 гадоў узначальваў наш старэйшы літаратурна-мастацкі часопіс «Полымя». Са школьных гадоў яго чытаў з вялікім захапленнем, там публікаваўся, бо ў студэнцкія гады мяне звязала вялікае сяброўства з загадчыкам аддзела паэзіі Анатолем Вялюгіным.

— Але сур’ёзныя паэтычныя крокі пачаліся яшчэ на філфаку…

— Так, мы займаліся ў літаб’яднанні «Узлёт» і ўсе разам сталелі. З акадэмічнага водпуску прывёз невялікую паэму пра вёску Зялёны Гай, спаленую карнікамі. Тэма вайны мне балела ўнутры — ведаў крывавую трагедыю нашага роду: ля сіласнай ямы расстраляна сям’я брата майго дзеда Яўхіма, прапала без вестак цётка Маня, вывезены ў Германію бацька. Працуючы над паэмай, у вёсцы Навасёлкі знайшоў нашу сваячку Вольгу Новік, якая з двума малымі сынамі адна ацалела на папялішчы Зялёнага Гаю, выносіла праз балаціны маленькіх дзетак. Не скажу, што твор атрымаўся бездакорны літаратурна, затое ўдаўся лёсава, бо даў магчымасць адзін раз у жыцці сустрэцца і пагаварыць з Іванам Паўлавічам Мележам. З ім, калі аднёс паэму ў Саюз пісьменнікаў, мяне пазнаёміў тады малады літкансультант Анатоль Вярцінскі. Іван Паўлавіч сеў насупраць і доўга глядзеў на мяне хваравітымі сумнымі вачамі, распытваў пра Бабчын і ўдакладняў, ці чуў я што пра яго роднае Глінішча. Натхніў мяне на ўсё жыццё, сказаўшы: «Пішы гэтак жа сур’ёзна, як і я». 

— Філфакаўскае творчае аб’яднанне — кузня літаратурных кадраў, а ў кожнай кузні багата грому, крытыкі і плённай працы. Апрача ўласных твораў, пачынаючыя пісьменнікі спрабуюць перакладаць. І ў вас гэтая прага, як ведаю, засталася на ўсё жыццё.

— У каго атрымлівалася больш дасканала, у каго менш, але галоўныя азы спасцігалі. Савецкая літаратура мела перакладчыцкую практыку ў саюзных рэспубліках, творы актыўна друкаваліся. У Беларусі ў гэтым кірунку заклаў аснову часопіс «Полымя», асабліва ў гады рэдактарства Максіма Танка. Узначаліўшы гэтае выданне, я працягваў традыцыю, кантактавалі з многімі замежнымі пісьменнікамі, выдавалі рубрыкі «Галасы свету» і «У лучнасці братняй». Асабіста ў мяне па-беларуску загучаў вядомы казахскі паэт Абай Кунанбаеў, Інстытут літаратуры Казахстана гэта ацаніў. Перакладаю таджыкскія, кіргізскія, грузінскія, украінскія вершы. І нават падступіўся да Вялікай Кітайскай сцяны. Відаць, не выпадкова мне на дзень нара­джэння зямляк Барыс Сачанка падараваў томік старажытнага паэта Ван Вэя, прачытаўшы, захацелася паглыбіцца ў тамтэйшую творчасць. Падрыхтаваў дзве аўтарскія анталогіі «Пад крыламі Дракона» і «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы», пераклаў «Гімн святлу» Ай Ціна. З даўняй старажытнасці кітайская паэзія была пражэктарам духоўнасці, а праблемы, якія хвалявалі чалавецтва ў V стагоддзі ці раней, актуальныя ў любыя часы і для ўсіх народаў.

— Якім успамінаеце сяб­роўства з Іванам Шамякіным?

— На яго апошнім 80-гадовым юбілеі ў Купалаўскім тэатры выпаў гонар і мне палымяным словам падзякаваць за здзейсненае ў айчыннай літаратуры знакамітаму мэтру, які стаў творчым сімвалам сучаснай эпохі. Як рэдактар «Полымя», я выканаў і апошні запавет Івана Пятровіча — надрукаваў яго дзённікі. І мне прыемна, што ў рамане «Злая зорка» аднаго з герояў аўтар каранаваў маім прозвішчам, на творчых вечарынах адгукаўся пра мяне добрым словам, і тады мае любімыя школьныя настаўніцы мелі хвіліну прафесійнага шчасця — з усяго, што ў мяне ўклалі, нешта атрымалася.

— Дзякуй, Мікола Міхайлавіч, за гутарку! Плённай творчасці!

basikirskaya@sb.by

Фота з уласнага архіва Міколы МЯТЛІЦКАГА. 

У Бабчыне маім шумотна-гола зімы 
Мятуць свае снягі па вуліцы пустой, 
Дзе сны мае усе – бадзягі-пілігрымы – 
Ў хаціне пад вярбой пасталі на пастой. 

Прыносяць мне адтуль узрушлівыя згадкі, 
З адсутнасцю жыцця не згодныя й цяпер: 
То скрыпне пад пятой загучна дошка кладкі; 
То крэкне незнарок разбуджаны асвер; 

То ўсходзіцца дзяркач, шаруючы падлогу, 
Пад даўняю маёй парэпанай ступнёй; 
То я, цыбаты шкет, спацелы, басаногі, 
Аколіцай ганю кароў на вадапой… 

То зноў бярэцца ноч, то ранак засвітае, 
І ўсё – снягі, снягі нясходна-стылых зім. 
І тое, што цяплом знячэўку прарастае, 
Хавае сон пад снег у Бабчыне маім. 

Комін

Я зноў прыехаў на радзіму. 
Цямрэча ў матчыным акне. 
Касмыль твайго жывога дыму 
Хмурын навіслых не кране. 

Астыла печ, даўно пагасла, 
Пусціўшы ў неба дым скупы. 
Звязала долі перавясла 
Гады, як спелыя снапы. 

Стаю прад хатаю, ссівелы, 
Сябе адчуўшы зноў малым. 
І гэты свет абсяжны белы 
Даўно развеяў горкі дым. 

І толькі тут, дзе лёг пустэчай 
Здзічэлы выстылы абсяг, 
Ён, горкі дым, дасюль трапеча, 
Як пераможны смерці сцяг. 

І наглытаўшыся з гадамі 
Яго, удушнага, спаўна, 
На свет я мокрымі вачамі 
Гляджу з разбітага акна. 

Дрот

Ашчэрыў рот 
Калючы дрот 
І мне сказаў: 
Я зону ўсю 
Аперазаў! 
Затым 
пашкроб 
Іржавы лоб 
І зноў сказаў: 
Я зону ўсю 
Падперазаў!
Пасля: хі-хі! 
Ты што, глухі? 
Я сціснуў боль: 
Прайсці 
дазволь!
Ды на ветравеі, 
Што прыгінаў
быльнёг, 
Скруткі дроту, 
Як змеі, 
Абвілі ступні ног. 
— Пабудзь,
пастой, 
Ты — мой, мой, мой… 
Я рушыў 
І чуў, 
як ржавы 
Злуецца, 
Упіваецца калючкамі 
Ў сэрца 
І — рвецца… 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter