Але перш чым правiльна выканаць арыгiнальныя заданнi, трэба памазгаваць разам з аўтарам Мазго! Прывiтальны адрас тым i пачынаецца: «Для розуму зарадка — // У вершах i загадках. // Мазгуйце ўсе да аднаго. // Стварыў яе для вас Мазго». Кнiга, iлюстраваная прыцягальнымi малюнкамi мастака Дзiяны Бецун, адкрываецца загадкавай азбукай.
Патрыятычны тэкст i падтэкст — з першых радкоў: «Быццам белы снег на дол, // Пакрывалам лёг на стол. // Рады госцю беларус, // Засцiлаючы…» Зрыфмавалi i здагадалiся: размова пра белы шырокi i, пэўна, льняны абрус. Гэта як сiмвал беларускага дабрабыту i багатага стала.«Над балотамi клякоча — // У любвi прызнацца хоча, // Мабыць, роднай Беларусi. // Называюць птушку — …» Адказ таксама навiдавоку — бусел. Далей заданнi больш складаныя, дзе сапраўды трэба добра памазгаваць. Вось шарады: «Займеннiк плюс час сутак — // I атрымаеш хутка замест адказу адзiну часу» (тыдзень).
Прапануе аўтар загадкi пра анаграмы, дзе адгаданае слова пры перастаноўцы лiтар мае iншы сэнс. Спачатку быў кош, а ўжо шок, кот ператварыўся ў ток, гул — у луг, а замак — у КамАЗ. У кнiзе таксама загадкi пра амонiмы — гэта словы, аднолькавыя па гучаннi i напiсаннi, але розныя па значэннi. «Сакрэт амонiмаў такi: хоць цёзкi, а не двайнiкi» — прыдумаў iм трапнае азначэнне Уладзiмiр Мазго. Як прыклад, «Падарунак сябруку служыць назвай бальшаку» — той самы гасцiнец, толькi ў розных значэннях.
Незвычайны раздзел у кнiзе — акразагадкi. Тут адказы знаходзiм па першых лiтарах кожнага радка: «Светлы, лёгкi, нiбы пух, // Нечакана лёг на луг. // Едзем зноў на лыжах мы // Гожым покрывам зiмы». Завяршае павучальнае выданне частка з палiндромамi, якiя з двух бакоў чытаюцца аднолькава, пры гэтым не змяняючы сэнс: «У памiдора назваў шмат, // Найбольш вядомая — …» Канечне, тамат — i з якога боку нi чытай, таматам ён i застанецца.
Разнажанравыя заданнi, аздобленыя, нiбыта вянок, прыгожай рыфмай, сведчаць пра вялiкi талент аўтара — i лiнгвiстычны, i паэтычны!
basikirskaya@sb.by