Імя Ксеніі Пагарэлай для беларускіх прыхільнікаў музычнага мастацтва сугучна ўзвышаным гукам аргана. Чвэрць стагоддзя знакамітая беларуская арганістка знаёміць нас з арганнымі творамі вялікіх кампазітараў.
Нязменная салістка канцэртнай залы Полацкага Сафійскага сабора, аўтар ідэі і арганізатар Міжнароднага арганнага фестывалю “Званы Сафii” ў Полацку, удзельнік праекта “Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва” Белдзяржфілармоніі, Ксенія Пагарэлая канцэртуе па краіне, выступае на сцэнічных пляцоўках і ў касцёлах — усюды, дзе ёсць арган, і тым самым выконвае сваю місію — адраджае ў Беларусі арганнае выканаўчае мастацтва. Быццам менавіта дзеля гэтага яна калісьці прыехала ў нашу краіну з Далёкага Усходу.
— Ксенія Максімаўна, калі вы зразумелі, што арган — ваш інструмент?
— У дзяцінстве я вельмі любіла музыку Баха, і мая выкладчыца ў музычнай школе ставіла мне старыя пласцінкі, з якіх гучаў арган. Тады я нават і не думала, што сама буду іграць... Упершыню пачула арган у Домскім саборы ў Рызе. Была вельмі ўражана, дагэтуль памятаю той канцэрт. А потым, калі мне было дваццаць гадоў, ужо ў кансерваторыі ў мяне з’явілася магчымасць асвоіць іншы інструмент, і я выбрала арган. З дзяцінства марыла сыграць у Дрэздэне, і мне там пашанцавала іграць на аргане майстра, які будаваў арганы для Баха. Сам кампазітар не паспеў выпрабаваць гэты арган. Вы не ўяўляеце, як там гучыць музыка Баха — гэта проста космас!
— Фестываль “Званы Сафіі” з 1996 года штогод праходзіць у Полацку. Як у вас атрымалася раскруціць і захаваць гэты некамерцыйны праект?
— Ведаеце, пачыналі з малога. Паступова зразумелі, што за мяжой ёсць цікавасць да нашай краіны, да нашага аргана, сабора. Спачатку выканаўцы прыязджалі да нас нават без ганарараў, каб проста сыграць канцэрт. І выдатныя музыканты — не тыя, каму няма дзе іграць. Знайшліся і слухачы — турысты з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Прыбалтыкі, Польшчы, Літвы, мясцовыя жыхары. Шмат людзей дапамагаюць, часам зусім нечакана — сустрэць, суправадзіць. Бо штат у нас невялікі, некалькі чалавек...
— Якія яшчэ наватарскія праекты, звязаныя з арганам, праходзяць у канцэртнай зале Полацкай Сафіі?
— Мы праводзілі абанементы для дзяцей. Яшчэ ў нас вельмі запатрабаваныя віншаванні маладых. Уявіце: на вяселле прыязджаюць госці з розных гарадоў, краін. І мы віншуем іх і маладых невялікім арганным канцэртам. Зала запоўнена амаль цалкам. Для такога маленькага горада, як Полацк, гэта вельмі добра.
— Напэўна, ёсць задумкі, якія вы яшчэ жадаеце рэалізаваць?
— У Полацку кожную вясну праходзіць Міжнародны фестываль старажытнай і сучаснай камернай музыкі. Палажэнні нашых двух фестываляў прадугледжваюць правядзенне конкурсаў. Дык вось, я жадала б, каб у рамках фестывалю “Званы Сафіі” праходзіў конкурс арганістаў, а ў час правядзення фестывалю камернай музыкі — конкурс піяністаў. Вельмі хацелася б, каб ажыццявілася гэтая задума! Але справа ў тым, што ў музычнай школы ў Полацку няма добрых інструментаў. На тых інструментах, якія там маюцца зараз, праводзіць конкурс немагчыма. І фінансавыя пытанні трэба неяк вырашаць... Ёсць у мяне яшчэ адзін план, пакуль што не рэалізаваны: зрабіць на фестывалі камернай музыкі “бахаўскі акцэнт” — дадаць у праграму два-тры канцэрты музыкі Баха. Тым больш што дзень нараджэння Баха — 21 сакавіка, у час фестывалю.
— Ксенія Максімаўна, дзе вы рэпеціруеце і колькі ў нас у краіне канцэртных арганаў?
— Зараз — у саборы, раніцай або познім вечарам, пасля экскурсій. Арган — не дамашні інструмент. Каб пазаймацца, трэба падняцца а пятай раніцы. А канцэртных арганаў у нас тры — у мінскай і віцебскай філармоніях і Полацкай Сафіі. Усе астатнія арганы — пры касцёлах. У Мінску гэта Архікафедральны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, касцёл Святога Роха, Чырвоны касцёл. У кастрычніку прайшоў фестываль “Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны” ў гарадах Паставы, Камаі, Лучаі і Лынтупы. У Камаях старадаўні арган — яму сто гадоў. У Віцебску ў касцёле Святой Варвары электрычны арган. Пакуль не з’явіўся арган у віцебскай філармоніі, я іграла там. На жаль, прафесійных арганістаў у Беларусі можна пералічыць па пальцах — гэта Ігар Алоўнікаў, Канстанцін Шараў і Уладзімір Неўдах. У Беларусі не хапае арганных майстроў: наладжваць арган да нас раз у пяць-сем гадоў прыязджае майстар з Кіева, са спецыяльным апаратам, пры дапамозе якога можна інтанаваць арганы. Гэта вельмі рэдкі майстар, ён вучыўся на выдатнай фірме ў Швейцарыі. У нас няма спецыяльнасцей па падрыхтоўцы майстроў па абслугоўванні арганаў. Таму людзей трэба пасылаць вучыцца за мяжу.
— Ксенія Максімаўна, зараз праводзіцца шмат даследаванняў уплыву музыкі на псіхаэмацыянальны стан чалавека. Ці праўда, што арган можа дапамагчы разняволіцца, расслабіцца і нават вылечыцца?
— Так, такія водгукі былі, і вельмі шмат: слухачы казалі, што ў іх палепшылася самаадчуванне, прайшоў боль. Некаторыя спяць на канцэртах. Але і гэта добра. Калі чалавек адпачыў за час канцэрта — нічога дрэннага ў гэтым няма, ён расслабіўся, атрымаў сілы. Мая бабуля заўсёды засынала, калі я маленькая іграла на піяніна... Кожнаму чалавеку падыходзіць свой адпачынак.
Фота Вячаслава ДАРОНІНА