Ксендз Кирилл Бардонов о том, почему важно молиться об умерших

Малітоўная памяць

Восень з’яўляецца парой года, якая настройвае думкі чалавека на тое, што на зямлі ўсё калісьці заканчваецца. Ападае лістота з дрэў, зямля перастае прыносіць ураджай. Калісьці закончыцца жыццё кожнага чалавека... У Каталіцкім Касцёле месяц лістапад прысвечаны малітве за памерлых і рэфлексіі над канечнасцю зямнога жыцця. 

У суботу, 2 лістапада, Касцёл будзе адзначаць Успамін памерлых вернікаў, які ў народным календары называецца Дзядамі. Гэты ж дзень у дзяржаўным календары называецца Днём памяці. У гэтым годзе так супала, што Праваслаўная Царква ў гэты ж дзень будзе адзначаць Дзмітрыеўскую бацькоўскую суботу. Назваў многа, але ўсе яны аб’яднаныя адным зместам — успамінам памерлых. 

Памяць тых, хто папярэднічаў нам і завяршыў сваё жыццё, для хрысціян суправаджаецца надзеяй на сустрэчу з імі ў небе. Тэалагічная аснова ўспаміну памерлых — гэта прызнанне чалавечай кволасці. Паколькі нямногія людзі дасягаюць святасці ў гэтым жыцці, але сыходзяць у магілу са слядамі грахоўнасці, ім неабходны нейкі перыяд ачышчэння пасля смерці. Толькі пасля такога ачышчэння яны змогуць канчаткова сустрэцца з Богам у вечнасці. Менавіта за такія душы мы молімся, калі ўспамінаем памерлых.

Выражэннем памяці пра памерлых з’яўляецца навядзенне парадку і запальванне свечак на могілках, працэсіі туды і малітва за памерлых. Апошняе з’яўляецца глыбока хрысціянскай традыцыяй, якая паходзіць з нашай веры ва ўваскрасенне цела і жыццё вечнае. Касцёл просіць асаблівым чынам маліцца за ўсіх памерлых, не толькі за тых, каго мы асабіста ведалі.

Мы разумеем, што смерць — гэта не канец, а пераход. Мы любім сваіх продкаў, нават калі іх ужо няма з намі. І найлепшы спосаб праявіць да іх любоў зараз — гэта прабачыць ім усе крыўды, якія яны прычынілі нам, і маліцца за іх. Калі мы молімся за іх, мы можам прасіць, каб яны маглі палюбіць чыстай любоўю Бога, любоўю, неабходнай для ўваходу ў Валадарства Божае ў нябёсах.

Захоўваючы памяць пра мёртвых, давайце выпрошваць у Бога мір, які мы часамі не цэнім, прасіць, каб людзі больш не паміралі з-за ўзброеных канфліктаў.

Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter