Максімка

За што памятаюць людзі былога старшыню

Гэта наш былы старшыня Клімянок, ці, як звалі яго паміж сабой тутэйшыя людзі, — Максімка. Тады ў яго соткі былі тут. Прапаноўвалі бліжэй да горада ўзяць — не захацеў. Кажа, што тут адчувае сябе як дома.

Успомніла, як маці гаварыла пра Клімянка толькі добрыя словы і шкадавала, што мала зараз такіх старшыняў.

Чаму ж паверылі людзі Клімянку ў далёкім 1953-м? Чаму ўсяго праз нейкіх паўгода ён стаў для вяскоўцаў сваім чалавекам?

На той час у Глыбоцкім раёне правялі калектывізацыю, арганізавалі 105 калгасаў. А неўзабаве было прынята рашэнне аб іх узбуйненні.

Максім Аляксандравіч быў тады пры пасадзе. Спачатку працаваў   старшынёй   Міёр-

скага райвыканкама, пазней загадваў сельгасаддзелам Глыбоцкага райкама партыі. Ды нездарма ж яго лічылі няўрымслівым. Затоеная да пары юнацкая любоў да зямлі адгукнулася ў сэрцы Максіма Аляксандравіча. Захацелася працаваць да сёмага поту, адчуваць натужны боль мазалёў, сустракаць вясковыя світанкі, хадзіць па роснай траве, удыхаючы казытлівы водар сырадою і цёплай раллі. Падаў заяву з просьбай паехаць у калгас.

Сход калгаснікаў. Уласнае выступленне: «… Прыехаў сюды, каб працаваць, а не зарабляць». Слухаць — слухалі, але не верылі.

Не ведалі тады «чапаеўцы», што райкамаўскі прадстаўнік не ў касцюме і пры гальштуку нарадзіўся. З чатырнаццаці год працаваў на пана Рыбнікава. Наймаўся саджаць і капаць бульбу, сена касіць за пяць капеек у дзень. Працаваць трэба было ад душы, бо пан гультаям не плаціў. Хоць і цяжка прыходзілася хлопцу, але патрабавальнасць пана, празмернае імкненне да парадку падабаліся. А якімі смачнымі і салодкімі былі цукеркі-галышы, купленыя на ўласныя грошы!

Цяжкім было становішча ў пасляваенных калгасах. Спецыялістаў не хапала. У касе грошай — ні капейкі. Што можна было ўкрасці, расцягвалі па хатах. Людзям трэба было жыць, а за што, калі заробак — курам на смех: дзесяць капеек за працадзень?

На сходзе калгаснікаў Максім Аляксандравіч прынародна адмовіўся ад зарплаты.

— Буду атрымліваць, як усе, працадні, — сказаў ён.

Трымалі з жонкай карову, парасё было. Усё ж дапамога.

Прыехаў неяк у калгас сакратар райкама, убачыў, што Клімянок пешшу брыгады абыходзіць: «Дзе твой «казялок»? — пытаецца. «Хворага ў бальніцу павёз!» — адказвае той.

Сакратар тут жа выпісаў паперу на пакупку «Волгі» для старшыні. А каштавала тады машына пяць з паловай тысяч рублёў. Машыну купілі, але для ўсіх. На той «Волзе» вазілі хворых у бальніцу, маладыя ездзілі ў ЗАГС запісвацца, парадзіх з дзецьмі з раддому забіралі.

Паступова людзі пачалі верыць слову старшыні. А калі ў 1954 годзе замест дзесяці капеек за працадзень атрымалі па 4 рублі 50, пераканаліся, што толькі ад іх старання і добрасумленнасці залежыць уласны дабрабыт. Калі ж гаварыць наконт добрасумленнасці, то за гады старшынства Клімянка ў калгасе імя Чапаева нікога не асудзілі. Па тым часе гэта была падзея.

Праўда, спачатку Максім Аляксандравіч сам быў за ахоўніка. Злавіў аднойчы «несуна»: цягнуў той дошку. Убачыў старшыню, кінуўся ўцякаць. І прыйшлося тады старшыні схітрыць.

— Стой, а то страляць буду, — крыкнуў наўздагон.

А ў самога ў руках і палкі не было.

Здарэнне абмеркавалі з калгаснікамі, і старшыня «выдаў» аднавяскоўцам маленькую «таямніцу»:

— Ведаеце, люблю я начамі каля складоў і загуменняў прагульвацца.

Выпадкаў крадзяжу больш не было. Але ж пакідаць «больку», не вылечыўшы яе да канца, Максім Аляксандравіч не мог.

— Людзі павінны адчуваць, што калгаснае дабро не нічыйнае, а іхняе. Трэба гэта даказаць кожнаму, — была такая думка.

І даказваў. Хто адчуваў патрэбу ў будаўнічых матэрыялах — выпісваў. У каго карова запусціцца — выдзяляў калгаснае малако. Маўляў, няхай кожная гаспадыня ведае, што ў яе дзве каровы: адна ў хляве, другая — у калгасным статку. Хто захварэе — мёд даваў. Паспеюць яблыкі ў калгасным садзе — садоўнік штодзень па дзве-тры скрынкі на брыгаду вазіў, калгаснікам раздаваў. Каб хоць нечым аблегчыць працу жней, на лета заключаў дамову з пякарняй, і на кожную жанчыну выдзяляў па дзве булкі і па бутэльцы фруктовай вады. Нечуванае раней. Па-чалавечы дбаў пра калгаснікаў старшыня і не заўважаў нават, як «рос» у вачах вяскоўцаў.

— Аб уласным аўтарытэце клапаціцца не было калі, — скажа пазней Клімянок. — А ў сваёй кнізе, што выйшла ў выдавецтве «Ураджай» у 1967 годзе, напіша: «Поспехі не прыйшлі самі па сабе. Каб нечага дабіцца, трэба ўлічваць не толькі «цяглавую сілу» сялян, але і іх псіхалогію і настрой… Ёсць кіраўнікі, якім выгадна толькі тое, што непасрэдна павышае тэмпы вытворчасці… Не можа быць глыбокага падзелу паміж вытворчым і культурным жыццём…»

— Не хлебам адзіным жыве чалавек, — любіў паўтараць старшыня.

Па яго прапанове чапаеўцы пабудавалі ў калгасе клуб. Кіно ў вёсцы паказвалі бясплатна. Па суботах машына прывозіла моладзь з далёкіх вёсак на танцы. Працавалі ў клубе драмгурток, бібліятэка, не аднойчы праводзіліся тэматычныя вечары, канферэнцыі чытачоў. Запрашалі артыстаў са сталіцы. А кожнае вяселле ў калгасе было ўрачыстай падзеяй, бо на маладых ускладалі вялікія надзеі.

Наладжаны паціху побыт людзей даваў сілы і настрой, веру і выдатныя вынікі. Так, у 1963 годзе прыбытак гаспадаркі складаў 600 тысяч рублёў. Праз два гады ён узрос яшчэ на 200 тысяч. Ураджай збожжавых у 1966 годзе склаў 35 цэнтнераў з гектара, а бульбы — ажно 250. Ніжэй планавага быў сабекошт мяса, малака. Літр малака, напрыклад, каштаваў 12 капеек пры плане 15.

Не раз даводзілася мне бачыць Максіма Аляксандравіча ў святочнай калоне ветэранаў Вялікай Айчыннай, сярод заслужаных работнікаў сельскай гаспадаркі. Не сагнуўся ён пад цяжарам перажытага, не схіліўся перад цяжкасцямі. Паблісквалі на грудзях ордэны і медалі. Адлівала пазалотай Залатая зорка Героя Сацыялістычнай Працы.

Восем год адпрацаваў на пенсіі. Пасля жыў у Глыбокім. Штодня, ледзь-ледзь раскратаецца золак, заводзіў старэнькія «Жыгулі». То на соткі спяшаўся, то народным кантралёрам на падмогу, то яму заступіцца за каго трэба, то на пасяджэнні выступіць...

Калі мы сустракаліся апошні раз, Максіму Аляксандравічу было за дзевяноста. Нягледзячы на ўзрост, ён быў рухавы, у добрым настроі. Напэўна, таму, што заўсёды адчуваў за спіной моцны тыл: жонка — прыгажуня суседка Галіна — стала вернай спадарожніцай на ўсё жыццё. Ніколі ні ў чым не пярэчыла, згаджалася, падтрымлівала. Выхавалі траіх дзяцей: двух сыноў і дачку. Сцяпан добраахвотнікам пайшоў на фронт. Сам Леанід Брэжнеў пад Наварасійскам уручаў яму партыйны білет. Малодшы Уладзімір працаваў у Арле, а дачка Валянціна жыла непадалёку.

Максім Аляксандравіч прызнаваўся, што без жонкі, без дзяцей, наогул без добрых людзей, не быў бы шчаслівым. Шчасце, лічыў ён, — гэта сумленная праца сярод сумленных людзей, праца, да якой ляжыць душа. Яму пашчасціла на чулых, спагадлівых людзей.

Простымі, даверлівымі і шчырымі былі чапаеўцы. Ён прызнаваўся, каб давялося пражыць жыццё наноў, выбраў бы тую ж сцяжынку. Праз цяжкасці і раздарожжы, праз церні, але абавязкова да зорак. І пастараўся б аддаць людзям яшчэ больш.

...Ведаюць пра Клімянка дзеці і ўнукі тых, хто ў далёкім пяцьдзясят трэцім разам са старшынёй пачынаў працаваць ва ўзбуйненым, але даволі бедным калгасе. Кожную суботу збіраецца моладзь у Вярхнянскі дом культуры, які збудаваны быў калісьці на месцы старога клуба. Гамоняць шапаткія бярозавыя алеі, наліваецца яблычнай чырванню калгасны сад. Усё гэта было ўзведзена і пасаджана пры Клімянку, па яго ініцыятыве і пры яго актыўным удзеле. Ён «пасадзіў» і «вырасціў» у свядомасці людзей дрэўцы веры ў справядлівасць, веры ў чалавека, дрэўцы надзеі на лепшае жыццё.

Галіна СУТУЛА

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter