Сёлета Арганізацыя Аб’яднаных Нацый адзначае 70-ю гадавіну з дня заснавання. Сваю насычаную біяграфію мае і цеснае ўзаемадзеянне Беларусі з ААН. Пра гэта паспрабуем расказаць у цэлай серыі матэрыялаў, якія прапануем у бліжэйшых нумарах. Сёння — першая публікацыя.
ААН сёння — гэта 193 краіны і больш за трыццаць арганізацый, якія ўваходзяць у яе склад. Мэты Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, як вядома, былі выкладзены ў Статуце адразу ж пасля Другой сусветнай вайны. І па гэты час яны застаюцца нязменнымі: падтрымліваць мір на планеце, развіваць дружалюбныя адносіны паміж нацыямі, ажыццяўляць міжнароднае супрацоўніцтва дзеля паляпшэння ўмоў жыцця малазабяспечаных людзей, барацьбы з голадам, хваробамі і непісьменнасцю, садзейнічаць павазе правоў і свабод чалавека. Інакш кажучы, ААН рэалізуе сваю дзейнасць у пяці асноўных напрамках, а менавіта: мір і бяспека, развіццё, правы чалавека, міжнароднае права і гуманітарная дапамога. Так ужо павялося, што яе місія часта ўспрымаецца накіраванай галоўным чынам на забеспячэнне бяспекі ў свеце. Але работа ў сферы развіцця не менш важная. Нездарма сёння яна носіць глабальны характар. Шматлікія арганізацыі больш як у 170 краінах свету ў нашы дні ажыццяўляюць сваю дзейнасць з мэтай забеспячэння ўстойлівага развіцця для лепшага і дастойнага жыцця людзей.
Сямейную фотавыставу “Тысячы адкрыццяў” у Мінску арганізаваў Фонд ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА)
Беларусь актыўна ўдзельнічала ў дзейнасці Арганізацыі Аб’яднаных Нацый з моманту яе заснавання, з’яўляю-чыся адной з 50 дзяржаў, якія падпісалі Статут ААН у Сан-Францыска ў 1945 годзе. Краіна стала таксама першай з рэспублік былога СССР, якая адкрыла ў сябе Прадстаўніцтва Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у 1992 годзе. Усяго сёння ў склад пашыранай сям’і ААН у Беларусі ўваходзяць 13 суб’ектаў — Праграма развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ПРААН), Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ), Фонд народанасельніцтва ААН (ЮНФПА), Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ), Упраўленне Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах бежанцаў (УВКБ ААН), Упраўленне ААН па барацьбе з наркотыкамі і злачыннасцю (УНЗ ААН), Аб’яднаная праграма ААН па ВІЧ/СНІД (ЮНЭЙДС), Дэпартамент грамадскай інфармацыі ААН (ДГІ ААН), Міжнародная арганізацыя працы (МАП), Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя Аб’яднаных Нацый (ФАО), Сусветны банк, Міжнародная фінансавая карпарацыя (МФК), Міжнародны валютны фонд (МВФ) і Міжнародная арганізацыя па міграцыі (МАМ), якая супрацоўнічае з ААН. Гэтыя агенцтвы аб’яднаны ў рамках сістэмы Пастаяннага каардынатара ААН з мэтай звесці разам свае намаганні для дасягнення найбольш адчувальных вынікаў.
Супрацоўніцтва паміж ААН і Беларуссю, несумненна, носіць узаемавыгадны характар. У той час як Арганізацыя Аб’яднаных Нацый прадастаўляе краіне, напрыклад, фінансавую, гуманітарную, экспертную дапамогу, Беларусь адкрывае сябе свету і дэманструе свае дасягненні і памкненні
Супрацоўніцтва паміж ААН і Беларуссю, несумненна, носіць узаемавыгадны характар. У той час як Арганізацыя Аб’яднаных Нацый прадастаўляе краіне, напрыклад, фінансавую, гуманітарную, экспертную дапамогу, Беларусь адкрывае сябе свету і дэманструе свае дасягненні і памкненні.
На працягу апошніх больш як двух дзясяткаў гадоў ААН ажыццяўляла сваю дзейнасць сярод усяго беларускага грамадства. Важна і тое, што адна з асноўных пераваг гэтай работы заключаецца ў трывалым партнёрстве, якое стваралася на працягу доўгага часу. У аснову партнёрства, упэўнены ў Місіі, пакладзены аб’ектыўнасць, узаемны давер, празрыстасць, эфектыўнасць і справаздачнасць. Супрацоўнічаючы з нацыянальнымі партнёрамі — Урадам, грамадзянскім грамадствам і навуковай супольнасцю, прыватным сектарам і царквой, — а таксама з міжнароднымі, Арганізацыя збліжае іх з мэтай змены жыцця да лепшага.
Пастаянны каардынатар ААН Санака Самарасінха ў дзіцячым садзе ў Ветцы Гомель-скай вобласці. Праект ПРААН/ЕС “Развіццё раёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС”
Шырокі дыяпазон супрацоўніцтва ААН і Беларусі ўключае, сярод іншага, вырашэнне пытанняў у такіх сферах, як энергетыка, ахова навакольнага асяроддзя, міграцыя, ахова здароўя, устойлівае эканамічнае развіццё, прыватны сектар і дзяржаўна-прыватнае партнёрства, кіраванне, мясцовае і рэгіянальнае развіццё, развіццё турызму, гендарная роўнасць, абарона дзяцей, дапамога людзям з абмежаванымі магчымасцямі, наступствы Чарнобыля і многае іншае.
У Рэспубліцы Беларусь пражывае больш за паўмільёна чалавек з абмежаванымі магчымасцямі. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый садзейнічае краіне ў далучэнні да Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў, якая на дадзены момант ужо ратыфікавана 152 краінамі.
Як паказвае статыстыка, Беларусь паспяхова дасягнула практычнаўсіх Мэт развіцця тысячагоддзя. Яшчэ пятнаццаць гадоў назад узровень беднасці быў істотным, а цяпер ён складае ўсяго 4 працэнты. Ахоп школьнай адукацыяй складае больш за 99 працэнтаў. Усяго толькі за тры гады Беларусь паднялася на 15 пазіцый, заняўшы ў 2014 годзе 53-е месца па Індэксе чалавечага развіцця ААН
У лістападзе мінулага года ў Беларусі была арганізавана і праведзена міжнародная канферэнцыя па пытаннях умацавання нацыянальных механізмаў у сферы абароны дзяцей ад нядбайнага, жорсткага абыходжання, насілля і эксплуатацыі. Праблема дзіцячага траўматызму з’яўляецца выключна сур’ёзнай у краіне, і ААН цесна супрацоўнічае з Урадам і грамадзянскім грамадствам на ўзроўні прыняцця рашэнняў для рэалізацыі мер у гэтай сферы.
2015 год, як вядома, аб’яўлены Годам моладзі ў Рэспубліцы Беларусь. ААН таксама ўносіць у парадак дня цэлы шэраг мерапрыемстваў, якія адносяцца да моладзі, у тым ліку да маладых людзей з уразлівых груп. Прадстаўніцтва ААН, у прыватнасці, працуе над фарміраваннем нацыянальнага Маладзёжнага кансультацыйнага савета, у склад якога ўвойдуць прадстаўнікі моладзі з розных сацыяльных груп. Гэтыя маладыя беларусы змогуць агучыць праблемы моладзі ў рамках дзейнасці ААН і, адначасова, гарантаваць, што інтарэсы і патрэбы моладзі будуць прыняты да ўвагі не толькі на праграмным узроўні арганізацыі, але і на ўзроўні нацыянальнай палітыкі.
На міжнароднай канферэнцыі “Умацаванне тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і ААН у сферы развіцця: падвядзенне вынікаў, новыя перспектывы і магчымасці”
Варта адзначыць, што на працягу многіх гадоў шэраг агенцтваў ААН супрацоўнічала з Рэспублікай Беларусь у вырашэнні глабальнай праблемы, якая тычыцца сферы гандлю людзьмі. Летась па ініцыятыве Беларусі Генеральнай Асамблеяй ААН быў аб’яўлены Сусветны дзень барацьбы з гандлем людзьмі. Агенцтвы ААН актыўна працуюць з ахвярамі гандлю людзьмі, а таксама ўмацоўваюць патэнцыял мясцовых спецыялістаў праваахоўных органаў ды іншых арганізацый для гэтай работы. Гістарычна сярод бежанцаў, якія імкнуцца атрымаць прытулак у Беларусі, ёсць выхадцы з Сірыі, Афганістана і краін Афрыкі, аднак у святле нядаўніх падзей больш за 30 тысяч чалавек перасеклі мяжу Украіны і прыбылі ў Беларусь на працягу апошняга года. І яны таксама маюць патрэбу ў атрыманні пэўнай дапамогі. УВКБ ААН з’яўляецца вядучым агенцтвам, якое займаецца праблемамі бежанцаў.
Безумоўна, ёсць таксама такія важныя сферы, як ахова навакольнага асяроддзя і эканамічнае развіццё. Агенцтвы ААН і, у прыватнасці, ПРААН на пра-цягу шэрага гадоў займаліся рэалізацыяй праектаў, накіраваных на паляпшэнне сітуацыі ў гэтых сферах. Рэспубліка Беларусь вядомая як “лёгкія Еўропы”. Значную частку яе тэрыторыі займаюць лясы. У тым ліку і ў сувязі з гэтым краіна вельмі сур’ёзна падыходзіць да вырашэння пытанняў, звязаных з аховай навакольнага асяроддзя. Прадстаўніцтва ААН аказвае дапамогу і супрацоўнічае з рознымі ведамствамі, у тым ліку з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання, Дэпартаментам па энергаэфектыўнасці, экалагічнымі недзяржаўнымі арганізацыямі па такіх пытаннях, як змена клімату, захаванне біяразнастайнасці і кіраванне адходамі, экалагічная адукацыя і абарона водных рэсурсаў, экалагічная палітыка і жыцця-здольныя гарады на аснове прынцыпаў зялёнай эканомікі.
У галіне эканамічнага развіцця ААН прыкладае намаганні па аказанні дапамогі ў прадастаўленні больш шырокіх магчымасцяў для дзейнасці прыватнага сектара ў Беларусі. Сёння дзяржава пра-цягвае рэгуляваць дзейнасць больш як 60 працэнтаў галін эканомікі. Але ў наш час Урад прызнае той факт, што прыватнаму сектару неабходна прадаставіць большае поле для дзейнасці. З дапамогай ААН аказваецца экспертнае садзеянне ва ўмацаванні нацыянальнага патэнцыялу з мэтай стварэння ў Беларусі эфектыўна функцыянуючага механізму дзяржаўна-прыватнага партнёрства.
Святкаванне Міжнароднага дня Маці-Зямлі на балоце Барценіха (Валожынскі раён) — месцы рэалізацыі праекта ПРААН/ГЭФ “Біяразнастайнасць” і “Тарфянікі-2”
Закранаючы пытанні аховы навакольнага асяроддзя і эканамічнага развіцця, не варта выпускаць з-пад увагі праблемы, звязаныя з наступствамі Чарнобыльскай аварыі. Беларусь з’яўляецца краінай у найбольшай ступені пацярпелай ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Аварыя адбылася ў непасрэднай блізкасці ад мяжы, па гэты час 400 квадратных кіламетраў земляў знаходзіцца ў “зоне адчужэння”. Негатыўнае ўздзеянне на жыццядзейнасць праяўляецца не толькі ў зоне адчужэння, але і ў раёнах, якія мяжуюць з ёй. Праз 29 гадоў усё яшчэ існуе неабходнасць у правядзенні вялікага аб’ёму работ і прыняцці мер па забеспячэнні бяспекі насельніцтва. Задачы, звязаныя з ліквідацыяй наступстваў Чарнобыльскай аварыі, сярод іншых адлюстраваны ў Рамачнай праграме Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па аказанні дапамогі дзеля развіцця.
Ахова здароўя, без сумнення, з’яўляецца адной з найбольш прыярытэтных сацыяльных сфер у Рэспубліцы Беларусь. Агенцтвы ААН ажыццяўляюць дзейнасць у галіне барацьбы з інфекцыйнымі захворваннямі, у прыватнасці, сухотамі і ВІЧ/СНІДам, а таксама неінфекцыйнымі захворваннямі. Сотні чалавек прахо-дзяць курс антывіруснай тэрапіі, што дае магчымасць прадухіліць новыя выпадкі заражэння ВІЧ. Сухоты з’яўляюцца пагрозай, з якой сусветная супольнасць змагалася на працягу доўгага перыяду часу. Дзякуючы сумесным намаганням у Беларусі за апошнія пяць гадоў штогадовае захворванне рознымі формамі сухот зменшылася на тысячу выпадкаў, у два разы скарацілася смяротнасць, выкліканая гэтай хваробай. Тым не менш, і цяпер яшчэ застаецца праблема, звязаная з лячэннем устойлівых формаў сухот, на што ўказвае статыстыка захворвання. Таксама існуе праблема распаўсюджанасці сардэчна-сасудзістых захворванняў і раку. Праблемы, звязаныя з высокім узроўнем спажывання тытунёвых вырабаў і алкаголю, а таксама з недастатковай папулярызацыяй здаровага ладу жыцця, выклікаюць усё большую і большую занепакоенасць у краіне.
Як паказвае статыстыка, Беларусь паспяхова дасягнула практычна ўсіх Мэт развіцця тысячагоддзя. Яшчэ пятнаццаць гадоў назад узровень беднасці быў істотным, а цяпер ён складае ўсяго 4 працэнты. Ахоп школьнай адукацыяй складае больш за 99 працэнтаў. Усяго толькі за тры гады Беларусь паднялася на 15 пазіцый, заняўшы ў 2014 годзе 53-е месца па Індэксе чалавечага развіцця ААН. Нягледзячы на тое, што дзякуючы паспяховаму супрацоўніцтву паміж Беларуссю і ААН многія мэты былі дасягнуты, усё яшчэ, як і ў многіх краінах з сярэднім узроўнем даходаў, застаюцца праблемы, якія патрабуюць свайго вырашэння.
Аналізуючы дасягнутыя вынікі і далейшыя планы, відавочна, што ААН гатовая і ў далейшым аказваць дапамогу Рэспубліцы Беларусь у дзейнасці, накіраванай на ўстойлівае развіццё краіны. Міжнародная дапамога Арганізацыі па-ранейшаму з’яўляецца важным інструментам у рэалізацыі сацыяльна-эканамічных рэформаў з мэтай садзеяння ўстойліваму развіццю краін з пераходнай эканомікай. Але мае вялікае значэнне не толькі фінансавая і тэхнічная дапамога. Перадача экспертных ведаў і абмен досведам адыгрываюць вялікую ролю, асабліва для такіх краін, як Беларусь. У рэгіянальным і глабальным кантэксце партнёрства з’яўляецца важным інструментам для паспяховай рэалізацыі праграм і забеспячэння ўстойлівасці вынікаў. Цяпер Урад Беларусі завяршае распрацоўку Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця на перыяд да 2030 года, у якой будуць вызначаны нацыянальныя прыярытэты краіны на наступныя пятнаццаць гадоў.
У свой час Урад звярнуўся з просьбай да ААН аказаць садзеянне ў распрацоўцы стратэгіі. Другая Рамачная праграма Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па аказанні дапамогі Рэспубліцы Беларусь у мэтах развіцця на 2016-2020 гады, якая ў наш час знаходзіцца ў стадыі завяршэння, арыентавана на нацыянальныя прыярытэты, вызначаныя краінай. Указаная праграма таксама цесна звязана з Парадкам дня ААН у галіне развіцця на перыяд пасля 2015 года і накіравана на аказанне падтрымкі краіне ў тых сферах, дзе гэта найбольш неабходна.
Распрацоўка праекта Рамачнай праграмы ААН заняла амаль увесь мінулы год. Яна засноўвалася на прыцягненні і самым актыўным удзеле нацыянальных партнёраў з усіх сектараў. Кульмінацыяй працэсу напісання Праграмы стала правядзенне ў студзені буйной міжнароднай канферэнцыі “Умацаванне тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і ААН у сферы развіцця: падвядзенне вынікаў, новыя перспектывы і магчымасці”, арганізаванай сумесна Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь і агенцтвамі сістэмы ААН. У канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі 22-х агенцтваў, міжнародныя партнёры па развіцці з 39 краін, ключавыя нацыянальныя партнёры з пяцідзесяці дзяржаўных органаў і трыццаці няўрадавых арганізацый, а таксама прадстаўнікі прыватнага сектара, моладзі, навуковых устаноў, нацыянальных і міжнародных банкаў. Гэта была ўнікальная магчымасць сабраць разам вельмі разнастайную аўдыторыю для плённых дыскусій і абмену меркаваннямі, для прэзентацыі платформы міжнародным і нацыянальным партнёрам, каб абмеркаваць практычныя аспекты прадастаўлення дапамогі краіне і разгледзець новыя формы супрацоўніцтва на бліжэйшую перспектыву.
Выступаючы на канферэнцыі, Пастаянны каардынатар сістэмы ААН у Рэспубліцы Беларусь Санака Самарасінха, падкрэсліў: “Работа ААН у Беларусі засноўвалася і ў далейшым будзе засноўвацца на ўмацаванні партнёрстваў, якія дадуць магчымасць змяніць жыццё людзей, асабліва тых, хто больш за ўсё мае патрэбу ў нашай дапамозе. Раней я казаў, што ААН з’яўляецца своеасаблівым акном, якое дапамагае ўбачыць Беларусь такой, якая яна ёсць на самай справе. І для Беларусі гэта таксама “акно” ў свет, каб пазнаць яго лепш. У Беларусі ёсць шмат таго, што можна прапанаваць сусветнай супольнасці, і я спадзяюся, што ААН зможа ёй дапамагчы ў гэтым. Але сёння я хацеў бы памяняць маё параўнанне. Акно ўсё ж падразумявае, што нехта стаіць знадворку і глядзіць унутр праз яго, або наадварот — знутры пазірае на вуліцу. Я хацеў бы, каб ААН была адкрытымі дзвярамі, дапамагаючы людзям заходзіць і выходзіць, пазнаваць адзін аднаго і станавіцца сябрамі”.
Веніямін Міхееў