Как празднуют Коляды и что ставят на стол в белорусских деревнях

Куцця распачынае Каляды

У каталікоў сёння завяршаецца Адвэнт — асаблівы час, перыяд чакання Божага Нараджэння

Увечары 24 снежня сем'і збіраюцца на вігілію з поснымі стравамі, апоўначы ідуць на пастэрку — адмысловую Імшу на Раство. А ўвогуле сёння таксама пачынаюць святкаваць Каляды — народнае зімовае свята. Сімвал калядаў у каталікоў — певень ды васьміканечная калядная зорка. Традыцыйна працягваюцца яны 12 дзён: з 24 снежня (6 студзеня) па 6 (19) студзеня — з Каляды да Вадохрышча. Гэта спрадвек адзін з найважнейшых абрадаў і свят у гадавым коле народных земляробчых традыцый беларусаў. З усталяваннем хрысціянства Каляды прымеркавалі да Нараджэння Хрыстова і Хрышчэння Гасподняга. 

У нашай краіне хрысціянская абраднасць святкавання шчыльна пераплецена з народнымі святочнымі звычаямі. Карэспандэнты «СГ» паглядзелі, як калядуюць на Маладзечаншыне, і сабралі цікавыя традыцыі і рэцэпты з іншых рэгіёнаў.

Калядоўшчыкі ў аграгарадку Маркава Маладзечанскага раёна.

Ці прынята калядаваць у прадстаўнікоў каталіцкай кан­фесіі і як науогул праводзіць свята «па-даўнейшаму»? Намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч не адзін год вывучае абрады ў сваім рэгіёне, дзе як раз шмат вернікаў каталіцкага веравызнання. 

— Напрыклад, Каляды ў Адэльску Гродзенскага раёна адзначаюць ужо з вечара 24-га, які называюць «вігілійным», — распавядае яна. — У перакладзе з лацінскай мовы «вігілія» — «чуваць, не спаць, пільнаваць», «начное няспанне», у праваслаўным абрадзе тое ж азначае сачэльнік. Лічылася, што да вігілійнага стала абавязкова трэба запрасіць любога выпадковага госця, каб не паўтарыць грэх тых, хто не пусціў пераначаваць Святую Сям'ю перад нараджэннем Хрыста, прымусіўшы Марыю нарадзіць Дзіця ў стайні. 

Стол, за якім збіраюцца родныя, засцілаюць белым абрусом, пад які абавязкова кладуць трошкі сена як напамін пра нараджэнне Хрыста не ў нейкім палацы, а ў просценькай стайні. Назаўтра сена, што ляжала пад абрусам, аддавалі свойскай жывёле. Таксама раней верылі, что ў 12 гадзін хатнія жывёлы размаўлялі чалавечай мовай і падслухванне такой размовы прыносіла шчасце.

У цэнтры ставяць запаленую свечку (сімвал Віфлеемскай зоркі) і кладуць на талерку аплаткі, часам таксама фігурку нованароджанага Езуса і Евангелле. За святочнай вячэрай родныя і блізкія дзеляцца аплаткам, выказваючы пры гэтым шчырыя словы прабачэння, зычаць адзін аднаму Божай ласкі на добрыя ўчынкі. Аплатак, спечаны з мукі і вады, сімвалізуе Хрыста, які, прыняўшы чалавечае цела, аддаў сваё жыццё за ўратаванне чалавецтва.

Святочныя аплаткі ў Адэльску.

З ежы падаюць толькі посныя стравы. Многія гаспадыні стараюцца, каб іх было менавіта 12 — па ліку апосталаў. Акрамя кашы ёсць рыба, макавае малачко з баранкамі, ламанцы, аўсяны кісель, грыбы або грыбная поліўка, вараныя буракі, прыпраўленыя арэхамі ці чарнаслівам, і, канешне, куцця. Асноўнымі кампанентамі яе традыцыйна лічыліся пшаніца, мак і мёд — сімвалы дастатку і пладавітасці. Дарэчы, пра калядную куццю няма згадак у Евангеллі, але гэта традыцыя перадаецца з пакалення ў пакаленне. У мясцовых жыхароў абавязкова на багатую куццю існаваў звычай  шчадраваць (хадзіць па хатах з віншаваннямі), калядоўшчыкам клалі ў торбы сала, сырыя каўбасы, блінцы, сыр. 

«Па хатах калядуе моладзь ды дзеці. І мы кожны раз чакаем! Абавязкова частуем. Мужчынам паўлітра паставім, а дзецям рублёў трохі дасі, якіх пячэнняў, яблык, апельсін», — успамінала жыхарка Адэльска Зоф'я Парачанкова.

На Маладзечаншчыне абрад калядавання і вячэры на куццю вельмі падобны. Загадчык Маркаўскага сельскага дома культуры Вольга Капіца дзеліцца усмапінамі з дзяцінства: 

— Я нарадзілася ў вёсцы Юхавічы, што непадалёк ад Маркава, працавала ў калгасе заатэхнікам і намеснікам старшыні гаспадаркі. Пасля скончіла другі універсітэт і стала настаўнікам працоўнага навучання і педагогам-арганізатарам, выкладала 15 гадоў ў школе. З верасня прыйшла у клуб. Вельмі шкадую, калі сыходяць старыя людзі, а з імі і традыцыі, і матэрыяльная культура. Але мы стараемся захоўваць іх разам з народным калектывам «Маркаўчанка».

Загадчык Маркаўскага сельскага дома культуры Вольга Капіца.

У некаторых мясцінах падчас Калядаў водзяць бусла ці жураўля. На Маладзечаншчыне традыцыйныя героі народнага пераапранання — Баба, Мужык, Цыган і Цыганка, Мядзведзь, Механоша, Каза… У Маркавічах іх ролі выконваюць мясцовыя жыхары Тамара Эгерт, Марына Чарняўская, Ганна Кулеш, Таццяна Страдаева, Марыя Ха­дзюнь, Ірына Карташэвіч. Мы сталіся сведкамі рэпетыцыі абраду.

Едуць, едуць Калядкі, 

Вязуць бліны-аладкі…

Сустрэлі ў Маркава традыцыйным калядным спевам. А пасля ў скокі вый­шла каза, а Цыган прадставіў мядзве-дзя са смаргонскай «акадэміі»… І той таксама павесяліў гаспадароў сваімі выбрыкамі. Жарты, песні, усмешкі і абавязковы пачастунак. 

У калядны час адзначаем тры куцці: дзве бедныя і адна багатая, — адзначае Вольга Георгіеўна. — У нашай сям'і звычай: 6 студзеня ўсе едзем да мамы ў вёску на куццю, яна захоўвае традыцыю сена пад абрусам і 12 страў: гарох, прыгатаваны ў печы, пярлоўка, поліўка (суп з сушаных грыбоў), кісель, абаранкі (простыя і з макам), аладкі, рыба. 

Вольга Георгіеўна прыгатавала і прапанавала пакаштаваць некаторыя мясцовыя стравы, таксама традыцыйныя для зімовых свят. Па-першае, гэта верашчака — суп з мяснымі костачкамі, у які дабаўляецца мука. Закусваюць яе тымі самымі «блінамі-аладачкамі». Посны стол не абыходзіцца без бульбы і квашанай капусты, шматлікіх варэнняў. На салодкае — фірменнае поснае пячэнне гаспадыні. Як кажа сама Вольга Георгіеўна, «амаль з нічога». Для цеста патрэбна 10 сталовых лыжак расолу, 10 сталовых лыжак цукру, 8 сталовых лыжак алею і 0,5 сталовай лыжкі соды. Дадаць можна і імбір, і мак, і арэхі — у залежнасці ад густу гаспадыні. Калі маса запеніцца, дадаем 2,5 шклянкі мукі. Выпякаецца на процвіні. 

Калі пачынаеш удумвацца ў сімволіку, разумееш, што многія калядныя абрады накіраваны на захаванне роду, — дзеліцца Вольга Георгіеўна. — Напрыклад, у Маркава, калі заўважалі, што хлопцу падабаецца дзяўчына, здымалі цішком ў ноч на Каляды ў яго вароты і няслі да дзеўкі. Зараз нават некаторыя людзі здымаюць і хаваюць іх самі, каб потым не шукаць. Таксама бабылі павінны былі плаціць калядоўшчыкам «даніну» за тое, што не ажаніліся. Тое ж датычылася новажонаў года, калі ў іх не нарадзілася дзіця. 

Добры вечар, шчодры вечар… Калі на захадзе Раство звязана з гусем, то ў некаторых беларускіх сем'ях фаршыруюць парася. Такім рэцэптам падзялілася з намі кіраўнік аматарскага аб'яднання «Гаспадыня» Мётчанскага сельскага дома культуры Барысаўскага раёна Людміла Кажэўка. Галоўнае ў ім — мядоцкая начынка. Пячонку, ныркі, легкія трэба адварыць і прапусціць праз мясарубку. Асобна адварыць лапшу. Можна спякчы і пасекчы проснакі, падсмажыць цыбулю на масле 

Усе гэта пасаліць, пакрышыць, яшчэ дабавіць тушчу. Выкласці ў жароўню ці цыганок, — дадае Людміла Уладзіміраўна. — Паставіць у печ, ці у духоўку. Такой начынкай можна фаршыраваць парася. 

Метадыст Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Браслаўскага раёна Вольга Букіс адзначае, што ў іх мясцовасці ў залежнасці ад сезона, каляндарных свят змяняўся склад страў. Найцікавейшымі і архаічнымі з'яўляюцца стравы, якія ўжываліся падчас посту і на першую (посную) куццю. Па традыцыі яна павінна была складацца з 12 страў. На Браслаўшчыне гэта куцця, селядзец, бульба, смажаная рыба, сырая капуста, маслюк (піражкі з хлеба і канапель), грыбы, сліжыкі (клёцкі з макам), хлеб, сухарыкі або баранкі, кісель з журавін і аплаткі.

Метадыст Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Браслаўскага раёна Вольга Букіс.

Перад Калядамі білі кабана, на стале з'яўлялася шмат мясных страў: халадзец, рулеты, вантрабянка, галавізна, крывянка, — дадае Вольга Паўлаўна. — З мяса і капусты рабіліся капусцянікі (галубцы). Яшчэ на Каляды рабілі дзяшуры. Гэта своеасаблівая назва клёцак з душамі. Казалі: калі на стале іх няма, значыць, бедна жывеш. З'яўляліся і мочаныя яблыкі, галоўкі кіслай капусты, парэзаныя і аблітыя алеем. 

Які стол прыгатаваць зараз, вырашае кожная гаспадыня. Галоўнае — шчодра прыправіць яго добрым калядным настроем. 

yasko@sb.by

Фото Аляксандра ГОРБАША і з архіва Вольгі БУКІС.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter