Купаловский театр отмечает 104-летие со дня основания

Сёння, 14 верасня, тэатр імя Янкі Купалы святкуе 104-ю гадавіну са дня заснавання. Да гэтай даты купалаўцы прымеркавалі шэраг урачыстых мерапрыемстваў і падзей.


Першае, што кідаецца ў вочы, калі падыходзіш да галоўнага тэатра краіны — вялікія плакаты з асноўнымі перыядамі развіцця Купалаўскага, якія з’явіліся на фасадзе будынка. На плакатах можна убачыць партрэты славутых артыстаў-купалаўцаў мінулага стагоддзя, даведацца пра знакамітыя спектаклі. Акрамя таго, унутры будынка, на ўзроўні бельэтажа, купалаўцы прэзентавалі партрэтную галерэю артыстаў, рэжысёраў і мастакоў, паўплываўшых на тэатральнае жыццё Мінска і краіны. Ідэя стварэння такой галерэі належала галоўнаму мастаку Купалаўскага тэатра, народнаму мастаку Беларусі Барысу Герлавану. Па яго задуме, партрэты артыстаў размесціліся ў тым жа парадку, у якім самі дзеячы мастацтва прыходзілі служыць у тэатр.

Асобна змяшчаюцца фотаздымкі Фларыяна Ждановіча, Еўсцігнея Міровіча, Уладзіміра Крыловіча, Канстанціна Саннікава, Льва Літвінава і Валерыя Раеўскага — людзей, якія стаялі ў вытокаў Купалаўскага і лічацца заснавальнікамі тэатра і носьбітамі яго традыцый. Сам Барыс Федасеевіч прыйшоў у тэатр ў 1950-х гадах і памятае мноства артыстаў з гэтых фотаздымкаў.


— Вось заснавальнікі, якія адкрывалі тэатр, вось Платонаў, Глебаў, Яроменка, Браварская, Малчанаў... Усе нашы выбітныя акцёры, заслужаныя, народныя артысты. Праз гэтыя партрэты перадаюцца ўсе пачуцці акцёраў, іх эмоцыі, і перажыванні. Дзякуючы ім наш тэатр быў на ўздыме, лічыўся пятым на ўвесь Савецкі саюз. Купалаўскі добра ведалі за мяжой, запрашалі да сябе. Трупа была выдатная, было цікава назіраць за іх працай, за рэпетыцыямі. Гледачы тэлефанавалі і пыталіся, ці выйдзе сёння на сцэну гэты акцёр, калі можна будзе ўбачыць яго ў гэтай ролі? Прыходзілі паглядзець не на спектакль, а на акцёраў. Прайшло шмат гадоў, але і зараз так робяць. Гэта такая «ўнутраная кухня», — упэўнены Барыс Герлаван.


Генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Аляксандр Шастакоў, у сваю чаргу, заўважыў:

— Прозвішчы гэтых людзей настолькі знакамітыя, што мы не можам не захаваць іх у гісторыі тэатра. І наведвальнікі тэатра, прыходзячы да нас на спектаклі, змогуць убачыць гэтую галерэю, гэтую гісторыю развіцця тэатра ў асобах, узгадаць вядомыя імёны і натхніцца гэтак жа, як натхняемся і мы. Многія нашы супрацоўнікі, як і Барыс Федасеевіч, штодзень сустракаліся з гэтымі артыстамі, дапамагалі ім. І сёння ўсім вельмі прыемна ўзгадаць тыя гады і тую частку свайго жыцця, якая была звязаная з легендарнымі для краіны асобамі. Вось, напрыклад, партрэт Здзіслава Стомы — гэта вядомы артыст, які быў часткай трупы Купалаўскага і прымаў удзел у стварэнні спектакляў. Яго сваячка таксама працуе сёння ў нашым тэатры.


Нададаем таксама, што на першым паверсе тэатра знаходзіцца шэраг фотаздымкаў артыстаў, якія служаць у тэатры сёння. Так у адным месцы сустракаюцца мінулае і сучаснасць.

Акрамя таго, за нагоды дня нараджэння Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы падпісаў пагаднення аб творчым супрацоўніцтве з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы. Абедзве ўстановы аб’ядноўвае не толькі імя народнага паэта БССР, але і той факт, што гэты год стаў для іх юбілейным (у Купалаўскім тэатры распачаўся 105-ы сезон, а Купалаў Дом адзначыў 80-годдзе з пачатку дзейнасці).


— Здаецца, мы сёння разам з Купалам. Ён быў лепшым сябрам творчага калектыву. Наведваў спектаклі, прысутнічаў на рэпетыцыях, удзельнічаў у абмеркаваннях і заўсёды дапамагаў акцёрам і рэжысёрам тэатра пазнаць гісторыю роднага краю, багацце фальклору. У наступным годзе мы будзем адзначаць 100 гадоў з моманту прысваення Янку Купалу звання народнага паэта. Пастанова была прынята 10 чэрвеня 1925 года, а святкавалі якраз у Беларускім дзяржаўным тэатры 23 чэрвеня 1925 года. Гэта яшчэ адзін напрамак нашай дзейнасці. Сёння працягваецца сяброўства Купалавага Дома і Купалаўскага тэатра, і пагадненне аб супрацоўніцтве паміж нашымі ўстановамі — гэта крок на ўмацаванне нашых адносін у напрамку сацыяльных праектаў, — падкрэсліла дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна Галінская.


Адразу пасля падпісання пагаднення абедзве ўстановы прадставілі першы сумесны для тэатра і музея праект: адкрыццё «месца Купалы» ў ложы глядзельнай залы. Супрацоўнікі музея Янкі Купалы знайшлі ў архівах згадку пра тое, што Пясняр сапраўды абіраў пэўнае месца падчас сваіх візітаў у тэатр. І з сённяшняга дня гэтае месца будзе адзначана спецыяльнай шыльдай у памяць пра Янку Купалу. У якасці падарунка тэатру Ганна Васільеўна ад імя калектыву музея Янкі Купалы ўручыла дырэктару тэатра ліст з успамінамі Ларысы Гарэцкай пра тое, што гэта сапраўды тое самае месца, на якім сядзеў Купала: «Амаль нязменна сустракаліся з Янкам Купалам, які звычайна сядзеў у левай ложы, ля самай сцэны».


Першым, хто заняў гэтае асаблівае месца, стаў ганаровы госць Купалаўскага тэатра — унучаты пляменнік народнага паэта Віктар Аўлачынскі. Ён жа ўрачыста адкрыў «месца Купалы».

— Хачу выказаць удзячнасць усім супрацоўнікам музея і тэатра за памяць аб творчасці Янкі Купалы! Вялікі дзякуй, што запрасілі мяне на гэтую сустрэчу! — адзначыў Віктар Мар’янавіч.


— Наша гісторыя дужа абшырная, гэтаму будынку ўжо больш за 134 гады, ён двойчы быў рэканструяваны. Купалаўскі ў розныя гады называўся і Мінскім гарадскім тэатрам, і Беларускім дзяржаўным тэатрам, і быў названы імем народнага паэта, і потым атрымаў званні акадэмічнага і нацыянальнага. Але адлік гісторыі мы вядзем менавіта з 14 верасня 1920 года. І сёння мы, купалаўцы з тэатра і з музея, змаглі дакрануцца да гэтай гісторыі, — дадаў дырэктар тэатра Аляксандр Шастакоў.


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter